Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ ЗАДАВОЛЕНЫЯ ПРАЦАЮ КАМІСІІ МАП


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зь лідэрам Свабоднага прафсаюзу Генадзям Быкавым і ягоным калегам, юрыдычным кансультантам прафсаюзу па Аршанскім рэгіёне Алегам Граблеўскім я сустрэўся ля будынку беларускага прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў адразу пасьля заканчэньня іх сустрэчы зь сябрамі камісіі Міжнароднай арганізацыі працы. Вось што распавёў Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) “Сустрэча працягвалася 5 гадзінаў. А 9-й раніцы і да 14-й. Усяго ад Свабоднага прафсаюзу заслухалі 15 сьведак. Камісію найперш цікавіла, што адбываецца, і фактура. Маленькі выступ і як мага больш мы давалі дакумэнтаў, якія сьведчылі, што адбываецца. Не з нашых аповедаў і словаў, а што бачна з гэтых дакумэнтаў”.

Сьведкі, актывісты прафсаюзу распавялі камісіі пра тое, што адміністрацыі многіх прадпрыемстваў адмаўляюцца прадастаўляць першасным суполкам дакумэнты пра наяўнасьць юрыдычнага адрасу, а бяз гэтага яны ня могуць быць афіцыйна зарэгістраваныя. Сябраў Свабоднага прафсаюзу звальняюць з прадпрыемстваў, адміністрацыі адмаўляюцца заключаць калектыўныя дамовы і пераводзяць працаўнікоў на кантрактную сыстэму найму. У гэтым выпадку прафсаюз ня мае магчымасьці ўплываць на адміністрацыю прадпрыемстваў.

Генадзь Быкаў працай міжнароднай камісіі вельмі задаволены:

(Быкаў: ) “Мне здаецца, што гэта вельмі сур’ёзная камісія. Да восені яны будуць рыхтаваць даклад. Мне здаецца, што сур’ёзна падыдуць да справы, і з тымі дакумэнтамі, якія толькі наш прафсаюз ім даў, гэта будзе вельмі крытычны даклад, што тычыцца кіраўніцтва нашай краіны”.

Юрыдычны кансультант Свабоднага прафсаюзу па Аршанскім рэгіёне Алег Граблеўскі спадзяецца, што вынікі работы камісіі Міжнароднай арганізацыі працы паўплываюць на паляпшэньне сытуацыі ў справе захаваньня правоў беларускіх прафсаюзаў:

(Граблеўскі: ) “Хочацца спадзявацца на тое, што прысутнасьць тут камісіі і вынікі яе працы паўплываюць на паляпшэньне сытуацыі. Тым больш, што быў зварот да ўраду, каб падчас прысутнасьці камісіі адбываліся паляпшэньні. Я спадзяюся, што яны будуць”.

Камісія, створаная Міжнароднай арганізацыяй працы 19 лістапада летась, працуе ў Менску з 15 па 23 красавіка. Яе ўзначальвае прафэсар міжнароднага грамадзкага права Загрэбскага ўнівэрсытэту, што ў Харватыі Будыслаў Вукас. Сябры камісіі ўжо сустрэліся з прадстаўнікамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, а таксама прафсаюзаў радыёэлектроннай прамысловасьці й аўтасельгасмашу.

20 красавіка ўвечары сябры камісіі сустракаліся з прадстаўнікамі Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў і галоўным рэдактарам газэты “Салідарнасьць” Аляксандрам Старыкевічам. У наступныя дні яны сустрэнуцца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў.

У выніку працы камісіі мяркуецца падрыхтаваць даклад, у якім будуць зробленыя адмысловыя заключэньні, а таксама парады беларускім уладам наконт таго, якія меры павінныя быць прынятыя ў справе выпраўленьня сытуацыі з правамі прафсаюзаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG