Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму захоўваецца запазычанасьць за энэргарэсурсы?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак і аглядальнік нашага радыё Міхал Залескі

(Валер Карбалевіч: ) “Галоўным пытаньнем паседжаньня прэзыдыюму ўраду ў аўторак была праблема запазычанасьцяў за расейскі газ. Можна меркаваць, што гэта адзін з практычных вынікаў нядаўніх перамоваў у Маскве прэм’ераў Беларусі й Расеі.

Праблема запазычанасьцяў за энэргарэсурсы ня новая, а вельмі старая. Яна ўзьнікла адразу ж пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці і не зьнікае з парадку дня выканаўчай улады, пэрыядычна абвастраецца, асабліва ўзімку.

Апошні час беларускія ўлады прыкладаюць даволі вялікія намаганьні, каб зьменшыць вастрыню гэтага пытаньня. Яны дамагліся, каб большую частку газу Расея прадавала па ўнутраных расейскіх цэнах. Былі павышаныя жыльлёва-камунальныя тарыфы. Пасьля газавага крызысу пры канцы мінулага году былі прынятыя строгія пастановы ўраду. Адно з гэтых рашэньняў надае Міністэрству энэргетыкі права не пастаўляць энэргарэсурсы прадпрыемствам і ўстановам, якія маюць значныя запазычанасьці.

І тым ня менш, вастрыня пытаньня не зьмяншаецца. З інфармацыі аб паседжаньні прэзыдыюму ўраду стала вядома, што эканоміка Беларусі мае запазычанасьці нават па бягучых плацяжам (прыкладна 20 мільёнаў даляраў на 1 красавіка). Застаюцца не ліквідаваныя і старыя запазыкі. Якая прычына такой сытуацыі?”

(Тацяна Манёнак: ) “Прычына такой сытуацыі ў тым, што прынцыпова нічога не памянялася ў беларускай эканоміцы. Зь лістапада мінулага году беларуская эканоміка працуе ў рэжыме жорсткай эканоміі энэргарэсурсаў. Урад рабіў жорсткія захады ў адносінах да тых дырэктараў прадпрыемстваў, якія своечасова не аплачвалі энэргарэсурсы. Шэраг кіраўнікоў былі зьнятыя з пасадаў.

Але праблема застаецца. Таму што беларуская эканоміка зьяўляецца нерэфармаваная. Яна не прыстасоўваецца да рынкавых умоваў, не праводзіцца рэструктурызацыя.

Улады рабілі захады, каб зьнізіць энэргетычную нагрузку на прадпрыемствы. Лукашэнка патрабаваў ад энэргетычных канцэрнаў зьніжэньня сваіх выдаткаў. Пасьля таго, як Беларусь стала атрымліваць газ па ўнутраных расейскіх цэнах, прыкладна на 310 мільёнаў даляраў была зьніжаная фінансавая нагрузка на прадпрыемствы. Нашыя прадпрыемствы крыху ўздыхнулі з палёгкаю.

Але гэта не прынцыповае рашэньне праблемы, а толькі касмэтычныя меры. Бізуном многа зрабіць нельга. Усе адміністрацыйныя меры, якія прынятыя, ужо вычарпалі свой станоўчы эфэкт. Цяпер патрэбныя прынцыповыя эканамічныя рашэньні. На адным з паседжаньняў Клюбу дырэктараў, на якім я прысутнічала, дырэктары казалі: “Колькі можна ціснуць на прадпрыемствы, усе магчымасьці ўціску ўжо выкарыстаныя”. Таму патрэбная новая эканамічная праграма, якой пакуль няма”.

(Міхал Залескі: ) “Тут можна правесьці такое параўнаньне. Ёсьць такі афарызм, што праца займае ўвесь адведзены для яе час. Кожная структура захоўвае свае структурныя прапорцыі. Калі фінансавая нагрузка на прадпрыемствы зьменшылася, то гэта дае пэўны эканамічны эфэкт, а потым яно пачынае працаваць па тых правілах, якія для яго вызначаныя.

Калі паглядзець статыстыку апошняга дзесяцігодзьдзя, то зь яе вынікае наступная заканамернасьць. Прыкладна палову запазычанасьцяў за газ дае прамысловасьць, 1/5 частку — жыльлёва-камунальная гаспадарка, 1/6 частку — сельская гаспадарка. Гэтая прапорцыя захоўваецца незалежна ад фінансавай нагрузкі на прадпрыемствы, таму што яна закладзеная ў структуру нацыянальнай эканомікі”.

(Карбалевіч: ) “Павышэньне камунальных плацяжоў улада тлумачыла тым, што трэба разьлічвацца з Расеяй за энэргарэсурсы. Зараз высьвятляецца, што нягледзячы на гэтае павышэньне, запазычанасьць усё роўна застаецца. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую акалічнасьць?”

(Манёнак: ) “Міхал ужо заўважыў, што камунальныя плацяжы ў агульнай структуры запазычанасьці займаюць толькі 1/5 частку. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, наша насельніцтва аплачвае прыкладна 60% расходаў на гэтую сфэру. Але дакладнасьць гэтых ацэнак выклікае сумненьне. Па меркаваньнях незалежных экспэртаў, насельніцтва ўжо аплачвае ўсе 100% расходаў камунальнай сфэры. Таму што няма празрыстых схемаў аплаты. І ў такіх варунках лёгка можна схаваць безгаспадарчасьць. І камунальнікам такая сытуацыя выгадная. Патрэбнае рэфармаваньне камунальнай гаспадаркі. Бяз гэтага навесьці тут парадак будзе вельмі цяжка.

Вядома, што павышэньне камунальных плацяжоў мела нэгатыўны рэзананс у грамадзтве. Улада ня можа гэтага ня ўлічваць. Раней кіраўнікі ўраду казалі аб тым, што праз 1–2 гады перакрыжаванае субсыдаваньне будзе ліквідаванае. Цяпер урадоўцы кажуць, што ў гэтым годзе насельніцтва будзе плаціць 50% расходаў камунальнай сфэры. Але калі ўжо цяпер гэтая лічба дайшла да 60%, то ў найбліжэйшы час для насельніцтва камунальныя плацяжы павышацца ня будуць”.

(Залескі: ) “У нас эканоміка шмат у чым залежыць ад экспарту. Дзеля таго, каб падтрымліваць усю эканоміку, трэба экспартаваць усё больш прадукцыі. Трэба ж карміць калгасы, камунальную гаспадарку, тыя 40% прадпрыемстваў, якія стратныя. І атрымліваецца сытуацыя, як у сельскай гаспадарцы: чым больш калгасы выпрацоўваюць мяса, тым больш яны стратныя. Так і тут: чым лепш працуюць прадпрыемствы, тым больш яны вымушаныя плаціць за энэргарэсурсы. І чым большы экспарт, тым большая запазычанасьць за энэргарэсурсы. Таму прамысловасьць і трапіла ў заганнае кола”.

(Карбалевіч: ) “У чым сэнс захадаў ураду дзеля рэструктурызацыі запазычанасьці, адмены штрафаў за нясвоечасовую аплату энэрганосьбітаў? Што гэта дасьць, якія праблемы вырашыць?”

(Манёнак: ) “На паседжаньні ўраду 8 красавіка было вырашана, што да 10 красавіка цяперашняя запазычанасьць за энэрганосьбіты павінна быць зьліквідаваная. Я пацікавілася ў Міністэрстве энэргэтыкі, якім чынам гэта можа адбыцца. І мне адказалі, што будуць браць крэдыты.

Урад разумее, што акрамя адміністрацыйнага бізуна павінен быць і пернік. І такім пернікам сталіся рашэньні аб рэструктурызацыі запазычанасьці. Прэм’ер Навіцкі сказаў, што будзе замарожаны лічыльнік. Гэта азначае, што запазычанасьць ня будзе індэксавацца для прадпрыемстваў АПК на працягу пяці гадоў, а для прамысловых прадпрыемстваў — на працягу двух гадоў. Гэта такі экспэрымэнт. Прадпрыемствы атрымаюць невялікую палёгку. Плянуецца, што ў іх зьявіцца стымул плаціць за энэргарэсурсы.

На мой погляд, такое імкненьне ўраду ліквідаваць запазыкі за газ выкліканая яшчэ і тым, што ў найбліжэйшы час павінны пачацца перамовы з “Газпрамам” аб стварэньні сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу”. Сёньняшняя запазычанасьць перад “Газпрамам” — каля 150 мільёнаў даляраў, гэта крыху менш, чым траціна статутнага фонду “Белтрансгазу”. “Газпрам” імкнецца атрымаць сваю долю ў кошт беларускіх запазыкаў. А Беларусь хоча атрымаць ад расейцаў жывыя грошы. Таму ўрад імкнецца ліквідаваць запазыкі ды ісьці на перамовы з моцнымі козырамі.

У кантракце аб пастаўках газу Беларусі на гэты год прадугледжана, што Беларусь павінна аплачваць грашыма 100% гэтых паставак, прычым 30% — авансам. У рэальнасьці грашыма аплачваецца крыху больш, чым 80%. Пра аванс няма і гаворкі”.

(Залескі: ) “Дзеяньні ўраду нагадваюць дзеяньні маракоў, якія змагаюцца за плывучасьць карабля. Спачатку змагаюцца за тое, каб плыць у вызначаным кірунку, потым — каб проста плыць, а пад канец — каб не патануць. Дык вось наш урад знаходзіцца ўжо на трэцім этапе. Паказчыкі платаздольнасьці прадпрыемстваў, то бок суадносіны паміж тымі грашыма, якімі яны рэальна валодаюць, і тымі сумамі, якія яны завінаваціліся, — вельмі дрэнныя. У такой сытуацыі галоўнай мэтай ураду павінна стаць падтрыманьне дзеяздольнасьці тэхналягічнай сыстэмы эканомікі краіны”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, якія б захады не рабіў урад, якія б пастановы не прымаў, праблема запазыкаў за энэрганосьбіты, у першую чаргу за газ, не вырашаецца. А яна палягае ў тым, што нерэфармаваная беларуская эканоміка, сацыяльная сфэра наўпрост ня ў стане аплачваць спажываныя энэрганосьбіты. Яны спажываюць больш, чым могуць плаціць. Таму рашэньне праблемы палягае не ў рэструктурызацыі запазычанасьці, а ў рэструктурызацыі й рэформах эканомікі й сацыяльнай сфэры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG