Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА МАБІЛІЗАЦЫІ Ў ПІЯНЭРЫ – “БУДЗЬ ГАТОВЫ!”


Ігар Карней, Менск

Аршанскі чацьвераклясьнік Ян ня ведае ні пра Леніна, ні пра ідэалы камунізму, часова замененыя расплывістымі контурамі рынкавага сацыялізму.

І калі адразу пасьля Вялікадня настаўніца абвесьціла: ёсьць ідэя ўсім клясам падацца ў піянэры, Ян папрасіў дазволу запытацца ў маці – маўляў, ці не занадта небясьпечна туды хадзіць? Настаўніца, у сваю чаргу, параіла не адбівацца ад калектыву, бо “беспартыйным белым варонам” будзе ўчынены маральны байкот. Ян, дзякуючы таму, што бацькі пасьпелі выхапіць яго з рук піянэрскага прывіда, усё ж застаўся па-за ідэалягічнай суполкай. Але такіх дысыдэнтаў у клясе аказалася толькі два.

Ці варта казаць, што падобная ініцыятыва на месцах ніяк не стасуецца з заявай Лукашэнкі, які, выступаючы на мінулым тыдні ў палаце прадстаўнікоў, так адказаў на пытаньне дэпутата Парфяновіча: супраць волі заганяць дзяцей у піянэры і БРСМ недапушчальна.

Аднак з савецка-камсамольскім імпэтам актывісты ідэалягічнага фронту трымаюцца іншага гледзішча. Ад пачатку красавіка ў бальшыні школаў адбыліся канфэрэнцыі, прысьвечаныя піянэрскаму руху. У менскую школу №4 гэтаксама завітала піянэрважатая ад Фрунзенскага РАНА. Каб піянэрскай актывістцы зручней было агітаваць, усіх малодшых школьнікаў сабралі разам, вызваліўшы нават ад урокаў. Вось што расказвае вучаніца 5 клясу Галіна.

(Галіна: ) “Канфэрэнцыя праходзіла ў актавай залі, дзе сабралася болей за сто чалавек. Былі ўсе настаўнікі, нават дырэктар. Некаторыя зь іх таксама агітавалі ўступаць у піянэры. Гаварылі так: мы прымушаць ня будзем, але ўступайце ў піянэры! Хоць мне здаецца, кожны павінен сам вырашыць, дзе і зь кім яму лепей”.

На пачатку агітатарка абвясьціла, што прыехала ў школу наўпрост са зьлёту актывістаў-піянэрважатых, дзе атрымала адпаведныя праграмныя веды. А потым з энтузіязмам распавяла: “Нарэшце ў школы вяртаюцца звыклыя атрыбуты арганізацый, у якіх колісь плённа працавалі вашыя бацькі”, – зьвяртаючыся да аўдыторыі, выкрыкнула піянэрважатая, ускінуўшы ў піянэрскім салюце правую руку.

(Галіна: ) “На шыі ў яе быў рознакаляровы гальштук з трыма палоскамі. Дакладней, гэта звычайны чырвоны гальштук, а ўжо на яго, у залежнасьці ад “заслугаў”, нашываюцца палоскі. Яна расказала, што кожная азначае. Зялёная выдаецца за тое, што ты ўступіў у піянэры. Сіняя дадаецца за актыўную працу і белая, калі цябе абіраюць лідэрам. Яна запрасіла ўступіць у піянэры, бо, сказала, піянэраў у нашай школе вельмі мала, а па Фрунзэнскім раёне іх некалькі тысячаў. Таму школу, маўляў, патрэбна падцягнуць да гэтай колькасьці. Але, на колькі я ведаю, у піянэры згадзілася ўступіць вельмі мала дзяцей. Чаму мала? Пэўна, таму, што стаўленьне да іх ня вельмі добрае. І самі дзеці сябе ня вельмі ўтульна адчуваюць”.

У школе №4 у той дзень піянэрскія шэрагі папоўнілі 33 вучні 4-5 клясаў. Плян на пагалоўную мабілізацыю ў піянэры, ня гледзячы на актыўныя перакананьні, адным наскокам выканаць не ўдалося. Але піянэрважатая абяцала вярнуцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG