Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 19 КРАСАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Голас Беларуса” ў 1924 годзе пад загалоўкам “Першыя савецкія хрэсьбіны” паведамляе зь Лепельскага раёну: “9 сакавіка ў нашым клюбе адбываліся савецкія хрэсьбіны (акцябрыны) сына грамадзяніна вёскі Бядавіцы Яшкі Гарынок. Дзіцяці далі імя Леў у чэсьць правадыра Чырвонай арміі Троцкага. Кумамі выбралі Зіноўева і Крупскую. Народу было шмат. Шмат сяброў вітала першых у воласьці піанэраў новага быту. Іграў струнны аркестр музыкі. Ячэйка КСМ прыняла над Львом шэфства і залічыла яго ў камсамол. Мацеры паднесен падарунак — 10 аршын паркалю. У гэты дзень мы пралажылі першую сьцежку да новага быту”.

Праз 10 гадоў “Віцебскі пролетарый” знаёміць з Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту Саюзу ССР, у якой гаворыцца: “1. Устанавіць вышэйшую ступень адлічча — прысваенне за асабістыя ці калектыўныя заслугі перад дзяржавай, звязаныя з вытварэннем геройскага подвіга, назву ГЕРОЯ СОВЕЦКАГА САЮЗА. 2. Назва ГЕРОЙ СОВЕЦКАГА САЮЗА прысвайваецца выключна пастановамі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР. 3. Герою Совецкага Саюза выдаецца асобная грамата. 4. Героі Совецкага Саюза карыстаюцца правамі і перавагамі, устаноўленымі для асоб, узнагароджаных двума ордэнамі Саюза ССР (агульнае палажэнне аб ордэнах Саюза ССР)…”

Нарэшце, яшчэ праз 10 гадоў “Беларуская газэта” друкуе пасланьне Мітрапаліта ўсяе Беларусі Панцелеймана: “Нашае жыхарства усходняе Беларусі ў працягу больш, чым 20 год ня чула ніякае праўды аб Богу… Асабліва неабходна, каб праваслаўнае сьвятарства навучала дзяцей у школах закону Божаму, малітвам і хрысьціянскае маралі, якая лічыцца марксістамі “классовым предрассудком” і падлягае зьнішчэньню… Імем Уваскрослага Госпада нашага Іісуса Хрыста, адмяжоўвайцеся усімі магчымымі сродкамі ад бязбожных людзей, як ад носьбітаў пякельнага ада, ад якога цяпер мы вызваліліся сілаю і міласьцю Уваскрослага Госпада”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG