Рэканструктары кажуць, што хочуць наладзіць пераемнасьць паміж Беларусьсю часоў Рэспублікі і Беларусьсю часоў Вялікага княства літоўскага ды Рэчы Паспалітай.
У той час як бальшыня людзей са скуры вылузваецца, каб пракарміць сябе й дзяцей, гэтыя гуляюць у дрындушкі – куюць мячы й латы, робяць збрую для коней й паляўнічых сокалаў, арбалеты з аптычным прыцэлам, шыюць вопратку з даматканага ільну і ладзяць турніры ды балі. Такіх людзей нямала – лік ужо ідзе на тысячы.
Сярэднявечныя дыскатэкі, балі й турніры заўсёды шматлюдныя. На іх “ломяцца” ня толькі ўдзельнікі, але й гледачы. Гэтак, заля Маладзечанскага дому культуры, дзе праходзіў апошні сярэднявечны фэст “Белы замак”, была перапоўненая. Музыка, воклічы герольдаў, звон мечаў. Мой маленькі сусед, сын мясцовага бээнэфаўца, не адрываючыся, сочыць за дзеяй.
(Карэспандэнтка: ) “Як табе падабаецца рыцарскі турнір?”
(Хлопчык: ) “Ну, цудоўна. Цудоўна”.
Гаворыць Аляксей Бурнасенка, рэканструктар жыцьця гарадзкіх нізоў, аматар сярэднявечнай дрымбы – інструмэнта, вядомага ў нашай краіне з 12 стагодзьдзя.
(Бурнасенка: ) “Каб ня гэта, у мяне была б лепшая кар’ера. Бо гэта забірае шмат часу й грошай. Я рэканструюю маргінальныя слаі насельніцтва – жабракі, блазны, менэстрэлі. У мяне некалькі касьцюмаў. Я яшчэ й займаюся гістарычным танцам. Вельмі многія расейскія, і ўкраінскія, і заходнія рэканструктары зайздросьцяць нам. Таму што гэта падобна на тое, як гэта было раней. У нас калі б’юцца, то да крыві і нейкіх моцных траўмаў. У Беларусі нейкая скрыжаванасьць моцнага мінулага (Вялікае Княства маю на ўвазе) зь нейкай безаглядансьцю. Калі нашыя запрашаюць біцца на сталёвых мячах, эўрапейскія рыцары хапаюцца за галаву: не, мы з вамі ня будзем біцца, вы звар’яцелыя!”
На сёлетнім фэсьце ў Маладзечне секліся так зацята, што былі параненыя й шпіталізаваныя 8 рыцараў.
Рэканструкцыя для многіх людзей робіцца ня хобі, а нечым больш сур’ёзным. Магчыма, ладам жыцьця. Узьнікае пэўная індустрыя. Клюбаў даволі шмат, пералічу некаторыя – “Сэрца Цмока”, “Срэбны Адзінарог”, “Меч і крумкач”, “Кап’ё”, “Ордэн Паўночнага Храму”, "Чорныя драбы", "Вараская дружына Ральфа", “Княжы гуф”. Апошні нават мае ўласную газэту. Пры сур’ёзных клюбах дзеяць гільдыі майстроў, якія робяць сотні й тысячы рэчаў. Рэчаў назапашана ўжо столькі, што можна абставіць усе беларускія замкі.
Напрыклад, арбалет майстра Гарыка Габрыэлян ўпрыгожвае залю Мірскага Замка. Сам Гарык 9 гадоў таму прыехаў у Беларусь з Армэніі. Захапіўся гісторыяй Княства, падарожнічае майструе лукі й арбалеты. Сам з прафэсіі інжынэр вайсковай аптычнай тэхнікі.
(Карэспандэнтка: ) “У Вас ёсьць арбалетная майстэрня?”
(Габрыэлян: ) “Так, пад ложкам. Гэта робіцца рукамі з чырвонага дрэва. Мэталічныя дэталі таксама ёсьць. З аптычным прыцэлам. Я дадаў лазэр”.
У Менску Гагік завёў сям’ю, ягонай дачцэ 9 год. Ён выхоўвае яе на клясычнай музыцы ды Сярэднявеччы. Сярод пагоркаў Лагойшчыны дачка страляе з бацькавага арбалета – з лазэрам і аптычным прыцэлам.
(Габрыэлян: ) “Вельмі нестае гораў. Я нават набыў участак у Лагойскім раёне, бо там ёсьць пагоркі. Коні, лукі, арбалеты. Гэта вельмі важна адчуць сябе незалежным, гордым за тое, што ты – беларус”.
Некаторыя рэканструктары лічаць, што іхная справа – зьнітаваньне парванай нацыянальнай гісторыі – найважнейшая. У іхных дамох кампутары суседзяць зь мячамі. Гаворыць Арына Вячорка.
(Вячорка: ) “Кампутар – дапаможная тэхніка. Галоўнае – што выяўлена на экране кампутара. А там крыж і меч – сымболі вечнасьці. Я для сябе нядаўна зрабіла адкрыцьцё: маханьне мячом і пісаньне пяром могуць ажыўляць старадаўняга чалавека ў чалавеку сучасным”.
Беларуская рэканструкцыя адбываецца ў рэчышчы эўрапейскага кантэксту.
(Вячорка: ) “Беларусы – вельмі практычны народ. Таму разам зь іншымі эўрапейскімі народамі мы пайшлі па шляху выпрацоўкі новай філязофіі жыцьця: ва ўсіх эўрапейскіх школах гісторыя цяпер выкладаецца як гісторыя матэрыяльнай культуры. Ва ўсіх эўрапейскіх падручніках ілюстрацыі тых часоў, дадаюцца прадметы побыту, зь якіх вучні рэканструююць жыцьцё тых людзей”.
Улады Беларусі ставяцца да рэканструкцыі насьцярожана. Сёлета нават не далі правесьці фэст у Менску, але дазволілі ў Маладзечне. Публікацыі ў афіцыйнай прэсе называюць рыцарскі рух “чужым” і “непатрэбным”. Гаворыць журналістка аднае з афіцыйных газэтаў:
(Спадарыня: ) “Гэта ня нашае. Гэта чужыя нам культы. Двое хлапцоў наліліся півам, адзін аднаго сячэ баявой сякераю, а той яго мячом дастае. Мне сказалі, што фінансуе іх UNESCO. Штосьці ж ім трэба?”
Спадарыня лічыць, што “славянам чужы культ жорсткасьці, які спрадвеку несла нам Заходняя Эўропа”, таму рыцарскія клюбы варта забараніць.
(Спадарыня: ) “Чым дзяржаве выдзяляць месца пад такія фэсты, то лепей было б адраджаць сваё. Хоць бы дзеці даведаліся пра гісторыю Беларусі”.
Ачольнік Згуртаваньня беларускае шляхты, гісторык Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта распавёў для Радыё Свабода:
(Вяроўкін-Шэлюта: ) “Слова “рыцар” ўжывалася ў нас шырока. Ёсьць збор Каяловіча “Гербар рыцарства Вялікага Княства Літоўскага”. Там паказаныя гербы шляхецкіх родаў. Рыцарства – гэта было сынонім шляхты. Баяры – гэта прамежкавая катэгорыя паміж сялянамі й шляхтай. Збольшага яны ўвайшлі ў шляхту. Яны баранілі дарогі й межы ВКЛ ад Масковіі. Тэрмін “баяры” паступова быў выцесьнены тэрмінам “шляхта”. Некаторы час рыцараў нават называлі баяры-шляхта”.
Такім чынам, рыцарства ў Вялікім Княстве – гэта шляхта, баяры. Паводле Анатоля Грыцкевіча, слова шляхта паходзіць ад нямецкага shlagen – біць, адпаведна Shlacht – “бітва”.
Ёсьць і другое вызначэньне паходжаньня ад старажытнаверхненямецкага slahte, што азначае “род, паходжаньне, парода”. А вось словы “баяры”, па некаторых зьвестках, паходзіць ад слова “ваяры”.
Рэканструкцыя прымушае людзей шукаць адказу на пытаньне: што ж тут адбывалася ў Сярэднявеччы? Была тут Расея ці Эўропа, а можа, нешта трэцяе, адметнае? У кожнага свае адказы на пытаньні. Беларуская рэканструкцыя паўстае мультыкультурнай. Гаворыць Арына Вячорка.
(Вячорка: ) “Тыя часы былі вельмі сугучныя цяперашнім. Усё было забаронена, але ўсё роўна кожны абіраў сабе стыль і спосаб жыцьця. Гэта дае надзею на тое, што цяпер ідзе будаўніцтва нашай нацыі й дзяржавы, беларусы – нацыя маладая і з пэрспэктывай”.
Ад аднаго з рэканструктараў давялося пачуць цікавую думку: магчыма, наш час нашчадкі назавуць Рэканструкцыяй, як мы назвалі розныя часы Рэнэсансам, Барока, Клясыцызмам ці Сярэднявеччам.