Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ЎЛАДЫ АДЗНАЧЫЛІ ЎГОДКІ КАНЦЛЕРА РАСЕЙСКАЙ ІМПЭРЫІ МІКАЛАЯ РУМЯНЦАВА


Казімер Яноўскі, Гомель

Напрыканцы 18 стагодзьдзя, пасьля падзелу Рэчы Паспалітай і захопу Расеяй беларускіх земляў, расейская імпэратрыца Кацярына II падаравала Гомель з 5 тысячамі жыхароў фэльдмаршалу Пятру Румянцаву, бацьку Мікалая Румянцава. Ва ўказе сказана: “жалуется для увеселения”. З прыходам Румянцава большая частка гомельскіх мяшчанаў была пераведзеная ў сялянства, падпарадкаваная суду і ўладзе новага гаспадара. Пра тагачасныя парадкі распавядае гісторык, дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў:

(Глушакоў: ) “Румянцаў жыў найперш коштам працы прыгонных беларускіх сялянаў. У гэтым сэнсе ён, безумоўна, быў прыгоньнікам. Ягоныя сяляне працавалі на яго не як на прадпрымальніка, не як на працадаўцу, які ажыцьцяўляў вольны наём на працу. Не, Румянцаў для іх быў уладальнікам — уладальнікам іхнай маёмасьці, уладальнікам іхнага жыцьця наогул”.

Паводле словаў гісторыка, гамельчукі працавалі на зарганізаваных Мікалаем Румянцавым невялічкіх ткацкіх фабрыках і заводзіках прынамсі 12 гадзінаў штодня. Уведзены быў грашовы падатак з кожнага працаздольнага гамельчука, а таксама 25-гадовая рэкруцкая служба для мужчынаў. Ня стала мясцовага самакіраваньня.

(Глушакоў: ) “Наколькі вядома, нашы землякі да ўваходжаньня ў склад Расейскай імпэрыі былі вольнымі людзьмі і мелі магдэбургскае права, якое дазваляла ім мець мясцовае самакіраваньне. Але пасьля пераходу Гомеля ва ўладаньне Румянцавых усе зрабіліся надзвычай залежнымі людзьмі. Прававое становішча вельмі пагоршылася. Гомель зрабіўся прыватным мястэчкам, усялякае самакіраваньне перастала існаваць”, — сказаў дэпутат і гісторык Юрась Глушакоў.

Пра Мікалая Румянцава нярэдка згадваюць як пра асьветніка і знакамітага зьбіральніка кніг. Вядома, што асабістая бібліятэка Мікалая Румянцава стала ў Маскве асноваю бібліятэкі імя Леніна, цяперашняй Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі. Аднак мала хто ўголас кажа, што зьбіралася гэтая бібліятэка ў Гомелі. Адсюль паходзяць шматлікія фаліянты Румянцава. Распавядае дырэктар абласнога краязнаўчага музэю Канстанцін Мішчанка:

(Мішчанка: ) “Мікалаем Румянцавым сабрана каля 28 тысяч кніг. Большая частка зь іх была сабраная ў нас, у ягоны гомельскі пэрыяд жыцьця. Для нас цікава, што менавіта сабрана тут. Былі сабраныя старажытныя рукапісы, манускрыпты”.

Падчас нядаўняга наведваньня расейскай сталіцы супрацоўнікі музэю спрабавалі высьветліць, якія менавіта кнігі набытыя Мікалаем Румянцавым у Гомелі. Аднак высілкі посьпеху пакуль ня мелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG