Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ВЫБАРАЎ ПРЭЗЫДЭНТА ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦІ Ў ЗАРОБКАХ ВЫРАСЬЛІ Ў 20 РАЗОЎ


Міхал Стэльмак, Менск

За два апошнія месяцы ўлады і наймальнікі, як паведаміў сёньня намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Франц Вітко, своечасова ня выплацілі амаль 41 мільярд рублёў заробкаў:

(Вітко: ) "З гэтых 40,9 мільярда даўгоў 32 мільярды рублёў адносяцца да аграпрамысловага комплексу".

(Карэспандэнт: ) "Чаму расьце запазычанасьць па заробках менавіта ў рэгіёнах краіны?"

(Вітко: ) "Таму што ў рэгіёнах няма прамысловасьці, якая б магла падтрымліваць аграпрамысловы комплекс. Усё ж асноўны прамысловы патэнцыял сканцэнтраваны ў Менску. Апроч таго, Менск — сталіца, дзе жыве каля 2 мільёнаў чалавек. Таму, у выпадку крызыснай сытуацыі, тут ня ўседзяць у сваіх крэслах ні прадстаўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў, ні ўлады. Таму такая ўвага Менску, таму тут такая мізэрная запазычанасьць — усяго 0,1%. З палітычнага пункту гледжаньня Менск — той горад, зь якім нельга жартаваць".

У сувязі з сацыяльнай напружанасьцю на прадпрыемствах Беларусі Фэдэрацыя прафсаюзаў зьвярнулася ва ўрад краіны з патрабаваньнем зьліквідаваць запазычанасьць па заробках. Аднак улады катэгарычна адмаўляюцца ад перамоваў з прафсаюзамі. На месцах жа прафсаюзныя структуры, як вынікае з тлумачэньня спадара Вітко, зараз ня здольныя ўзьняць рабочых на масавыя выступы пратэсту.

З аднаго боку, да гэтага нібыта пакуль не гатовыя самі рабочыя. Яны спадзяюцца, што ўлады, як і напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, знойдуць грошы. З другога боку, наймальнікі ў многіх працоўных калектывах паралізавалі дзейнасьць прафсаюзаў праз блякаду іхных банкаўскіх рахункаў. Як паведаміў намесьнік старшыні Фэдэрацыі, адміністрацыі забараняюць пералічэньне прафкамам сяброўскіх складак:

(Вітко: ) "Чым ніжэйшы ўзровень прафсаюзнай арганізацыі, тым большая залежнасьць ад кіраўніка. У нас ёсьць раёны, дзе няма сродкаў нават на ўтрыманьне старшыні раённага камітэту. Напрыклад, у прафсаюзе аграпрамысловага комплексу".

(Карэспандэнт: ) "З чым зьвязанае нежаданьне ўладаў весьці дыялёг з Фэдэрацыяй прафсаюзаў? Гэта выклікана вынікамі мінулых прэзыдэнцкіх выбараў?"

(Вітко: ) "Прычыны глыбей. Прычыны ў тым, што прафсаюзы — адзіная арганізацыя, якая сёньня яшчэ не падкантрольная ўладзе. Тут справа не ў асабістым канфлікце — напрыклад, паміж Лукашэнкам ды Ганчарыкам альбо Вітко ды, скажам, Посахавым. Не. Прычына ў тым, што прафсаюзы пакуль яшчэ ня ёсьць дзяржаўнай структурай".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG