Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖВЕДАМАСНАЯ КАМІСІЯ РАЗЬВІЦЬЦЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА ПАД КІРАЎНІЦТВАМ МІНІСТРА ЭКАНОМІКІ ПРАВЯЛА ПЕРШАЕ ПАСЕДЖАНЬНЕ


Натальля Раковіч, Менск

Праблемы, якія абмяркоўваліся на паседжаньні камісіі, былі сапраўды надзённымі: наступствы паўсюднага ўвядзеньня касавых апаратаў і дэкрэт №4. Прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа па выніках паседжаньня ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што прадпрымальнікам удалося паўплываць на ўрад, каб той значна зьмякчыў шэраг адыёзных рашэньняў.

Так, касавыя апараты цяпер уводзяцца паступова, а не гвалтоўна, як прапанавалася яшчэ год таму. Таксама зьявіўся праект зьменаў у чацьверты дэкрэт, але ж пакуль чыноўнікі не пагаджаюцца зьняць абмежаваньне колькасьці наёмных працаўнікоў для індывідуальных прадпрымальнікаў. І ў гэтым ягоная галоўная небясьпека, лічыць Аляксандар Патупа.

(Патупа: ) “Гэты дэкрэт ня мае ніякай матывіроўкі ў нашых умовах, калі расьце беспрацоўе. І вельмі моцна расьце. 26% па краіне і каля 20% у Менску, які вельмі добры горад у сэнсе працы. І ў гэтых умовах ствараць працоўныя месцы — ды за гэта патрэбна, каб дзяржава дапамогу аказвала, а не забараняла гэтыя варыянты”.

Нагадаем, што пакуль для прадпрымальнікаў існуе абмежаваньне колькасьці наёмных працаўнікоў да трох чалавек. Тыя, хто наймае больш людзей, мусяць альбо звольніць лішніх працаўнікоў, альбо зарэгістраваць фірму.

Наагул кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў спадзяецца на тое, што ў будучым міжведамасная камісія будзе займацца вырашэньнем стратэгічных пытаньняў разьвіцьця бізнэсу.

(Патупа: ) “Неабходна сёньня забараняць усе формы далейшага прэсінгу на індывідуальных прадпрымальнікаў. Неабходна спыняць усе нэгатыўныя праекты, якія пагаршаюць становішча прадпрымальнікаў. І трэба канцэнтраваць усю ўвагу на карпаратыўным бізнэсе, каб малыя прадпрыемствы было лёгка рэгістраваць і ў бізнэсе было б добра працаваць з пункту гледжаньня гарантыяў”.

Спадар Патупа гаворыць, што да нядаўняга часу прыватны бізнэс у Беларусі быў той крыніцай грошай, адкуль улады бралі сродкі на аплату сацыялістычных нормаў — будаўніцтва лядовых палацаў і дамоў міласэрнасьці. Цяпер эканамічныя рэсурсы вычэрпваюцца, і чыноўнікі зь Менгарвыканкаму асьцярожна запытваюцца: ці варта працягваць будаўніцтва падземнага гандлёвага цэнтру на плошчы Незалежнасьці ў сталіцы? Па сутнасьці, гаворыць прэзыдэнт саюзу прадпрымальнікаў, улады вымушаныя вызваліць бізнэс, хаця б дзеля таго, каб канчаткова не збанкрутаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG