Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ НАКІРАВАЛІСЯ Ў БРУСЭЛЬ І БЭРЛІН


Валер Каліноўскі, Менск

На перамовы ў Брусэль запрошаныя дзесяць апазыцыйных лідэраў, у тым ліку старшыні партыяў БНФ, АГП, БСДГ “Народная грамада”, дэпутаты з групы “Рэспубліка”, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. У штаб-кватэры Эўразьвязу заплянаваны сустрэчы беларускай дэлегацыі на высокім роўні: з Томам Кітам, дзяржаўным міністрам ў пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва й правоў чалавека ва ўрадзе Ірляндыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе; з камісарам ў пытаньнях пашырэньня Эўразьвязу Гюнтэрам Фэргойгенам, з кіраўніком замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіерам Салянам ды іншымі ўплывовымі дзеячамі. Гаворыць адзін з чальцоў беларускай дэлегацыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Я думаю, што палітычны падтэкст гэтай паездкі відавочны. Тры тыдні таму пашырыўся Эўрапейскі Зьвяз. Ідзе дыскусія, што рабіць, як выбудоўваць адносіны зь Беларусьсю, і тое, што запрашаецца дэлегацыя апанэнтаў беларускага рэжыму – гэта пэўнае пасланьне для Беларусі”.

Анатоль Лябедзька кажа, што нядаўняя заява Гюнтэра Фэргойгена аб праблематычнасьці выкарыстаньня новай палітыкі суседзтва пры дачыненьнях зь Беларусьсю вынікала з палітыкі самаізаляцыі афіцыйнага Менску. Таму беларуская апазыцыя мае намер прапанаваць Брусэлю выпрацаваць асобную праграму дзеяньняў, адмысловую стратэгію й тактыку ў адносінах да Беларусі. Найперш патрэбная, лічыць спадар Лябедзька, праграма дэмакратызацыі краіны, праграма, у якой знайшлося б месца для беларускай грамадзянскай супольнасьці, для жыхароў краіны, праграма, зь якой была б выключаная толькі афіцыйная ўлада.
Пасьля перамоваў у Брусэлі частка апазыцыйнай дэлегацыі адразу накіруецца на перамовы ў Бэрлін. Там да іх далучацца іншыя прадстаўнікі беларускай апазыцыі.

(Лябедзька:) “Гэты здвоены візыт надзвычай важны, у нас ёсьць добры шанец, каб данесьці сваю пазыцыю да эўрапейскай супольнасьці, да Эўразьвязу, і дапамагчы выпрацаваць канчатковы варыянт стратэгіі й тактыкі дзеяньняў у адносінах да Беларусі”.

Усяго ў Бэрлін запрошаныя 12 прадстаўнікоў Народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”, чатыры – ад Эўрапейскай кааліцыі й чатыры дэпутаты з групы “Рэспубліка”. На думку лідэра “Народнай грамады” Міколы Статкевіча, беларуская дэлегацыя павінна зыходзіць у Брусэлі й Бэрліне з адзіных пазыцыяў, што Беларусь пры дэмакратычным ладзе зможа прэтэндаваць на сяброўства ў Эўразьвязе. Што да актуальных дачыненьняў Беларусі й Эўразьвязу, то спадар Статкевіч падтрымаў пазыцыю Анатоля Лябедзькі:

(Статкевіч:) “Што да праграмы “Новыя суседзі”, то калі Эўразьвяз ня хоча мець дачыненьняў з нашымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, многіх зь якіх яны ў адпаведнасьці са справаздачай Пургурыдэса лічаць за злачынцаў, то, значыць, тады патрэбная асобная праграма для Беларусі, якая б рэалізоўвала супрацоўніцтва з самой краінай, выключаючы гэтых беларускіх чыноўнікаў”.

Мікола Статкевіч кажа, што афіцыйны Бэрлін, запрасіўшы такую вялікую дэлегацыю беларускай апазыцыі – дваццаць чалавек з розных кааліцыяў, хоча такім чынам паспрыяць і кансалідацыі беларускай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG