Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКА-БЕЛАРУСКАЕ СУПОЛЬНАЕ ПРАДПРЫЕМСТВА НА БАЗЕ “БЕЛТРАНСГАЗУ” НЕ ЗАСТРАХАВАНАЕ АД “ЗАЛАТОЙ АКЦЫІ”


Юлія Шарова, Менск

У Беларусі налічваецца 21 прадпрыемства, дзе выкарыстоўваюць “залатую акцыю”. Паводле прызнаньняў чыноўнікаў, гэтае выключнае права дзяржавы ўплываць на рашэньні ў акцыянэрнай кампаніі рэалізоўваецца не заўсёды пасьпяхова, аднак адмаўляцца ад “залатой акцыі” ўлады не зьбіраюцца. Больш за тое, новы прэзыдэнцкі ўказ прадугледжвае больш шырокую сфэру яе выкарыстаньня.

Калі раней такую норму можна было ўжываць толькі ў адкрытых акцыянэрных таварыствах, дзе ёсьць хоць адна акцыя дзяржавы, то цяпер “залатая акцыя” стала магчымай і ў закрытых акцыянэрных таварыствах, таварыствах з абмежаванай або дадатковай адказнасьцю — калі гэтыя прадпрыемствы ствараліся на базе дзяржаўнай маёмасьці.

Са словаў намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалая Іванчанкі, замежным інвэстарам, якія прыходзяць на такія прадпрыемствы, ніякіх гарантыяў невыкарыстаньня “залатой акцыі” дзяржава даць ня можа. Ня будзе такіх гарантыяў і для “Газпрому”, калі той будзе ўдзельнічаць у стварэньні СП на базе “Белтрансгазу”.

(Іванчанка: ) “Тычыцца ўсіх суб’ектаў гаспадараньня, якія былі ўтвораныя на базе дзяржаўнай маёмасьці. Таму тут ніякіх выняткаў няма. Але гэта ня значыць, што будзе абавязкова ўведзеная”.

Спадар Іванчанка падкрэсьліў, што гаворка не ідзе пра тое, каб сканфіскаваць у кагосьці маёмасьць, а толькі пра абарону інтарэсаў кожнага, хто працуе на прадпрыемстве, дзе ўводзіцца “залатая акцыя”. Зрэшты, прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта не адмаўляе таго, што нейкія выняткі магчымыя, у тым ліку для буйных замежных інвэстараў.

(Іванчанка: ) “Ёсьць праўнае поле, якое існуе ды якое безумоўна ня ёсьць застылым: жыцьцё цячэ, мяняецца, і я не выключаю магчымасьці прыняцьця па асобных прадпрыемствах, па галінах нейкіх асобных рашэньняў. Але галоўнае — гэта інтарэсы народу, інтарэсы людзей, працаўнікоў ня будуць выключаныя, каб дагадзіць іншым інтарэсам”.

Цяпер Міністэрства эканомікі ці іншае ведамства ня мае сьпісу прадпрыемстваў, якія павінны ў найбліжэйшай будучыні трапіць пад норму “залатой акцыі”. Вядома, аднак, што, напрыклад, Менскі гарвыканкам плянуе ў хуткім часе скарыстацца гэтым правам у акцыянэрным таварыстве “Алеся” і на прадпрыемстве “Белмэдпрэпараты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG