Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса розных гадоў 3 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“З нагоды значнага карчмарства віном з Курляндзкай і Ліфляндзкай губэрняў у межы акцызных водкупаў Ковенскай і Віцебскай губэрняў, спадар Міністар Фінансаў уваходзіў з прадстаўленьнем у Камітэт спадароў Міністраў аб распаўсюдзе на пазначаныя губэрні правілаў, пастаноўленых для спыненьня карчмарства паміж прывілеяванымі й Вялікарускімі губэрнямі. Наступствам чаго моц і дзеяньне палажэньняў гэтага Камітэту распаўсюджваюцца на памежныя з Ковенскай і Віцебскай губэрнямі месцы Курляндзкай і Ліфляндзкай губэерняў з заснаваньнем з боку Міністэрства Ўнутраных Спраў нагляду за дакладным выкананьнем мясцовымі паліцэйскімі начальнікамі згаданых правілаў”.

“ЛіМ”, 1933 год. Кампазытар Несьцер Сакалоўскі:

“Пры ўсіх тых дасягненьнях, якія мы маем па Савецкай Беларусі ў галіне прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, літаратуры і мастацтва, у нас музычны фронт адстае: працоўныя Беларусі ня маюць сваіх песень калгасных, бытавых, якія б узьнімалі настрой да працы, мабілізавалі б на барацьбу з клясава-варожымі элемэнтамі і г.д. Што ж рабіць? Ужыць сацспаборніцтва паміж кампазытарамі і пісьменьнікамі і дабіцца супольнай іх працы над песьняй. Разгарнуць шырока крытыку і самакрытыку, ня гледзячы на асобы. Больш сувязі кампазытараў з рабочымі, калгасьнікамі. Толькі такім шляхам мы здолеем стварыць у Беларусі масавую песьню”.

“Звязда”, 1983 год. Успаміны вэтэрана вайны да Дня вызваленьня Беларусі:

“3 ліпеня 1944 году загулі на дарозе танкі, праскакалі коньнікі. Зь лясных зямлянак вярталіся ў вёску сяляне. Жыхары вёскі не маглі адарваць вачэй ад байцоў, наглядзецца на іх. Аж галовы закружыліся: мілыя, родныя чырвонаармейцы хадзілі і стаялі побач, гутарылі, жартавалі. Да стала, дзе сядзелі камандзіры, ішла бабулька Паўліна, нешта несла перад сабой, загорнутае ў чысьценькі абрус. Асьцярожна зьняла яго — і вокліч зьдзіўленьня пракаціўся па вуліцы: на людзей назіраў… Ленін! “Вы ж герой, маці!” — усклікнуў адзін з камандзіраў. Стол зь бюстам Леніна вяскоўцы паставілі каля плоту. Міма яго ехалі й ехалі воіны туды, дзе грымела кананада, дзе стагнала яшчэ зямля і чакала вызваленьня”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG