Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУДЫ БУДЗЕ ЛЁТАЦЬ АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НА НОВЫМ “БОІНГУ”?


Ігар Карней, Менск

Гісторыю будаўніцтва адмысловага самалёта для Аляксандра Лукашэнкі ўладам удавалася захоўваць у таямніцы амаль тры гады. Менавіта столькі мінула часу з моманту замовы, калі на стапэлях у Сыэтле стаяў гатовы да ўнутранага аздабленьня новы фюзэляж эксклюзіўнай мадэлі “Business Jеt”. Зрэшты, і цяпер у адміністрацыі Лукашэнкі адмаўляюцца ад камэнтароў: ці не знаходзіцца ў аварыйным стане цяперашні самалёт Лукашэнкі, расейскі “Ту-154”, калі ўзьнікла неабходнасьць замаўляць больш надзейны амэрыканскі “Боінг”?

Разам з тым, крыніцы ў Дзяржкамавія пацьвердзілі: паступова гісторыя з прэзыдэнцкім “Боінгам” набліжаецца да фінішнай рысы. Днямі зь Нямеччыны вярнуўся экіпаж, які трымаў іспыты ў адной з авіяшколаў і дзе на трэнажорах пілёты адпрацоўвалі пасадку ў няштатных сытуацыях. Праўда, калі верыць чуткам, лётчыкам яшчэ ёсьць над чым працаваць, бо двойчы яны ня справіліся з заданьнем і пусьцілі ўяўны самалёт у крутое піке.

Цяпер настала чарга падвысіць прафэсійны ўзровень мэханікам. Адмысловыя курсы ў Сыэтле павінны стаць сур’ёзным выпрабаваньнем, паколькі дагэтуль абслугоўваньнем адзінага ў Беларусі пасажырскага “Боінгу 737-500” займаліся запрошаныя дзеля гэтага тэхнікі з Украіны. Самі ж украінцы не перастаюць зьдзіўляцца “вынаходлівасьці” беларусаў . Нідзе яшчэ ў сьвеце не пазбаўляліся ад лёду, намерзлага на фюзэляжы “Боінгу”, цяганьнем дывановай дарожкі, перакінутай праз самалёт! А на менскім лётнішчы гэта практыкавалася ўсю зіму.

Пры канцы сакавіка ў Менск прыяжджала група амэрыканскіх дызайнэраў, якія ўдакладнялі густы будучага карыстальніка: якога колеру паслаць дываны, як аздобіць крэслы, якія лямпачкі ўкручваць і г.д. Аднак, нават без уліку пэрсанальных густаў заказчыка, мадэль “Business Jеt” ад пачатку розьніцца ня толькі падвышанымі тэхнічнымі характарыстыкамі, але і ўзроўнем камфортнасьці. Усё сьведчыць на тое, што самалёт адрасаваны нешараговай асобе: поўная шумаізаляцыя, прыборы сачэньня за паветранымі аб’ектамі, спэцсувязь, складаная сыстэма бясьпекі, адмысловыя кандыцыянэры паветра. Усё гэта каштуе вялізных грошай. Але цана такіх машынаў ніколі не бывае аднолькавай: каштарыс наўпрост залежыць ад запатрабаваньняў кліента. Так, калі арабскія шэйхі аздабляюць салён золатам, то эўрапейскія кіраўнікі спыняюцца пераважна на чырвоным дрэве.

У беларускім выпадку фінансавыя выдаткі з чымсьці параўноўваць цяжка: набыты летась сэрыйны пасажырскі “Боінг 737-500” нават з улікам свайго 10-гадовага ўзросту каштаваў 23 мільёны даляраў.

У новага ляйнэра беспрэцэдэнтная для грамадзянскіх самалётаў дальнасьць палёту без дазапраўкі — 14 тысячаў кілямэтраў, што істотна перавышае здольнасьці цяперашняга самалёту Лукашэнкі, расейскага “Ту-154”. Іншая рэч, ці спатрэбяцца беларускаму лідэру такія тэхнічныя перавагі? Адлегласьць у паветры ад Менску да Масквы, куды Лукашэнка пераважна лётаў (а цяпер ён і там ня часты госьць) — усяго 800 кілямэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG