Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛАВАЦКІ ЎРАД СВАЮ ГАЗАВУЮ СЫСТЭМУ РАСЕЙЦАМ НЕ АДДАЎ


Натальля Судлянкова, Прага

Расейскі бок ужо адхіліў прапанову Менску прызначыць кансультантам аўстрыйскую банкаўскую групу “Райфайзэнбанк”, якая зьяўляецца асноўным акцыянэрам беларускага “Прыёрбанку”. Аднак, беларуская газатранспартная сыстэма – не адзіная сыстэма ў Эўропе, якой цікавіцца расейскі “Газпром”.

Два гады таму расейскі “Газпром” браў удзел у прыватызацыі чэскага “Трансгазу”, але пераможцам стаў нямецкі канцэрн “RWE”, вялікія пытаньні паўсталі, калі “Газпром” вырашыў далучыцца да тэндэру на прыватызацыю славацкай газатранспартнай сыстэмы “СПП”.

Паўз тэрыторыю Славаччыны праходзяць чатыры магістральныя трубаправоды даўжынёй болей за 2 тысячы кілямэтраў. Дарэчы, даўжыня магістральных трубаправодаў “Белтрансгазу” у тры разы болей – амаль 7 тысячаў кілямэтраў.

Славацкая сыстэма выключна важная для “Газпрому”, бо забясьпечвае транзыт амаль 80% паставак расейскага газу ў Заходнюю Эўропу. Тым ня менш, насуперак ціску з расейскага боку, славацкі урад прыняў рашэньне пакінуць кантрольны пакет акцыяў кампаніі “СПП” – 51% - ва уласнасьці дзяржавы.

Асноўнымі пакупнікамі 49% славацкай кампаніі ў 2002 годзе сталі нямецкі Ruhr Gas і францускі Gas de France у кансорцыюме з “Газпромам”. Гэтая доля каштавала 2 мільярды 765 мільёнаў даляраў. Гэта кошт 49% акцыяў славацкай газатранспартнай кампаніі.

“Газпром” пакуль афіцыйна не выкупіў свае акцыі ў кансорцыюме, але мяркуецца, што зробіць гэта да канца наступнага году. Браціслава адмаўляецца прадаваць кантрольны пакет, матывуючы гэта нежаданьнем пакінуць стратэгічна важны для краіны аб’ект па-за кантролем дзяржавы.

Урады цэнтральнаэўрапейскіх краінаў імкнуцца пазьбягаць магчымага пераходу сваіх асноўных прадпрыемстваў ва уласнасьць тых замежных кампаніяў, у якіх значная доля належыць іншай дзяржаве. І ў першую чаргу гаворка ідзе менавіта пра “Газпром” у галіне газавай энэргетыкі, расейскую кампанію РАО ЕЭС у галіне электраэнэргетыкі і кампанію “Транснафта” ў галіне транзытных паставак нафты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG