Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 беларускіх кніг ХХ ст.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Хутка споўнiцца два гады, як "Наша Нiва" распачала працяглае апытаньне сваiх чытачоў на тэму ста лепшых беларускiх кнiг ХХ стагодзьдзя. Мяркуецца, што канчатковы вынiк будзе
апублiкаваны ў самым канцы 99-га году. Пакуль жа абсалютнае першае месца ў сьпiсе займае Багдановiчаў "Вянок" - самая любiмая кнiга беларусаў.

Мiж тым новая кнiжная сэрыя выдавецтва "Мастацкай лiтаратуры", прысьвечаная найлепшай беларускай паэзii стагодзьдзя, будзе пачынацца ня гэтай кнiгай. Калi ў краiне няма адзiнай культурнай палiтыкi, але пры гэтым адбываюцца жывыя культурныя працэсы, тады ерархiя аўтарытэтаў ствараецца не на ўзроўнi нацыi, а на ўзроўнi асобных суполак. Iснуе, напрыклад, савецкая ерархiя Саюзу Пiсьменьнiкаў, у якой хiба што з-за кансэрватызму яшчэ захоўваюцца iмёны Быкава або Брыля. А вось у ерархii Лукашэнкавага рэжыму гэтых iмёнаў ужо няма. Ня ўпiсваюцца ў славянскае адзiнства. Затое ўпiсваюцца ў сусьветную лiтаратуру i ў чытачоўскiя прыхiльнасьцi. Пра што i сьведчыць апытаньне чытачоў у "Нашай Нiве". Больш падрабязна пра гэты рэйтынг я распавяду ў канцы перадачы. А сьпярша мы паслухаем Зьмiтра Бартосiка i Сяргея Харэўскага.

ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ

Леташнi ўсплеск тэатральнага жыцьця ў Беларусi тлумачыцца ня столькi эстэтычнымi здабыткамi, колькi злабадзённасьцю пастановак. Нашыя тэатры зьбiраюць аншлягi на пастаноўках, у якiх высьмейваюць нягеглага правiцеля краiны. Публiка разумее, на каго намякаюць i ад душы ўдзячная лiцадзеям, якiя вярнулi тэатру ягоную першародную ролю. Як кажуць: ранiцай у газэце - увечары ў куплеце. Пра гэта - Зьмiцер Бартосiк.

ПАРТРЭТ

За апошнi год менская фотагалерэя "Нова" ў бiблiятэцы iмя Янкi Купалы зладзiла некалькi незвычайных выставаў. Год працы падсумавалi экспазiцыяй аўтэнтычнай беларускай фатаграфii, якую назвалi "Сховiшча сьвятла". Пра гэта распавядае Сяргей Харэўскi.

(Сяргей Харэўскi: ) "Француз Гаспар-Фэлiкс Тураншон, адзiн зь першых i найвялiкшых фатографаў сьвету, якi ўвайшоў у гiсторыю пад мянушкаю Надар, у сваёй кнiзе "Калi я быў фатографам" пiсаў:

"Фатаграфiя ёсьць самым дзiўным i трывожным з усiх цудаў: яна дае чалавеку магчымасьць тварыць, прыдаючы субстанцыю бесьцялеснаму духу, якi зьнiкае iмгненна, не пакiдаючы ценю ў люстэрку, альбо ў зыбi на вадзе..."

Здымкi Надара - мiнi-энцыкляпэдыя ХIХ стагодзьдзя. Зь iх на нас глядзяць легендарныя постацi мастацтва, лiтаратуры, палiтыкi, жанчыны i мужчыны, сусьветна вядомыя й невядомыя нiкому... Але перадусiм яны ўсе жывыя. Бесьцялесны дух, якому Надар прыдаў субстанцыю - бясконцае сьведчаньне таго, што ён быў.

Як я нi напружваў сваю памяць, так i не прыгадаў нiводнага вартага ўвагi старога беларускага фота ў савецкiх кнiгах, альбо на выставах. Усё дзяцiнства" Беларусь да 17-га году" асацыявалася ў мяне са страшнымi здымкамi менскiх ускраiнаў, паводкi на Нямiзе ды шпалернай фабрыкай... Адным словам - куток цемнаты. Анi табе выбiтнае архiтэктуры, анi пастаральных краявiдаў, анi людзкага нармальнага жыцьця. Залiшне нагадваць, што i якасьць гэтых рэпрадукцыяў была, як наўмысна, вусьцiшнай... Мала таго, што за часамi СэСэСэРу была фiзычна зьнiшчаная большая частка нашае спадчыны, улады ймкнулiся вытруцiць нават успамiн пра яе. Што казаць, калi й дасёньня ў Нацыянальным музэi гiсторыi й культуры Беларусi налiчваецца толькi пару сотняў "адзiнак захоўваньня" здымкаў, сярод якiх галоўная - фотаальбом жыдоўскае жаночае гiмназii зь Менску.

Але ва ўсе гэтыя дарэвалюцыйныя жахi (пахiленыя хаты, мурзатыя лапцюжнiкi, бруд i нiшчымнасьць) з цягам часу верылася ўсё меней. Недавер стаў прынцыповым, калi я натрапiў на сямейны бабцiн архiў. Сярод пажоўклых дакумэнтаў, абразкоў i выцiнак са старых газэтаў было пару сотняў старасьвецкiх фота. Зь iх на мяне глядзелi мае прадзеды, дзяды, крэўныя й далёкiя сваякi. Ахайна апранёныя й пастрыжаныя, з пачуцьцём упэўненасьцi ў сабе i ў сваiх блiзкiх. Вучоба, праца, сьвяты... Годнае чалавечае жыцьцё, дзе ёсьць месца й песьнi й жальбе, але няма месца адчаю. Перадусiм, для мяне гэта азначала, што наша гiсторыя мае нашмат болей фарбаў, а значыць мусяць iснаваць яе праўдзiвыя сьведчаньнi.

У сярэдзiне 80-х адбыўся нечаканы прарыў. Высьветлiлася!, што безьлiч старых здымкаў i паштовак i дасёньня блукаюць па руках людзей i ашчадна перахоўваюцца ў сямейных архiвах. У 83-цiм годзе выйшла кнiга Вячкi Целеша "Менск на старых паштоўках", якая адразу стала бэстсэлерам у Беларусi. Гэтую кнiгу i сёньня прыемна ўзяць у рукi: густоўная аздоба, зграбна расстаўленыя здымкi i бадай, самае галоўнае, яна выклiкае чыста чалавечую цiкаўнасьць - дэталi краявiдаў, поры году, i людзi... дзецi i старыя, паны i паненкi, службоўцы i гандляры, сяляне й шляхцюкi. Усе папярэднiя камунiстычныя ўяўленьнi пра нашую мiнуўшчыну адразу сплываюць... Пасьля былi кнiгi Пазьняка, Каляды, Дзянiсава, Шыбекi. Iстотная дэталь - усе гэтыя кнiгi былi iлюстраваныя фотаздымкамi з прыватных збораў. А на пачатку 90-х зьявiлiся наборы старых здымкаў Полацка, Гораднi, Вiцебска, Гомеля... Але нiхто яшчэ не зважаў на здымкi прыватнага, людзкага йснаваньня на адлегласьцi працягнутае насустрач рукi, сьвятло ад якога даходзiць да нас праз усе завiрухi, пажары, доўгiя ночы дзесяцiгодзьдзяў...

"Вырваныя намi зь бясконцае Вечнасьцi i ўзятыя фатаграфiяй у палон бясцэнныя прамянi здольныя вяртаць сваё магiчнае сьвятло да невераемнасьцi доўга - прынамсi да тае пары, пакуль iснуе здымак, пакуль ён Сьведама Захоўваецца намi" - гэткiмi словамi раскрывае канцэпцыю выставы "Сховiшча сьвятла" Уладзiмер Парфянок. Гэтая выстава, што адбылася ў апошнiя тыднi мiнулага году ў менскае бiблiятэцы iмя Янкi Купалы, раскрыла нарэшце перад гледачамi той, роўны подзьвiгу, пляст беларускае культуры, якi завецца калекцыянаваньнем фота. Выстава, нiбы своеасаблiвы дыптых, складалася зь дзьвюх прыватных калекцыяў - Мiхася Раманюка i Ўладзiмера Парфянка. Мiхась Раманюк зьбiраў старыя здымкi чвэрць стагодзьдзя, iнтуiтыўна, а часам ц'алкам усьведамляючы, якi бясцэнны скарб трапляе да яго. "Дагарэлая давыд-гарадоцкая царква Сьвятога Юр'я. 6 траўня 1ча936 году" - першы дакладна датаваны здымак фотамастака Зубея. Дзясткi гадоў гэты майстар з Давыд-Гарадка нястомна фiксаваў побыт i пачуцьцi сваiх землякоў. Некалькi ягоных здымкаў на выставе ўводзяць нас ў далёкi сусьвет, па якiм можна падарожнiчаць бясконца, ...прынамсi пакуль будзе каму яго берагчы. Шэдэўр калекцыi Раманюка - здымак фатографа Блажко з Хоцiмскага раёну, датаваны 1889 годам. Гэта першы, зь вядомых сёньня, уласна мастацкi беларускi здымак. Сьвяточна ўбраныя дзецi ў цёмным пакоi, куды ўрываецца сноп ваконнага сьвятла. Контражур. Не разгледзець дзiцячых вачэй. ...Таму ймгненьню без малога 110 гадоў...

Уладзiмер Парфянок калекцыянуе сучаснае фота. Здавалася мне, што гэта ня зьдзiвiць. Але падыходзiш да здымкаў ужо далёкiх 80-ых, i цяжка адвесьцi вочы ад вачэй тых, хто ўжо нiколi ня будзе гэткiм, як быў. Як нiколi ня будзе сярод нас Мiхася Раманюка цi фатографа Мiхала Жылiнскага, чые "Акты" пасьпеў зьберагчы Парфянок.

Гэтай выставаю галерэя "NOVA" адзначыла першы год свайго йснаваньня. Першая беларуская галерэя фотамастацтва, дзеля таго, каб зазiрнуць наперад, зазiрнула ў мiнуўшчыну, ...вярнуўшы першародны сэнс "самага "праўдзiвага й трывожнага" мастацтва".

(Сяргей Дубавец: ) Сяргей Харэўскi наведаў выставу "Сховiшча сьвятла" у менскай галерэi "Нова".

Opus Citatum

У нашанiўскiм сьпiсе ста беларускiх кнiг ХХ стагодзьдзя, якi фармуецца чытачамi газэты, названа ўжо каля сямiсот выданьняў. Некаторыя згадваюцца па трыццаць разоў, некаторыя - па тры, некаторыя раз. Наколькi ўсё гэта аб'ектыўна? Думаю, што да канца стагодзьдзя, калi колькасьць допiсаў дасягне некалькiх соцень, гэта непазьбежна будзе аб'ектыўна. Вы скажаце, што гэта ж нашанiўскiя чытачы, густы якiх фармуе канкрэтная газэта. Але хiба стануць складаць такiя сьпiсы чытачы якой-небудзь iншай газэты? I потым "Наша Нiва" акрамя дэсаветызацыi не навязвае чытачам нiякiх iншых спэцыфiчных густаў. Урэшце, дзеля большае аб'ектыўнасьцi рэдакцыя плянуе правесьцi падобнае апытаньне сярод прафэсiйных крытыкаў i
лiтаратараў, сярод нефармальных, неафiцыёзных аўтарытэтаў.

Праўда, асабiста мне думаецца, што канчатковы сьпiс ужо нiяк радыкальна ня зьменiцца. Хiба што за гэтыя гады зьявяцца новыя кнiгi, а некаторыя, заўважныя сёньня, забудуцца. Першую
пазыцыю ў рэйтынгу займае Багдановiчаў "Вянок", другую "Споведзь" Ларысы Генiюш, трэцюю "Беларуская граматыка для школаў" Бранiслава Тарашкевiча. Гэтак выглядаюць абсалютныя вяршынi нацыянальнае лiтаратуры. Да iх дадаюцца "Дзiкае паляваньне караля Стаха" Караткевiча i "Знак бяды" Васiля Быкава. Калi Багдановiч - самы любiмы беларускi аўтар, дык Караткевiч - самы чытаны. У першай сотнi - ягоных кнiг 8, а ўсяго называецца 16.

Пасьля "Знаку бяды" Быкава згадваюцца "Старажытная Беларусь" Ермаловiча "Новая Зямля" Коласа, "Невядомая вайна" Сагановiча i "Геаграфiя Беларусi" Смолiча. Я заўважаю, што ў верхняй частцы сьпiсу практычна няма савецкiх кнiг i савецкiх паводле сутнасьцi аўтараў. Эстэтыка мiнулае эпохi незваротна сыходзiць разам зь яе кантэкстам. Можна на нейкi час запынiць саўдэпаўскiя парадкi, але нельга спынiць час i кантэкст. Беларускi культурны
кантэкст ХХ стагодзьдзя фармуецца зусiм ня кнiгамi Лынькова, Броўкi i Куляшова, а тымi, што былi забароненыя, як бы прыглушаныя на час i пры першай магчымасьцi выйшлi на паверхню, як сапраўдныя набыткi лiтаратуры i нацыi. Зборнiк вершаў "Пад сiнiм небам" Натальлi Арсеньневай, "Кароткая гiсторыя Беларусi" Ластоўскага, "У кiпцюрох ГПУ" Францiшка Аляхновiча. Апошняя кнiга - цi ня першае адкрыцьцё савецкага Гулагу, выйшла ў пачатку трыццатых адразу на некалькiх мовах i стала бэстсэлерам у сьвеце. У самой Беларусi
яе надрукавалi толькi пасьля перастройкi. А вось "Памяць пра легенды" Кастуся Тарасава пiсалася ў 80-я i для многiх стала адкрыцьцём самое беларушчыны. "Беларусь пад нямецкай акупацыяй" Юрыя Туронка - адкрыцьцё праўды пра вайну.

Кнiгi-адкрыцьцi, думаецца, яшчэ будуць зьяўляцца ў нашанiўскiм сьпiсе. Бо лiтаральна летась зьявiлiся выданьнi пра маладзёжны антысавецкi супрацiў пасьля вайны i пра ўнутранае жыцьцё рэпрэсiўнае машыны НКВД. Высокiя пазыцыi ў рэйтынгу займаюць таксама "Таямнiцы полацкай гiсторыi" Уладзiмера Арлова i "Беларусы ў ЗША" Вiтаўта Кiпеля - таксама адкрыцьцi.

Зразумела, што цiкавасьць да нядаўна забароненай праўды прыдае сьпiсу пэўную дыдактычнасьць. А зьяўленьне згаданых кнiг менавiта сёньня, забясьпечвае iм высокiя месцы ў рэйтынгу. Да прыкладу, адкрыцьцi ранейшых гадоў згадваюцца мала, бо забылiся, а самi кнiгi не перавыдаюцца. Я маю на ўвазе выдатную беларускую школу лiтаратуразнаўства 70-х гадоў, кнiгi Сьцяпана Александровiча, Генадзя Кiсялёва, Генадзя Каханоўскага, Адама Мальдзiса, Яўгена Лiса, Валянцiна Грыцкевiча. Iх нiбы зьмянiлi iмёны ранейшае хвалi -
дасавецкае або эмiгранцкае: Даўнар-Запольскi, Абдзiраловiч, Ластоўскi, Вiцьбiч, Акула або постсавецкiя: Ткачоў, Чаропка, Сямашка.

Мастацкая лiтаратура ў агульным параўнаньнi прайграе лiтаратуры факту. Пераважна тут - клясыка: Цётка, Гарун, Купала, Колас, Гарэцкi, Маўр, Генiюш. З найноўшага згадваюцца хiба што Алексiевiч, Разанаў, Дайнека. Астатнiя - радзей. I ў гэтым сэнсе, думаю, сьпiс яшчэ будзе карэктавацца. Усё часовае непазьбежна адсеецца, застанецца галоўнае.

Напрыканцы тысячагодзьдзя "Наша Нiва" мяркуе сабраць усю сотню найлепшых кнiг i выдаць яе на кампакт-дыску. Палiграфiчнае выкананьне гэтае сотнi адняло б зашмат часу i сродкаў. А кампутары да канца тэрмiну зьявяцца ў кожнай культурнай установе.

Памятаю, на мяжы 70-х i 80-х, калi мы толькi далучалiся да беларушчыны, мы складалi для новых сяброў сьпiсы лiтаратуры, якую трэба прачытаць, а нешта недаступнае множылi фотаспосабам. Сто беларускiх кнiг ХХ стагодзьдзя - гэта ўжо зусiм новы этап у далучэньнi да беларушчыны. I гэта значыць, што мы разьваемся. Што нас не спынiць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG