Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НЕ ПАЦЕРПІЦЬ НАЎПРОСТЫХ СТРАТАЎ АД ІРАЦКАЙ ВАЙНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Страты Беларусі ад вайны ў Іраку не падлічаныя, зазначаюць у Міністэрстве замежных справаў Беларусі. Асаблівай маёмасьці Беларусь у Іраку ня мела, будынак беларускай амбасады ў Багдадзе арандаваўся, а самае каштоўнае зь яго было вывезена ў Дамаск да пачатку ваенных дзеяньняў. Да вайны Беларусь актыўна нарошчвала свой экспарт у Ірак, у 2001 годзе ён склаў 26 мільёнаў даляраў, летась — 33 мільёны 620 тысяч даляраў. Сёлета ў студзені гэтая лічба склала 7,7 мільёна даляраў.

У МЗС разьлічвалі, што беларускія пастаўкі ў Ірак маглі б вырасьці сёлета да 60–70 мільёнаў даляраў. Вайна спыніла гэтыя пастаўкі, такім чынам, яна прынесла беларускім экспартэрам ускосныя страты ў выглядзе “ўпушчанай выгады”, прызнаюць у МЗС Беларусі, але ня страты. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Гэта ішло ў рамках праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Кантракт падпісаны, зацьверджаны, ідзе пастаўка, а плацяць жа не іракцы. Аплочваецца гэтыя пастаўкі з фондаў ААН. Такім чынам, плацяжы ўсе пайшлі”.

Паводле спадара Савіных, грузавікі й трактары складалі найбольшы адсотак беларускага экспарту ў Ірак, акрамя таго, пастаўляліся таксама шыны, мэталапракат, дарожная і будаўнічая тэхніка. Ірацкія пастаўкі займалі істотную, але не ключавую долю ў экспарце МАЗ і МТЗ.

Аднак простых стратаў ад вайны ў Іраку МТЗ ня меў, — сказаў Свабодзе Вячаслаў Федаровіч, намесьнік генэральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу. Пытаньні наконт будучыні паставак беларускіх трактароў у Ірак застаюцца, прызнаў ён, але ўсё гэта пакуль што закрытая інфармацыя.

Менскі аўтамабільны завод таксама простых стратаў ня мае. Гаворыць дарадца генэральнага дырэктара МАЗу па маркетынгу Сяргей Іўлеў:

(Іўлеў: ) “Не наўпростыя, а ўскосныя, наўпростых стратаў няма, а ўскосныя — гэта магчымая непастаўка паводле кантрактаў, якія раней былі абумоўленыя. Мы страцілі прыблізна пастаўку 800–900 машынаў”.

Сяргей Іўлеў не назваў канкрэтную суму ўскосных стратаў, бо ўзровень прыбытковасьці кантрактаў засакрэчаны. Раней МАЗ прадаў у Ірак праз айчыннага дылера “Белмэталэнэрга” каля 2000 сваіх машынаў і разьлічвае на далейшыя пастаўкі, — кажа спадар Іўлеў.

“Белмэталэнэрга” і іншыя беларускія камэрцыйныя структуры, якія працавалі ў Іраку, таксама адчуваюць складанасьці, але зноў жа, калі яны працавалі легальна, праз камітэт санкцыяў ААН, то стратаў мець не павінны. Калі ж іх бізнэс быў нелегальным ці паўлегальным, то страты магчымыя, але яны пра гэта казаць ня будуць, — прызнае эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

Затое відавочна, што нашмат больш згубіць беларуская эканоміка з прычыны папярэдняй прасадамаўскай палітыкі, кажа Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Беларусь страціла палітычна, яна страціла пэрспэктывы таго, што магла б значна больш удзельнічаць у розных праектах адбудовы Іраку. Калі б яна працавала са Злучанымі Штатамі, Расеяй, калі б нармальны імідж быў у краіны. А калі цяпер ёсьць небясьпека таго, што могуць знайсьці дакумэнты аб пастаўках беларускай зброі ў Ірак, то вось тут Беларусь можа трапіць у яшчэ больш праблемную сытуацыю. І ад гэтага, безумоўна, палітычнае кіраўніцтва Беларусі ня выйграе. А тым больш і эканоміка, якая вельмі завязаная на палітыку”.

Ты ня менш, Яраслаў Раманчук разьлічвае і на відавочны плюс для беларускай эканомікі ад ірацкай вайны — нафта стане больш таннай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG