Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНЮСТ ДАМАГАЕЦЦА ЛІКВІДАЦЫІ БЕЛАРУСКАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ МАЛАДЫХ ПАЛІТЫКАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон лічыць, што Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў два гады фактычна знаходзілася не па сваім юрыдычным адрасе, нясвоечасова зьмяніла назву пасады кіраўніка арганізацыі з прэзыдэнта на старшыню, а таксама вельмі доўга вырабляла новы варыянт уласнай пячаткі. На гэтай падставе ён прасіў судзьдзю Філіманіхіну ліквідаваць аб’яднаньне.

Старшыня аб’яднаньня маладых палітыкаў Аляксандар Цынкевіч даводзіў, што ніякіх парушэньняў законаў і статуту арганізацыя не дапускала. Паводле яго, да канца 2003 году арганізацыя знаходзілася ў адпаведнасьці з пазначаным у дакумэнтах юрыдычным адрасам. А пячатка і назва кіраўніка арганізацыі былі зьмененыя толькі сёлета таму, што большасьць сяброў каардынацыйнай рады летась зь ліпеня да сьнежня былі ў доўгатэрміновай камандзіроўцы ў Расеі.

Прадстаўнік Мінюсту адмовіўся гаварыць з карэспандэнтам Беларускай Свабоды на тэму гэтага судовага разьбіральніцтва. А вось што сказаў старшыня Аб’яднаньня маладых палітыкаў Аляксандар Цынкевіч:

(Цынкевіч: ) “Я лічу, што ўсе абвінавачаньні Мінюсту надуманыя і неабгрунтаваныя. Няма за што ліквідоўваць беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў. Паводле беларускага заканадаўства, калі цягам году ёсьць два папярэджаньні на адну тэму, то Мінюст ліквідуе арганізацыю. Але ў Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў няма ад Мінюсту ніводнага папярджаньня ад пачатку рэгістрацыі. Я лічу, што ёсьць загад ліквідаваць грамадзкія аб’яднаньні, бо дзяржава, якая жорстка падаўляе любое іншадумства, лічыць нямэтазгодным мець арганізацыі, якая нясуць іншую думку ў грамаздтва. Яны робяць перашкоды аўтарытарнай або таталітарнай дзяржаве, калі ёсьць іншая думка”.

Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў — адна з самых старых грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі. Яна паўстала ў 1992 годзе пад назвай Асацыяцыя палітычных дзеячоў Рэспублікі Беларусь з ініцыятывы шэрагу дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. У 2000 годзе, паводле рашэньня Вярхоўнага суду, Мінюст зарэгістраваў арганізацыю пад цяперашняй назвай.

Зь вясны мінулага году суды розных узроўняў на просьбу Міністэрства юстыцыі ліквідавалі больш за пяцьдзясят грамадзкіх арганізацыяў. Сярод іх такія вядомыя як праваабарончы цэнтар “Вясна”, “Прававая дапамога насельніцтву”, “Ратуша” ды іншыя.

Рашэньне ў справе Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў Вярхоўны суд прыме днямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG