Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2003 ГОДЗЕ ЗАМЕЖНЫЯ ПАЛЯЎНІЧЫЯ ПАКІНУЛІ Ў БЕЛАРУСІ 700 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ


Іна Студзінская, Менск

У 2003 годзе на замежным паляўнічым турызьме Беларусь зарабіла паўтара мільярда рублёў (каля 700 тысяч даляраў). Паляваць прыяжджала больш за 600 іншаземцаў. У Расеі яшчэ дзесяць год таму кожны рубель, затрачаны на прыём замежных паляўнічых, прыносіў 40 рублёў прыбытку. Сёньня за "гасьцяваньне" ў бранскіх або валагодзкіх лясах замежнікі выкладаюць у сярэднім 3000 даляраў. Гэта амаль утрая больш, чым пакідаюць яны ў Беларусі. Меркаваньне шэф-рэдактара тыднёвіка “Туризм и отдых” Сяргея Плыткевіча:

(Плыткевіч: ) “У адрозьненьне ад нашых гістарычных, культурных аб’ектаў, прырода ў Беларусі захавалася лепш за ўсё. Захаваліся дзікія жывёліны, якіх у Заходняй і Цэнтральнай Эўропе фактычна ўжо амаль няма. Па-другое, захаваліся людзі, якія ведаюць гэтую прыроду, ведаюць павадкі жывёлін і вельмі добра могуць арганізаваць паляўнічы турызм”.

У Беларусі ёсьць 30 відаў птушак і больш за 20 відаў жывёлін, на якіх можна паляваць. У 2003 годзе было дазволена адстраляць 580 ласёў, 370 аленяў, амаль 5200 дзікоў, 3600 казуляў. Замежнікам нават выдалі некалькі ліцэнзіяў для паляваньня на выбракаваных зуброў. Аляксандар Александровіч амаль 10 гадоў прымае замежных турыстаў і тлумачыць іхную цікавасьць так:

(Александровіч: ) “Разумееце, паляўнічыя едуць сюды не па мяса. Адзін пералёт, да прыкладу з Італіі, патрабуе тысячы эўра. Пытаньне не стаіць у тым, каб настраляць. Ясна, гэта азарт, гэта інстынкт. Гэта як полавы інстынкт для нармальнага мужчыны – ён у нейкі момант уключаецца, і далей незалежна ад стану ў грамадзтве, ад сьвядомасьці ён сам кіруе чалавекам”.

Іншаземных паляўнічых прымаюць тры беларускія структуры – Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, “Белдзяржпаляваньне” і Беларускае таварыства рыбаловаў і паляўнічых.

Для грамадзкага аб’яднаньня – таварыства паляўнічых – гэта ледзь не адзіная крыніца выжываньня. Расказвае егер з Івацэвіцкага раёну Аляксандар Купрэйчык.

(Купрэйчык: ) “За мінулы год у нас былі праведзеныя 7 тураў з замежнымі паляўнічымі: 5 – з расейскімі, адзін з італьянскімі, адзін – з палякамі. З гэтых тураў гаспадарка зарабіла больш за 6 мільёнаў рублёў, і гэта не на страту мясцовым паляўнічым”.

Самыя “апэтытныя” й прыбытковыя кавалкі – Бярэзінскі й Прыпяцкі запаведнікі, Белавескую пушчу, Браслаўскія азёры, Нарачанскі парк, шмат лясгасаў – забрала пад свой дах Кіраўніцтва справамі адміністрацыі прэзыдэнта.

Большую частку замежнікаў-паляўнічых – 364 чалавекі – абслугоўвала менавіта яно. І зарабіла на іх больш за ўсіх – 1 мільярд 16 мільёнаў рублёў. Натуральна, асабліва вабіць паляўнічых Белавеская пушча, значная частка якой застаецца запаведнай зонай. Эколягі, “зялёныя”, натуральна, абураюцца. Меркаваньне Валера Дранчука:

(Дранчук: ) “Гэта прынцыповая рэч: на такіх тэрыторыях, як запаведнік, не павінна быць паляваньня. Ёсьць адстрэл, які санкцыянуецца навукай. Але тое, што адбываецца ў Белавескай пушчы, у Нацыянальным парку “Прыпяцкі”, гэта вялікая камэрцыя, там гэта грошы.... Нацыянальны парк – гэта зона прыродалюбная, і там паляваньня не павінна быць”.

Кіраўніцтва справамі адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Камінскі гэтыя факты адмаўляе.

(Камінскі: ) “У самой пушчы не палююць. У запаведнай частцы наагул няма ніякай дзейнасьці чалавека. Ні паляваньня, ні высяканьня, нават санітарнага, нічога няма. Адно, што ёсьць на тэрыторыі, – гэта рэгуляваньне колькасьці жывёлін, таму што ў пушчы колькасьць дзікоў значна перавышае аптымальную”.

Якім чынам адбываецца гэтае рэгуляваньне, спадар Камінскі не патлумачыў. Хутчэй за ўсё, толькі адстрэлам. Эколягі выказваюць трывогу, што дзеля трафэяў выбіваюцца менавіта элітныя жывёліны – найбольш моцныя й прыгожыя.

Апавядае паляўнічы зь Нямеччыны Курт:

(Курт: ) “Вядома, дамоў хочацца прывезьці добрыя трафэі. І дзеля іх некаторыя мае сябры гатовыя на ўсё, што, як кажуць, дазваляецца гаспадарамі. Часьцей яны ведаюць, што пры гэтым парушаецца закон, бо даводзіцца плаціць больш... Але... Карацей, пытаньні ёсьць. Але ў асноўным не да нас, а да гаспадароў паляваньня. Гэта ваш лес, вашыя дзікі, тут жыць вашым дзецям, унукам”.

У залежнасьці ад вагі, сымэтрыі й наагул прыгажосьці рагоў адстрэл эўрапейскага аленя каштуе замежніку ад 500 да 3000 эўра, лася – ад 550 да 800, дзіка – ад 300 да 700, воўк абыдзецца ў 500 эўра.

Адстрэл глушца й цецярука каштуе 400 эўра. Ну а зубра – да 7 тысяч эўра. Дзеля такіх грошай шмат хто зь беларускіх егераў ідзе на ўсё. Гаворыць Валер Дранчук.

(Дранчук: ) “Тут яшчэ пануе такая ўсёдазволенасьць, лёгка падкупіць егера. Калі тыя ж немцы прыяжджаюць да нас і так сябе паводзяць альбо маюць магчымасьць так сябе паводзіць, яны з нас сьмяюцца, яны ня могуць нас паважаць за гэта”.

Праўда, ня ўсе замежнікі ідуць на дамову з сумленьнем. Часьцяком апавядаюць, як – наадварот – іншаземец шкадуе прыгожага магутнага зьвера ў жывой прыродзе. Так, у адрозьненьне ад беларусаў, якія любяць паляваць на птушку ўвесну, у шлюбны пэрыяд, італьянцы й французы едуць на слонку ці глушца толькі ўвосень. А цяпер палююць на качара. Гаворыць Жуль – паляўнічы з Францыі:

(Жуль: ) “У вас у Беларусі захаваліся сапраўдныя лясы, дзе вядзецца вельмі шмат дзічыны. У Заходняй Эўропе, сапсаванай цывілізацыяй, гэтага ўжо няма. Таму кожны год прылятаю на Палесьсе паляваць на птушак”.

Іншаземны паляўнічы траціцца ў Беларусі толькі на трафэі – “рагі й капыты”: пакідае тут у сярэднім з тысячу даляраў. А ў суседніх Польшчы й Літве плаціць дадаткова яшчэ да тысячы даляраў за размаітыя турыстычныя паслугі. Між тым Беларусь можа быць для замежных паляўнічых больш прывабнай, чым краіны-суседкі. Бо там значная частка лясоў – у прыватных гаспадароў. І ня кожны пушчае да сябе паляўнічых, нават за вялікія грошы. Затое, скажам, шматлікія польскія паляўнічыя інтэрнэт-сайты даюць вялізны аб’ём інфармацыі пра магчымасьці краіны, турыстычныя паслугі, запрашаюць і заахвочваюць... На двух жа беларускіх вэбсайтах адно толькі трафэйныя расцэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG