Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АДНОВІЦЬ МВФ КРЭДЫТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСІ?


Мікола Іваноў, Прага

У пагадненьні, якое падпісалі Рэспубліка Беларусь і МВФ, ўрад Беларусі бярэ на сябе абавязак дэмантаваць галоўныя мэханізмы пільнага дзяржаўнага кантролю над беларускай эканомікай.

Аднак, піша Бэджамін Сьміт на старонках Wall Street Journal, кіраўніцтва МВФ не падзяляе аптымізму беларускага кіраўніцтва, што аўтаматычна з падпісаньнем гэтага пагадненьня адновіцца крэдытаваньне Беларусі.

Марк Гортан, прадстаўнік МВФ у Літве і Беларусі, сьцьвярджае, што МВФ адновіць крэдытаваньне Беларусі толькі ў тым выпадку, калі сапраўды эканоміка краіны будзе мець значна больш адкрыты характар.

У падпісаным пагадненьні беларускія ўлады заабавязаліся на працягу 6 месяцаў правесьці неабходныя дзеля гэтага рэформы. Марк Гортан лічыць, што гэты тэрмін патрэбны, каб беларускія ўлады маглі пацьвердзіць сур’ёзнасьць сваіх намераў.

Гортан таксама назваў спадзяваньні беларускіх уладаў на хуткае аднаўленьне крэдытаў нерэалістычнымі. Беларусы могуць быць незадаволеныя тым, сьцьвярджае ён, што іх паразуменьне з МВФ аўтаматычна ня выкліча аднаўленьня фінансаваньня, але гэта ня можа быць важкім аргумэнтам на паседжаньні Рады МВФ у Вашынгтоне.

Пагадненьне паміж Беларусьсю і МВФ было ўхваленае кіраўніцтвам МВФ, але яго яшчэ не ўхваліў сход міжнародных донараў МВФ, на якім дамінуе галоўны апанэнт беларускіх уладаў, – ЗША.

Галоўны пункт пагадненьня паміж МВФ і Беларусьсю прадугледжвае скарачэньне на 80% сыстэмы кантролю над цэнамі. Іншыя ключавыя элемэнты прадугледжваюць спыненьне дзяржаўнай практыкі змушаць банкі даваць вялікія крэдыты крызыснай сельскай гаспадарцы, адмова ад практыкі сакрэтнасьці ў галіне дзяржаўнага фінансаваньня эканомікі і скасаваньне прэзыдэнцкага дэкрэту, які дазваляе канфіскаваць актывы прыватных інвэстараў, што знаходзяцца ў апазыцыі да дзяржаўных уладаў.

Кен Шарман, эканаміст і мэнэджэр праграмы экспэртызаў Эўрапейскай Камісіі, якая грунтоўна вывучала Беларусь, лічыць, што калі Беларусь будзе выконваць гэтыя абавязальніцтвы, гэта будзе вельмі важным знакам. Ключом да будучых посьпехаў беларускай эканомікі можа быць толькі шлях, калі ўдасца спалучыць аслабленьне кантролю над цэнамі з эмісійнай дысцыплінай і большай свабодай у бізнэсе. “Яны павінны, – лічыць аналітык Эўракамісіі Кен Шэрман, – спалучыць адмову ад таннага крэдыту з лібэралізацыяй эканомікі”.

Нават, калі Беларусь будзе выконваць патрабаваньні МВФ, піша на старонках Wall Street Journal Europe Бэнджамін Сьміт, пэрспэктывы разьвіцьця беларускай эканомікі далёка няясныя. Галоўная перашкода на гэтым шляху – сам кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка і вырашальная роля ЗША падчас галасаваньня ў Радзе МВФ. Лукашэнка ўдзельнічае ў прэзыдэнцкіх выбарах гэтай восеньню і наўрад ці ён захоча выклікаць незадавальненьне выбаршчыкаў сродкамі жорсткай эканоміі. Акрамя таго, на пачатку гэтага месяца ён абвінаваціў Захад і яго агентуру ў фінансаваньні ягоных палітычных праціўнікаў на суму каля 500 млн. даляраў.

Урад ЗША са свайго боку будзе вымушаны галасаваць супраць аднаўленьня крэдытаваньня Беларусі, калі яе ўрад ня зьменіць палітыку ў галіне гандлю зброяй. Закон ЗША патрабуе ад амэрыканскіх прадстаўнікоў галасаваць супраць фінансаваньня кожнай міжнароднай арганізацыяй краіны, якая трымае ў сакрэце выдаткі і прыбыткі ад гандлю зброяй. А Беларусь цяпер знаходзіцца ў сьпісе такіх краінаў.

І на заканчэньне свайго артыкулу ў Wall Street Journal Europe Бэнджамін Сьміт прыводзіць думку аналітыка Эўракамісіі Кена Чармана, які лічыць, што толькі націск расейскага ўраду можа быць рэальнай сілай, якая б спрыяла выкананьню Беларусьсю падпісанага пагадненьня. “Калі Беларусь сапраўды хоча інтэграцыі з Расеяй, – лічыць Чарман, – яна павінна дасягнуць падобнай з Расеяй эканамічнай стабільнасьці”.

Праблема, якім чынам зрабіць беларускае грамадзтва больш дэмакратычным, абмяркоўвалася сёньня і на паседжаньні Рады Эўропы ў Страсбургу. Выступаючы на ім Мірча Джоану, старшыня АБСЭ заявіў:

(Джоану: ) “Як можна садзейнічаць стварэньню дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі і гарантаваньню неабходных умоваў свабодных і справядлівых прэыздэнцкіх выбараў? Важную ролю тут можа адыграць парлямэнцкая тройка Рады Эўропы, АБСЭ і Эўрапейскага парлямэнту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG