Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле афіцыйнай статыстыкі, зніжаюцца паказчыкі ўзроўню жыцьця насельніцтва


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і аглядальнік нашага Радыё Міхал Залескі.

(Валер Карбалевіч: ) “Як паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу, у студзені 2003 году рэальныя заробкі ў Беларусі зьнізіліся на 9% у параўнаньні са сьнежнем 2002 году. Гэты статыстычны факт паказальны. Але ня толькі ў тым сэнсе, што канстатуе пагаршэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва. Аб гэтым сьведчыць шэраг ускосных паказчыкаў, сацыялягічныя апытаньні ды іншае.

Тут цікава тое, што афіцыйная статыстыка ўвесь час спрабуе даваць аптымістычны малюнак. А вось зараз нават паводле афіцыйных зьвестак эканамічнае становішча ў Беларусі пагаршаецца.

Спадар Злотнікаў, у сваіх артыкулах вы даволі скептычна ставіцеся да афіцыйнай статыстыкі, сьцьвярджаеце, што апошнім часам ніякага эканамічнага росту ў краіне ўжо няма. Тым ня менш, пра што сьведчаць афіцыйныя статыстычныя зьвесткі па выніках студзеня — першага месяцу году?”

(Леанід Злотнікаў: ) “Працягваюцца тыя нэгатыўныя тэндэнцыі, якія мы бачылі ў канцы мінулага году. Па-першае, скарачаюцца інвэстыцыі ў вытворчасьць. У апошнім квартале мінулага году яны зьнізіліся ў параўнаньні з апошнім кварталам 2001 году на 15%. І гэтае падзеньне працягваецца. У студзені 2003 году адбылося зьніжэньне інвэстыцыяў на 15% у параўнаньні са сьнежнем.

Па-другое, у апошнім квартале мінулага году аб’ёмы прамысловасьці зьнізіліся ў параўнаньні з апошнім кварталам 2001 году на 10%. Такім чынам, у цэлым за год гэтыя аб’ёмы растуць, але ў канцы году яны ўпалі. Панізіліся рэальныя заробкі насельніцтва.

У студзені ў параўнаньні са сьнежнем запазычанасьць па плацяжах у бюджэт павялічылася на 30%. А ў параўнаньні са студзенем мінулага году гэтая лічба вырасла на 64%. У гэтым студзені бюджэт не атрымаў 64 мільярды рублёў. Гэта дзесьці 6–7% бюджэту. Гэта азначае пагаршэньне становішча прадпрыемстваў, таму што ім цяжка плаціць падаткі”.

(Міхал Залескі: ) “Хачу зьвярнуць увагу вось на што. Калі прамысловасьць знаходзіцца на ўздыме, то яна мае свабодныя грошы. Прадпрыемствы інвэстуюць іх у вытворчасьць, ствараюцца новыя рабочыя месцы, павялічваецца колькасьць занятых, павялічваецца іхны заробак. Усё гэта цягне за сабою рост паслугаў, таму што людзі трацяць заробленыя грошы.

А што мы зараз маем? Адбываецца рост беспрацоўя. У студзені 2003 году колькасьць беспрацоўных павялічылася адносна студзеня мінулага году на 26%. Адначасова адбываецца скарачэньне платных паслугаў насельніцтву.

Усё гэта азначае, што насамрэч прамысловасьць знаходзіцца не на ўздыме. Яна проста выжывае. Яна скарачае колькасьць працоўных месцаў, заробкі людзей. Таму скарачаюцца платныя паслугі”.

(Карбалевіч: ) “Аб пагаршэньні ўзроўню жыцьця насельніцтва сьведчыць шэраг фактаў. У параўнаньні са сьнежнем мінулага году сярэднія заробкі ў студзені зьменшыліся, а інфляцыя вырасла ў студзені на 4,3%. Вырасьлі таксама тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі, павялічылася беспрацоўе. Як бы вы пракамэнтавалі гэтыя і, магчыма, іншыя факты, што сьведчаць пра складаны сацыяльны стан насельніцтва?”

(Злотнікаў: ) “Можна дапоўніць, што цяпер дзяржава скідвае з сваіх плячэй розныя сацыяльныя льготы насельніцтву. Напрыклад, адмяняюцца льготы пэнсіянэрам на праезд у электрычках. Толькі адзін месяц вясной і адзін месяц увосень пэнсіянэры атрымаюць магчымасьць езьдзіць за палову кошту.

Адбываецца зьніжэньне сацыяльных трансфэртаў насельніцтву. Павялічваюцца жыльлёва-камунальныя тарыфы. Мы бачым, што цяпер эканоміка ня ў стане трымаць тую сацыяльную сфэру, якую трымала раней.

Таму ўзьнікае пытаньне: а як жа з эканамічным ростам? Калі, як сьцьвярджае афіцыйная статыстыка, расьце валавы ўнутраны прадукт (ВУП), растуць прыбыткі, аб’ёмы вытворчасьці, дык куды гэта ўсё дзяецца?

З канца мінулага году ідзе падзеньне прыбыткаў насельніцтва, вымеранае колькасьцю тых спажывецкіх набораў, якія можна купіць на свой заробак. Аднак нават па афіцыйнай статыстыцы гэтае падзеньне адбываецца і па другім вымярэньні. Панізіліся рэальныя заробкі на 9%, аб чым ужо ўзгадвалася.

Усё гэта паказвае, што на самай справе ніякага эканамічнага росту няма. Панізіліся прыбыткі прадпрыемстваў. Падаюць даходы дзяржавы і хатніх гаспадарак. А гэтыя даходы й складаюць той самы ВУП, які дзіўным чынам расьце. Як можа ВУП расьці, калі ўсе яго складнікі падаюць?

Мэтадалёгія статыстычнага ўліку не адпавядае міжнародным стандартам. Міжнародны валютны фонд ужо даўно патрабуе, каб Беларусь зьмяніла мэтады разьліку ўсіх эканамічных паказчыкаў. Таму магу сказаць, што ня бачу ніякага эканамічнага росту апошнія 2–3 гады”.

(Залескі: ) “У дадатак да таго, што было сказана, дзяржава зараз рыхтуе павелічэньне пэнсійнага ўзросту. То бок, людзі старэйшага ўзросту застануцца на сваіх працоўных месцах, а моладзь будзе заставацца беспрацоўнай. А менавіта з маладога пакаленьня выходзяць злачынцы. Вось гэта самая небясьпечная тэндэнцыя, якую зараз можна назіраць”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, працягваючы думку спадара Залескага, зьвяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін трывожны паказчык. У студзені гэтага году, у параўнаньні з студзенем мінулага году, злачыннасьць узрасла на 31,5%. У тым ліку, зарэгістраваных фактаў хуліганства павялічылася на 49%, крадзяжоў на 43,5%. Асабліва зьвяртае на сябе ўвагу такі паказчык: затрымана непрацоўных злачынцаў на 55,1% больш, чым год назад. Як вы лічыце, ці існуе сувязь паміж узмацненьнем сацыяльнага напружаньня і ростам злачыннасьці?”

(Залескі: ) “Усё зьвязана ўскосна. Існуюць пэўныя ўзроўні, на якіх чалавек зьмяняе свой сацыяльны статус. Наш чалавек церпіць, калі атрымлівае малыя грошы. Ён церпіць, калі атрымлівае зусім малыя грошы. Але ўжо дзеці тых, якія ўсё жыцьцё атрымлівалі малыя грошы, становяцца на іншы шлях. Пачынаецца рост злачыннасьці, зьяўляецца сацыяльная база для яго”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, нягледзячы на тое, што пачатак году заўсёды зьяўляецца цяжкім у беларускай эканоміцы ў сэнсе паказчыкаў, тым ня менш, бачная тэндэнцыя да пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага становішча. І хоць урад плянуе з 1 сакавіка павысіць тарыфную стаўку першага разраду і базавую велічыню, гэтыя дзеяньні наўрад ці пераломяць тэндэнцыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG