Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскае лета.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

У Менску настае лета. І хоць за мінулы год тут правялі цэлую кампанію вырубкі старых дрэваў, горад усё адно літаральна схаваўся ў зеляніну. Усё цяжэй робіцца яго ахапіць, перамяніць, скарыць. Вялікі горад. Птушынае шматгалосьсе перабівае шум машын, пахі прыроды глушаць смурод ліцеек, якія застылі ў даўно непрацоўным стане і нагадваюць творы індустрыйнага мастацтва. У Менску такой парою становіцца болей Менску. Чым менш прыкметная дзейнасьць чалавека, тым больш жывых вобразаў роднага гораду. Колькі сябе памятаю, заўсёды было так. Паміж горадам і ягонымі насельнікамі існавала глыбокая ўнутраная супярэчнасьць. Нават болей. Горад і насельнікі жылі і жывуць без сутыкненьня, у розных плоскасьцях, як мінакі на вуліцы, якія праходзяць адзін каля аднога, бачаць адзін аднога, але ніколі не пазнаёмяцца і не адчуюць у гэтым патрэбы. У кожнага сваё жыцьцё.

Дзе б ні даводзілася бываць у сьвеце - паўсюль буйныя гарады ўражвалі ня толькі сваім абліччам, але й спэцыфічнай дзейнасьцю чалавека. У Маскве і Лёндане, у Вільні і Варшаве, у Вашынгтоне і Будапэшце з задавальненьнем адзначалася: горад будуецца, харашэе, абнаўляецца. У Менску наадварот. Захапляе запусьценьне і буйства дзікай прыроды, бо ўсё што ні робіць чалавек - недарэчнае і безгустоўнае. За рэдкімі, вядома, выключэньнямі.

Мабыць, апошнім гарманічным укладам насельнікаў у аблічча горада стала збудаваньне Сталінскага праспэкту пасьля вайны. Пасьля ўсё, што ні рабілі тут людзі, вытыркалася сваёй нетутэйшасьцю, пакуль праз дваццаць-трыццаць гадоў не засвойвалася, не акаймоўвалася прыродай і не набіралася памяцьцю чарговага пакаленьня, якое тут вырастала. Гэтак адбылося з хрушчоўкамі і некалі адбудзецца зь Серабранкай або Малінаўкай. Пакуль жа шматлікія малінаўкі ў народзе справядліва называюць джунглямі, нібы падкрэсьліваючы іхную экзатычнасьць.

Улетку Менску становіцца болей, бо гаспадары відавочна не разумеюць і не вычуваюць гораду. Я б нават не назваў іх гаспадарамі. Яны - карыстальнікі. Мэр горада, прыежджы расеец Ярмошын наўрад ці разглядае сябе тут у ролі акупанта, бо гэта запатрабавала б ад яго лішніх затратаў душэўнай энэргіі, паставіла б перад ім каласальныя задачы, у кожным разе творчыя. Скажам, ператварэньне Менску паводле стандартаў расейскага губэрнскага цэнтру. У штосьці накшталт Курску або Варонежу. Але на такое бракуе ня толькі ўнутранага поклічу, але й сродкаў. Наўрад ці ставіць ён даручаны яму горад у шэраг зь Вільняй, Кішынёвам або Тбілісі, тым больш - з Варшавай, Прагай ці Будапэштам. Заходняя арыентацыя не прымаецца і не ўхваляецца на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі. Масква, абіраная ў якасьці арыентыру яшчэ за Машэравым, ня можа сёньня быць узорам для сталіцы краіны рынкавага сацыялізму, бо там свой капіталізм. Урэшце, пытаньне пра тое, ці любіць Ярмошын Менск, гучыць гэтаксама недарэчна як пытаньне - ці любіць Лукашэнка Беларусь. Ня любіць і не нялюбіць. Карыстаецца.

Даўні аматар менскай архітэктуры Сяргей Харэўскі падсумоўвае зьмены, якія апошнім часам адбыліся на гарадзкім фасадзе.

(С.Харэўскі: ) "Беларускія архітэктары ўсё яшчэ паразытуюць на тым, што было запачаткавана шмат гадоў таму. Спаруды, запраектаваныя паўтара дзясяткі гадоў назад, усё яшчэ дабудоўваюцца: аэрапорт "Менск-2", Палац Рэспублікі, чыгуначны вакзал. З гэтымі даўгабудамі скрозь гады пераносяцца ў наш час і колішнія густы ды ўяўленьні. Напрыклад, пра самы вялікі вакзал у СССР. Так ён і будуецца, хоць няма ўжо таго СССР, і пасажырапатокі даўно ня тыя. Аўтар праекту - Віктар Крамарэнка з таварышамі. Знаёмы падыход: як і два дзесяцігодзьдзі таму - ані каліва сумневу ў сваёй рацыі...

Гэта, бадай, самая адметная рыса сучаснай беларускай архітэктуры. Ніякіх ваганьняў. Трэба, напрыклад, прыстасаваць пад офіс старасьвецкі будынак, што на пляцы Мясьнікова - няма праблем! Злучаюцца два будынкі, выломваецца сярэдзіна, надбудоўваюцца паверхі - гатова. Праўда, у цэнтры поле для падобнае дзейнасьці ўжо малое. У ход пайшлі рэшткі Ракаўскага прадмесьця, якое стала палігонам для "постмадэрністаў". Вось зруйнавалі пару ацалелых камянічак на Замкавай вуліцы, каб загрувасьціць квартал сваім "экспэрыментам". Гэта творчасьць майстэрні сп. Грэчына. Праектуючы дзясяткі асабнякоў у ваколіцах Менску, майстэрня будуе іх у выглядзе замкаў і палацаў "пад старыну". Бо тут трэба падладжвацца пад замовы кліентаў. А вось калі справа даходзіць да сапраўднае старасьвеччыны - тут варварству няма межаў. Зрэшты і "замкі" Грэчына ў менскіх ваколіцах гледзяцца па-варварску на тле дабітае прыроды й сялянскіх хатаў.

Некаторыя ймкнуцца ўсё абгрунтаваць, як напрыклад, архітэктар Тарноўскі, які ў сааўтарстве будуе гатэльны комплекс на вуліцы Інтэрнацыянальнай, у ахоўнай зоне Верхняга Гораду. Тарноўскі піша: "Упісаны ў рэгуляваны асяродак Верхняга гораду комплекс цалкам растае ў гарадзкой тканіне". Рацыя, растае, распускаючы саму гэтую старую тканіну. Новы гатэль на рагу Інтэрнацыянальнай і Гарадзкога валу будзе мець дзесяць паверхаў. Пры тым архітэктар заўважае, што рэальнага маштабу пабудовы ён ня ведае сам...

Другая адметнасьць найноўшае архітэктуры ў Беларусі - гэта спроба схаваць сваю творчаю бездапаможнасьць за бляскам модных матэрыялаў. Дастаткова зірнуць на сьляпое зіхценьне кубоў - гэта пэўна адзін з... чатырох-пяці беларускіх банкаў. Набор творчых прыёмаў небагаты: мэталічная дахоўка, акрылавыя фарбы, люстаное шкло... Прыхарошваюцца "хрушчоўкі", да Палацу спорту ды Лядовага палацу ў парку Горкага прыляпляюцца дабудоўкі. То тут, то там на дамы нахлабучылі велізарных шыльдаў нечаканага прызначэньня. Напрыклад, на пад шыльдай кінатэатра "Аўрора" вісіць, выклікаючы ўсьмешку, шыльда клюбу "Тытанік"...

Самым адметным будынкам апошняга часу стаў Катэдральны касьцёл, пра існаваньне якога пасьпелі забыць. На тле бажніцы ўся астатняя фарматворчасьць стала выглядаць ЧАСОВАЙ. Як новая агароджа Аляксандраўскага сквэру ля Купалаўскага тэатру. Зборныя канструкцыі ангару, які будзе звацца вакзалам, нягеглыя далепкі з найноўшых матэрыялаў на старых дамах, усе гэтыя, зробленыя безь любові, прэтэнцыёзныя падзелкі - ЧАСОВЫЯ. Часовы стыль архітэктуры эпохі міжчасься..."

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі ахарактарызаваў сёньняшнюю дзейнасьць чалавека ў Менску як часовую. Паводле стылю і духу. Архітэктары і рабочыя, выканаўцы іхных плянаў, гледзячы на ўладу ў краіне, якая дыктуе тыя стыль і дух жыцьця, таксама выступаюць у ролі карыстальнікаў. Люблю - не люблю горад тут не прыкладаецца. Калі любіш, будзеш сто разоў сумнявацца перад тым, як штосьці перабудоўваць, перафарбоўваць або навешваць шыльду, каб не разбурыць той вобраз, што існуе ў тваёй душы. А тут паўсюль кідаецца ў вочы наадварот - адсутнасьць сумневу, безагляднасьць, а то й бяздумнасьць.

Старых менчукоў, якія б перахоўвалі даўнія вобразы роднага гораду, засталося няшмат. Каб іхныя мэмуары раскласьці на даступныя для ўсіх папулярныя прадметы культу - таксама патрэбны покліч. Аднак найперш трэба перастаць быць карыстальнікамі, а стаць менчукамі. Як? Мабыць, гэта возьмецца зь любові. Калі ўсё спэцыфічна-тутэйшае ня будзе лічыцца набыткам адыёзных нацыяналістаў. А пакуль у Менску немагчыма адрозьніць мясцовага чалавека ад прыежджага. Ані вопраткай, ані хадою, ані вачыма, ані маўленьнем жыхар Менску не адрозьніваецца ад госьця. Тым больш не адрозьніш жыхароў розных раёнаў самога Менску. А самае галоўнае, гэтыя адрозьненьні ня лічацца актуальнымі. Маўляў, навошта пра гэта ўвогуле казаць? І гэта яшчэ адна важная рыса Менскага лета. Прытупленая цікавасьць да сутнасных і вельмі істотных рэчаў. Уладацэнтрычная нацыя нібы капіруе свайго прэзыдэнта, які на кожны заклік задумацца сходу парыруе - а зачэм? Напрыклад, сытуацыя зь беларускай мовай. Ды што вы ўсё пра гэта? Але ж праблема ёсьць? Ды няма ніякай праблемы. Не прыдумляйце.

Мова - як прыклад. Тое самае - і згаданая любоў да Менску. Здавалася б, вельмі істотныя рэчы. Аж не. Пустое. Паспрабуйце запярэчыць - у Беларусі сёньня адбываецца нічым не прыкрытая татальная русіфікацыя, якой краіна ня ведала ў самыя горшыя савецкія часы. Вам адкажуць - ну і што? Што ў гэтым кепскага? Займіцеся сваёй справай. Ня думайце.

Менавіта. Я ад і да я прачытаў сьвежы нумар "Советской Белоруссии", спрабуючы зразумець іхную рацыю. Проста ня даў веры, што ўсё так брутальна і плоска. Мусіць жа быць у кіраўнічага рэжыму хоць які-небудзь свой погляд. І вось у памфлетным артыкуле пра апазыцыйныя прэзыдэнцкія выбары знайшоў. Не чапайце, маўляў, гаспада, народ, дайце спакой людзкім душам.

Чаму - думаю я - такое магчыма? Відавочныя рэчы - не заўважаюцца, не адчуваюцца, не апратэстоўваюцца. Гэта ж калі разабрацца, людзі-карыстальнікі аўтаматычна самі становяцца прадметам карыстаньня. І з тым самым посьпехам, зь якім менчукі карыстаюцца Менскам, а не жывуць у ім, прэзыдэнт Лукашэнка карыстаецца імі. Прычым вартых увагі мэтаў такога карыстаньня не відаць ні ў іх, ні ў яго. Можа быць такое спрашчэньне яшчэ не дасягнула свае вяршыні, але тэндэнцыя відавочная.

Зьміцер Бартосік падвёў вынікі нашаніўскай акцыі Дня без чужога слова, які праводзіцца ўжо восьмы месяц.

(З.Бартосік: ) "Фiлiжанку кавы, калi ласка". "Не паняла". Я паўтараю гучна па складах: "Ка-вы". "Я не знаю, што эта такое". "Вот па этаму ты i прастаiш за эцiм прылаўкам да самай сьмерцi. Адзiн кофе". Маладая прадаўшчыца паглядзела, на мяне з такою крыўдай, што стала яе шкада. Хоць моўную дуэль прайграў я. Але больш за ўсё ўразiла тое, што ў гэтую кавярню ў цэнтры Менску за паўгода не наведваўся нiхто з нашых. Ніхто да мяне не растлумачыў пра "філіжанку кавы". Можа, дата была ня тая?

Неўзабаве надыходзiць новы другі дзень новага месяца - чэрвеня. Ужо восьмага месяца з тае пары, як "Наша Нiва" iнiцыявала правядзеньне Дня без чужога слова. Я ня думаю, што гэты дзень па моўнай насычанасьцi будзе нечым кардынальна адрозьнiвацца ад папярэднiх сямi. У якiя мне так i не ўдалася вытрымаць посту. Мацi йзноў уключыць прагарму "Сегоднечко", i пераключыць на якую "Калыханку" будзе нерэальна. I прачытаць "Народную волю", зыкрываючы вочы на "чужыя" лiтары таксама не атрымаецца. Магчыма, толькi дзе-небудзь у мэтро цi на вулiцы я сустрэну якогась даўно ня бачанага адзiнаверца, i мы на якiя пяць хвiлiн прыпадзем да "гаючае крынiцы".

Мне згадваецца, як, упершыню патрапiўшы ў Маскву, я быў прыгаломшаны колькасьцю людзей на вулiцах. "Як яны адзiн аднаму не замiнаюць?" "А ты iх проста не заўважай, - вучыў мяне тады бацька, - галоўнае, трымай у полi зроку сваю мэту". Перасоўвацца ў натоўпе стала сапраўды лягчэй. Зараз, штодня шпацыруючы праз расейскамоўны натоўп, таксама можна яго не заўважаць. Але мэта ад гэтага блiжэйшаю не становiцца. Выглядае, што для яе дасягненьня трэба наадварот - як мага болей зьвяртаць на сябе ўвагу. Замаўляць у сталоўках па-буларуску, спрачацца на людзях больш гучна, больш падрабязна паказваць дарогу. Патрабуючы ў адказ менавiта "Дзякуй".

Пытаньне - цi загвораць беларускiя людзi па-беларуску вельмi падобнае на тое, цi ёсьць жыцьцё па-за межамi нашае плянэты. На кожнае зь iх ня можа быць пэўнага адказу. Цяжка ўявiць сабе iншаплянэтнiка. Але цi нашмат лягчэй намаляваць ва ўяўленьні якога-небудзь барыгу ў BMV, якi з характэрнай для "братвы" iнтанацыяй крычыць у свой сотавiк: "Зь Днём народзiнаў, любая. Тры караты, лiчы ўжо, у цябе на мезенчыку". I хоць марсiяне пакуль далёка, а беларускiя людзi тут, хто зь iх апярэдзiць нашыя чаканьнi - невядома. Нашых штомесячных высiлкаў тут наўрад цi дастаткова.

Але ўсё ж адну штуку для ажыўленьня Дня без чужога слова маю прапанаваць. У адрозьненьне ад папярэднiх, гэты Дзень мовы ўпершыню будзе цёплым. Ён пройдзе пры адчыненых вокнах. Выносьце свае магнiтафоны й радыёпрымачы на падваконьнi. Урубайце гук на ўсю моц. Хай млявае летняе паветра нарэшце напоўнiца нашымi пазыўнымi сыгналамi".

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік параўнаў сябе, які гаворыць на вуліцах Менску па-беларуску, з марсіянінам. Уявіце сабе марсіяніна на праспэкце Скарыны. Па чым вы пазнаеце яго ў вулічным натоўпе. Скафандар або сіняя скура або трэцяе вока. Няўжо сапраўды гэтак выглядае беларускамоўны? Зрэшты, калі падумаць пра рэакцыю, якую выкліча марсіянін, дык абодва выпадкі сыходзяцца. Гэта будзе страх або захапленьне, або абурэньне, толькі не абыякавасьць. Беларуская мова таксама не выклікае абыякавасьці. І гэта ня дзіўна, бо сутыкаюцца два вымярэньні, у якіх важныя абсалютна розныя рэчы, розныя мараль, досьвед і ўяўленьне рознае будучыні. Заўважце, што дзе-небудзь у Польшчы або ў Літве вашу беларускую гаворку могуць не зразумець, але, звыклыя да рознамоўя, прапусьцяць міма вушэй, як нешта незвычайнае. У Менску інакш. Тут мы марсіяне.

Акрамя менскіх фасадаў, начальства і насельнікаў, якія ходзяць па вуліцах, адбылася яшчэ адна істотная перамена - за фасадамі. Я зазірнуў у кнігарні. Колісь гэта былі для нас культавыя ўстановы. Абход кнігарняў маладая інтэлігенцыя ўчыняла па адным і цэлымі групамі. У часе абходу дзяліліся навінамі, дыскутавалі, заходзячы, паміж іншым, яшчэ й на тую славутую "філіжанку кавы". Сёньня нічога гэткага я ў Менску не знайшоў. І галоўнае - не знайшоў тых кнігарняў, якія колісь былі нашымі амаль што сьвятынямі.

Свой прамэнад я пачаў зь невялічкай кнігарні выдавецтва Беларуская энцыкляпэдыя. Калісьці сам гэты будынак выклікаў піетэт, тут канцэнтравалася беларуская веда, розум нацыі, тут працавалі мэтры гуманітарнае навукі. Сёньня ў сыраватым памешканьні энцыкляпэдычнай кнігарні я знайшоў на паліцы пару тамоў новай васямнаццацітамовай энцыкляпэдыі, тлумачальны слоўнік і штосьці пра Чарнобыль. Гэтым беларуская тэматыка вычэрпваецца. Але далёка не вычэрпваецца асартымэнт. Асобны стэлаж займаюць выданьні па акультызму і нетрадыцыйных рэлігіях. Асноўная ж маса кніг - руска-праваслаўна-славянскай тэматыкі, для дзяцей і дарослых, рознага фармату і якасьці. У наступных кнігарнях карціна паўтарылася. Рознакаляровыя фаліянты па "отечественной історіі", "словесності" і "культуре" затулілі сабою ўсё астатняе, у тым ліку і капітальна ўсохлыя палічкі зь беларускімі кніжкамі. Цалкам зьнікла беларуская патрытычная літаратура для дзяцей, якой у першыя гады незалежнасьці было шмат. Усё роднае навязьвіла ператвараецца ў "родное".

Але татальная русіфікацыя не заўважаецца. А навошта пра гэта гаварыць? І што ў гэтым кепскага? Міжволі падумаеш, што ці гэта ў цябе нешта з галавой ці ў іх.

Расчараваньне зьмяншаецца, калі выходзіш з кнігарні на вуліцу. Тут Менск, у якім пачынаецца лета, ціхмана абнадзейвае цябе знаёмымі гукамі, пахамі і краявідамі. Калі ўлада часовая і парадкі часовыя - некалі ж усё гэта зьменіцца. Можа быць, нават гэтым летам, скажам, 20 ліпеня. Дый нельга так жыць вечна - у розных плоскасьцях з абраным для жыцьця горадам і гаварыць зь ім на розных мовах. Вы скажаце, што так доўжыцца ўжо цэлую вечнасьць? Можа быць. Але горад ад гэтага не зьмяніў сваю сутнасьць. Ён цэлую вечнасьць гаворыць па-беларуску. Няхай толькі сам з сабою. Паслухайце птушыныя сьпевы, шапаценьне лісьця, гоман дажджу - і вы ў гэтым пераканаецеся.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG