Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму падае рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў і старшыня Гомельскага абласнога аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктар Карніенка

(Валер Карбалевіч: ) “Паводле зьвестак Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі зноў панізіўся: з 31% у сьнежні мінулага году да 26% у красавіку гэтага году. Важным чыньнікам зьяўляецца тое, што адбываюцца якасныя зьмены ў электаральным асяродзьдзі. Зрухі адбываюцца сярод тых людзей, якія падтрымлівалі Лукашэнку.

Так, толькі 40% з тых, хто галасаваў за яго падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, гатовыя зноў падтрымаць беларускага кіраўніка. Прычым, нават сярод пэнсіянэраў — найбольш прыхільнай да Лукашэнкі часткі электарату — толькі 52% гатовыя зноў за яго галасаваць. А сярод праціўнікаў кіраўніка дзяржавы дамінуюць людзі 30–50 гадоў.

Якая прычына такіх зрухаў у грамадзкай сьвядомасьці? Якія чыньнікі найбольш паўплывалі на гэтую тэндэнцыю?”

(Аляксандар Сасноў: ) “Найперш, на мой погляд, прычына ў тым, што Лукашэнка ня выканаў сваіх перадвыбарчых абяцаньняў. Паводле нашых апытаньняў, колькасьць тых, хто апынуўся за мяжой беднасьці, павялічылася з восені 2001 году, то бок з моманту прэзыдэнцкіх выбараў, у 1,5 разу.

Па-другое, у 2001 годзе выбарцы спадзяваліся, што Лукашэнка ў свой другі тэрмін зьменіць іх жыцьцё да лепшага. Пры адказах на пытаньне, ці ў правільным кірунку разьвіваецца нашая дзяржава, тых хто казаў “так” і “не” было прыкладна аднолькава. Цяпер колькасьць людзей, якія лічаць, што Беларусь разьвіваецца ў няправільным кірунку, у тры разы больш за тых, хто лічыць наадварот. Сёньня ўжо ня толькі маладыя і адукаваныя людзі адмоўна ставяцца да дзяржаўнай палітыкі. Да такой думкі схіляецца ўжо і значная частка былога электарату Лукашэнкі, напрыклад, пэнсіянэры. Галоўная прычына гэтатай зьявы — пагаршэньне сацыяльна-эканамічных умоваў”.

(Віктар Карніенка: ) “На мой погляд, на гэтую тэндэнцыю ўплывае некалькі чыньнікаў. Па-першае, Лукашэнка губляе свой электарат, бо падчас выбараў 2001 году былі вычарпаныя ўсе рэсурсы. За тыя крэдыты, якія выдаваліся тады дзеля павышэньня зарплаты, сёньня трэба разьлічвацца.

Зьніжаюцца заробкі. Напрыклад, у нас у Гомелі на аб’яднаньні “Гомсельмаш” некалі заробак даходзіў да 300 даляраў, а сёньня там шмат хто атрымлівае менш за 20 даляраў. Прычым, гэтае падзеньне адбылося дастаткова хутка.

На настроях электарату Лукашэнкі дрэнна адбіліся праблемы ў сацыяльнай сфэры. Больш за ўсё кіраўнік дзяржавы згубіў аўтарытэт сярод пэнсіянэраў. Сацыялягічныя зьвесткі я магу пацьвердзіць уласнымі назіраньнямі. Павышэньне камунальных тарыфаў адбылося вельмі рэзка і жорстка. Пэнсіі затрымліваюць, за кватэру плаціць няма чым, а між тым пачынае расьці пэня за нясвоечасовую аплату тарыфаў.

Пэўны ўплыў аказалі перагібы ў прапагандзе. Жахі Азаронка і Зімоўскага не збываюцца. Людзі пачынаюць больш аб’ектыўна глядзець на падзеі. Людзям вельмі цяжка прызнаваць свае памылкі. Некаторыя яшчэ ня страцілі сваіх надзеяў на Лукашэнку з 1994 году. Але ўсё больш людзей пачынаюць прызнаваць свае памылкі й разумець, што Лукашэнка ня ў стане навучыцца працы прэзыдэнта”.

(Карбалевіч: ) “І ў мінулым бывалі пэрыяды, калі эканамічнае становішча ў краіне пагаршалася, напрыклад, падчас расейскага дэфолту 1998 году. Аднак, гэта не адбівалася значна на рэйтынгу Лукашэнкі. Яму заўсёды эфэктыўна ўдавалася зваліць віну на другіх. Такая спроба была зробленая і цяпер. Усім памятнае тое паседжаньне, калі Лукашэнка абвінаваціў урад у павышэньні камунальных плацяжоў, назваў гэта разбоем, патрабаваў “ні кроку наперад” у росьце камунальных тарыфаў. Аднак тое, што спрацоўвала раней, цяпер не спрацоўвае. Больш за палову апытаных лічаць, што Лукашэнка вінаваты ў росьце гэтых тарыфаў. Чаму ня маюць плёну ранейшыя піараўскія прыёмы?”

(Сасноў: ) “Справа ў тым, што насельніцтва пачынае разьбірацца, хто за што адказвае. Нашае апытаньне паказвае, што больш 70% людзей ведае, што менавіта Лукашэнка прызначае ўрад, губэрнатараў. І таму віну за ўсе праблемы таксама ўскладаюць на яго. Таму рэйтынг Лукашэнкі пачаў зьніжацца. І піараўскія акцыі не дапамагаюць”.

(Карніенка: ) “У 1994 годзе падчас сустрэчы Лукашэнкі з дэпутатамі мясцовых саветаў ён заявіў аб сваім курсе на зьмяншэньне ролі саветаў як органаў улады. Старшыня Гомельскага гарадзкога савету сказала яму, што ў такім выпадку і адказнасьць за ўсё ў краіне прыйдзецца браць на сябе. На што Лукашэнка адказаў, што ён гатовы за ўсё адказваць і не баіцца такой адказнасьці.

А цяпер Лукашэнка ўсё часьцей імкнецца перакласьці адказнасьць на іншых. Гэтая сытуацыя аб’ектыўная, ад яе нікуды ня дзецца. Каб зьняць зь сябе віну, трэба шукаць ворагаў, якія займаюцца сабатажам і іншае. Гэта патрабаваньне жанру. Рэпэртуар гэтага тэатру ня можа быць разнастайным. Усё часьцей яму даводзіцца рабіць і гаварыць адно і тое ж. А ёсьць такая народная прымаўка: “Калі хочаш схлусіць, трэба як мага часьцей казаць праўду”. Усе тлумачэньні Лукашэнкі ўжо надакучылі, а новыя варыянты знайсьці цяжка.

Яшчэ адзін чыньнік падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі ўзьнік нядаўна. Гэта рэальная пагроза трэцяга тэрміну ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Гэта пужае людзей, якія пачынаюць бачыць, што ўсе ягоныя рэсурсы вычарпаныя, а навучыцца працаваць лепш ён ня можа, ня здольны стварыць каманду, увесь час шукае ворагаў. Усе гэтыя чыньнікі ў спалучэньні і мяняюць грамадзкую думку, зьніжаюць рэйтынг дастакова папулярнага ў мінулым лідэра”.

(Карбалевіч: ) “Апытаньне пачалося праз тыдзень пасьля пачатку ірацкай вайны, а закончылася яшчэ да яе пераможнага для ЗША заканчэньня. То бок, яно ішло пад акампанэмэнт агрэсіўнай антыамэрыканскай і антываеннай прапаганды дзяржаўных СМІ. Прычым, такая прапаганда ішла ва ўнісон і з грамадзкай думкаю ўнутры краіны, і з расейскай інфармацыйнай палітыкай, і вялікай антываеннай і антыамэрыканскай хваляй, якая праходзіла ў сьвеце.

Цьвёрдая пазыцыя Лукашэнкі супраць вайны, здавалася б, павінна была павысіць ягоны рэйтынг. Узмацненьне зьнешнепалітычнага напружаньня заўсёды спрыяла росту папулярнасьці беларускага кіраўніка. Так было падчас вайны НАТО супраць Югаславіі ў 1999 годзе. Нават невялікае падвышэньне рэйтынгу Лукашэнкі ў сьнежні мінулага году экспэрты тлумачылі беларуска-расейскім канфліктам, жорсткай пазыцыяй кіраўніка Беларусі ў гэтым канфлікце. Некаторыя экспэрты прагназавалі і цяпер той жа эфэкт. Але гэтага не адбылося. А чаму цяпер гэты чыньнік не спрацаваў?”

(Сасноў: ) “Тут таксама шмат розных чыньнікаў. Па-першае, павышаецца рэйтынг Пуціна ў беларускім грамадзтве, нягледзячы на праблемы ў беларуска-расейскіх дачыненьнях у мінулым годзе. Больш узважаная пазыцыя Расеі ў адносінах да вайны ў Іраку больш спадабалася насельніцтву, чым пазыцыя Лукашэнкі.

Па-другое, Ірак даволі далёка ад Беларусі ва ўсіх сэнсах. Гэта не браты-югаславы, а мусульмане. Таму для беларусаў вайна ў Іраку — гэта штосьці вельмі далёкае, што не закранае нас. Таму і не спрацавала актыўная рыторыка супраць вайны і супраць дэмакратыі ўвогуле”.

(Карніенка: ) “Я згодны з тым, што Ірак — вельмі далёкая і незразумелая для большасьці беларускіх людзей краіна. І шукаць аналёгіі нават з Сэрбіяй нельга. Як заўсёды, Беларускае тэлебачаньне няўмела займалася прапагандай. Больш за тое, гістэрыка Лукашэнкі наконт вайсковай падрыхтоўкі, вучэньняў “Чыстае неба”, каб Беларусь не паўтарыла Ірак, не пайшло яму на карысьць. Тут я не згодны з спадаром Сасновым, таму што ў насельніцтва зьяўляецца адчуваньне нейкай пагрозы. Людзей пужае тое, што супраць Беларусі могуць быць уведзеныя санкцыі. Навошта запрашаць да сябе Хусэйна?

Палітыка Лукашэнкі мае сэнс толькі ў тым, што абараняўся не ірацкі народ, а брацкі рэжым, які падобны на сёньняшні беларускі рэжым, зразумела, з пэўнымі адрозьненьнямі.

Акрамя таго, у Беларусі ўсё больш людзей пачынае разумець, што мы ня звышдзяржава. І ўся прапагандысцкая кампанія нагадвала тую вядомую сытуацыю, калі моська гаўкала на слана. І ўсё гэта разам не дадало аўтарытэту Лукашэнку”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, красавіцкіае апытаньне зафіксавала пэўныя зрухі ў грамадзянскай сьвядомасьці. Тыя прыёмы і мэтады ўзьдзеяньня на насельніцтва, якія раней забясьпечвалі патрэбны вынік, цяпер даюць збоі. Страчваецца давер да кіраўніка дзяржавы, а значыць, ягоная легітымнасьць. Чым далей, тым больш узмацняецца тэндэнцыя захаваньня ўлады не з дапамогаю народнай падтрымкі, а сілай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG