Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі атрымаў трэцюю траншу расейскага крэдыту


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканамісты Валеры Дашкевіч і Леанід Злотнікаў

(Валер Карбалевіч: ) “Днямі Нацбанк Беларусі атрымаў трэцюю, заключную частку траншу крэдыту Цэнтрабанку Расеі на 1,5 мільярдаў расейскіх рублёў ці 50 мільёнаў даляраў для падтрымкі беларускай нацыянальнай валюты. Беларусь выканала ўсе ўмовы правядзеньня грашова-крэдытнай палітыкі, вылучанай расейскім бокам.

Гэтая падзея трохі выпадае з тых тэндэнцыяў у беларуска-расейскіх стасунках, якія назіраюцца апошні час. Жорсткія спрэчкі аб мадэлях інтэграцыі, скандал зь Нямцовым, крытыка расейскіх уладаў беларускімі дзяржаўнымі СМІ, скарачэньне паставак газу Беларусі сьведчаць пра тое, што адносіны дзьвюх дзяржаваў знаходзяцца ў стадыі крызысу.

Сярод экспэртаў даволі распаўсюджаная думка, што Расея зараз выкарыстоўвае эканамічныя рычагі дзеля ціску на Беларусь, каб прымусіць беларускае кіраўніцтва ісьці на саступкі. А вось выдзяленьне гэтага крэдыту трохі кантрастуе з агульным фонам беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Што азначае гэтая падзея? Як яна стасуецца з агульным пахаладаньнем беларуска-расейскіх дачыненьняў? Гэта чыста тэхнічнае пытаньне, руціннае выкананьне раней падпісаных дамоваў ці палітычнае рашэньне?”

(Валеры Дашкевіч: ) “Гэтым рашэньнем Расія як бы падкрэсьлівае, што яна вытрымлівае сваю палітыку “аддзяленьня мух ад катлет”. Калі Нацбанк Беларусі змог выканаць усе вылучаныя Расеяй Умовы атрыманьня крэдыту ў агульным памеры 4,5 мільярды расейскіх рублёў (150 мільёнаў даляраў), то атрымаў трэцюю траншу згодна дамоваў, нягледзячы на дрэнныя палітычныя стасункі. І канфлікты ўзьнікаюць тады, калі Беларусь не выконвае нейкія ўмовы, ня плаціць у час, як, напрыклад, у сытуацыі з пастаўкамі газу.

Я хацеў бы нагадаць пра адзін момант. Выдача апошняй траншы крэдыту зусім не азначае заканчэньня дамовы паміж Нацбанкам Беларусі і Цэнтрабанкам Расеі. У дамове ёсьць пункт, згодна зь якім, калі Беларусь надалей адступіць ад дамоўленай грашовай палітыкі, то яна павінная праз год пачаць вяртаньне расейскага крэдыту. А гэта зрабіць будзе вельмі цяжка. Таму Беларусь павінная быць зацікаўленая яшчэ і з гэтай прычыны падтрымліваць стабільнасьць беларускага рубля”.

(Леанід Злотнікаў: ) “У Расеі не было ніякіх падставаў не выконваць свае абавязкі згодна падпісаных дамоваў. 50 мільёнаў даляраў для Расеі вельмі нязначная сума, каб рабіць зь яе нейкі сродак ціску на Лукашэнку”.

(Карбалевіч: ) “Выдзяленьне гэтага крэдыту зьвязанае з дамовай аб увядзеньні расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты Беларусі й Расеі. Вядома, што зараз існуюць вялікія супярэчнасьці паміж краінамі ў рэалізацыі гэтай праграмы. Яны тычацца найперш праблемы адзінага эмісійнага цэнтру. І, здавалася б, гэтыя супярэчнасьці стануць перашкодай для выдзяленьня расейскага крэдыту. Тым ня менш, Беларусь атрымала крэдыт. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэты момант?”

(Дашкевіч: ) “Я б трошкі падзяліў гэтыя два пытаньні: увядзеньне адзінага рубля і выдзяленьне крэдыту. У 2000 годзе, калі падпісваліся гэтыя дамовы, Расея як бы ўзяла на сябе функцыі Міжнароднага валютнага фонду. МВФ адмовіўся даваць крэдыт, а Расея амаль на тых жа ўмовах згадзілася яго выдзяліць.

І першай умовай пераходу на адзіны рубель Расея выставіла такое патрабаваньне: стабілізацыя беларускай грашовай адзінкі. У дадзеным выпадку Расея нічога не губляе, нават калі ня будзе самога пераходу на адзіны рубель. Таму што Масква зацікаўленая ў стабільнасьці беларускага рубля хаця б зь тае прычыны, што пры гэтай умове лягчэй падлічыць беларускую ўласнасьць, якую можна ўзяць дзеля пагашэньня крэдыту.

З другога боку, калі Беларусь выкарыстае расейскі крэдыт, ізноў узьнікне пытаньне, дзе ўзяць грошы дзеля падтрымкі свайго рубля. Варыянтаў нямнога: альбо прасіць новы крэдыт у Расеі, альбо прадаваць уласнасьць”.

(Злотнікаў: ) “Мне здаецца тут трохі пераблыталі дзьве розныя рэчы. Першапачатковая дамова прадугледжвала, што ў 2005 годзе будзе ўведзены расейскі рубель як адзіная валюта Беларусі й Расеі. Натуральна, што ў такім выпадку адзіны эмісійны цэнтар будзе расейскім. І было б дзіўна, каб Беларусь прэтэндавала на права друкаваць расейскія грошы.

А ў 2008 годзе, згодна з дамовай, павінен быць уведзены агульны рубель у якасьці адзінай валюты Беларусі й Расеі. Вось менавіта на права мець другі эмісійны цэнтар дзеля друкаваньня гэтага агульнага рубля і можа прэтэндаваць Менск. Але 2008 год — гэта так далёка. У Расеі ніхто сур’ёзна не ўспрымае гэта як праблему. У Маскве ня вераць у магчымасьць існаваньня нейкага агульнага рубля. Там упэўненыя, што калі адзіны рубель і будзе, то ён будзе расейскім, і ніякім іншым. Тут праблемы для Расеі няма. Гэта праблема для Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Магчыма, выдзяленьне гэтага крэдыту — гэта такі хітры ход Расеі, каб зацягнуць Беларусь у пастку запазычанасьці. Вядома, што грошай для вяртаньня крэдыту ў Беларусі няма. А калі няма грошай, прыйдзецца плаціць маёмасьцю. Але менавіта тут і ўзьнікаюць праблемы ў беларуска-расейскіх стасунках”.

(Дашкевіч: ) “Сапраўды, кіраўніцтва Беларусі вельмі балюча ўспрымае патрабаваньне Расеі плаціць маёмасьцю за пазыкі. Але гэта звыклая міжнародная практыка. Нядаўна зьявілася інфармацыя, што Армэнія перадала Расеі за пазыкі акцыі сваіх вядучых прадпрыемстваў на суму 94 мільёны даляраў. Прэм’ер Расеі Касьянаў сказаў, што гэта прыклад таго, як будзе Масква будаваць свае адносіны зь краінамі СНД, якія маюць запазычанасьць перад Расеяй.

Мяркую, што гэта датычыць і Беларусі. І праблемы аплаты маёмасьцю за расейскія пазыкі — часовыя. Скарачэньні паставак расейскага газу — прыклад таго, якія рычагі ціску ёсьць у Расеі”.

(Злотнікаў: ) “Што тычыцца разьлікаў маёмасьцю за пазыкі, то ніякая гэта ня пастка. Гэта нармалёвая сусьветная практыка”.

(Дашкевіч: ) “Яшчэ раз вернемся да тых дамоваў аб умовах крэдыту. Ён выдзелены Беларусі ня толькі дзеля стабілізацыі беларускага рубля, але і дзеля таго, каб пашырыць аб’ём расейскіх рублёў, якія ўдзельнічаюць у разьліках у гандлі паміж Расеяй і Беларусьсю.

Схема прыблізна такая. Беларускі Нацыянальны банк, атрымаўшы рублёвы крэдыт, будзе разьмяшчаць яго ў беларускіх банках. А тыя, у сваю чаргу, будуць накіроўваць гэтыя грошы на разьлікі паміж беларускімі і расейскімі прадпрыемствамі, выцясьняючы даляр зь гэтых разьлікаў. Што, у сваю чаргу, яшчэ мацней прывязвае беларускую эканоміку да расейскай. Гэта яшчэ адна прычына, яшчэ адна мэта выдзяленьня Расеяй крэдыту”.

(Карбалевіч: ) “Наколькі значная гэтая пазыка для эканомікі Беларусі?”

(Дашкевіч: ) “Гэта сур’ёзная падтрымка эканомікі Беларусі. Тыя 1,5 мільярда расейскіх рублёў (альбо 50 мільёнаў даляраў) будуць прададзеныя на беларускай валютнай біржы і значна паменшаць ціск беларускіх рублёў на нашым унутраным валютным рынку”.

(Злотнікаў: ) “Я б ня стаў гэта разглядаць як падтрымку. Таму што прывязка беларускага рубля да расейскага мае адмоўныя наступствы для эканомікі Беларусі.

Справа ў тым, што ўзровень даляравых цэн у Беларусі ніжэйшы, чым у Расеі. А гэта азначае, што ва ўмовах, калі сальда ў гандлёвым абароце з Расеяй у нас адмоўнае, то дзеля яго пакрыцьця трэба прадаць больш беларускіх тавараў за межамі Расеі. У сытуацыі, калі беларускі рубель цягнецца за расейскім рублём, умацоўваючы свае пазыцыі ў адносінах да даляра, на практыцы гэта вядзе да таго, што ў выніку беларускія экспартэры атрымліваюць менш грошай, чым раней.

Пераводзячы даляры ў расейскія рублі, Беларусь і беларускія гаспадарчыя суб’екты церпяць страты. Па маіх разьліках, гэтыя страты складаюць прыкладна некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў за паўгоду. І расейскі крэдыт гэтыя беларускія страты як бы пакрывае. А калі б не было прывязкі беларускага рубля да расейскага, то і стратаў бы гэтых не было б”.

(Карбалевіч: ) “Расейскі крэдыт мае мэтавы характар. І Беларусь ня мае права траціць гэты крэдыт дзеля таго, каб залатаць нейкія дзіркі ў сваім бюджэце. А ці можна знайсьці шляхі і каналы, пайсьці на нейкія хітрыкі, каб абысьці гэтыя ўмовы і выкарыстаць расейскія грошы на тое, каб, умоўна кажучы, выплаціць заробкі бюджэтнікам?”

(Дашкевіч: ) “Вядома ж, можна. Для гэтага не патрэбна нават нешта парушаць. Напрыклад, існуе такі шлях. Нацбанк дае крэдыт камэрцыйнаму банку ў расейскіх рублях. Камэрцыйны банк дае гэтыя грошы ў якасьці крэдыту беларускаму прадпрыемству, каб яно разьлічылася з расейскім. Прадпрыемства вяртае банку пазыку беларускімі рублямі. За гэтыя рублі банк купляе дзяржаўныя аблігацыі. А гэта ўжо ёсьць фінансаваньнем бюджэту. І тут ніякага прамога парушэньня дамоваў з Расеяй няма.

Таксама дзяржаўны бюджэт можа атрымаць гэтыя грошы праз падаткі. Такім чынам, так альбо інакш частка гэтага расейскага крэдыту трапіць у дзяржбюджэт Беларусі”.

(Злотнікаў: ) “Тут ня трэба ніякіх хітрыкаў. У эканоміцы існуюць тысячы каналаў перацяканьня грошай. Расейскія крэдытныя рублі могуць быць камусьці прададзеныя, выкарыстаныя для экспарту, імпарту і г.д.”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам выдзяленьне Цэнтрабанкам Расеі крэдыту Беларусі, нягледзячы на складанасьці ў беларуска-расейскіх стасунках апошнія месяцы, сьведчыць пра тое, што інтэграцыйныя працэсы працягваюцца. Хоць яны і прымаюць цяпер нейкую іншую форму, цяпер да канца яшчэ не зразумелую”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG