Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЯБЛЯНЕ РЫХТУЮЦЦА ЗАВЕРШЫЦЬ ПОСТ ДЫ АДСЬВЯТКАВАЦЬ ВЯЛІКДЗЕНЬ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Таму цікава даведацца, хто як датрымліваецца традыцыяў у гэтыя апошнія перадсьвяточныя дні, якія, поводле рэлігійных канонаў, яшчэ лічацца поснымі.

На першы погляд, датрыманьне посту — гэта вельмі асабістая рэч. Аднак хто-ніхто зь віцяблянаў лічыць пост зьявай ня столькі асабістай, колькі грамадзкай і нават, можа, палітычнай.

(Спадарыня: ) “Я хачу сказаць, што цяпер пост самы натуральны — усё аддаеш за квартплату, і ў некаторых пэнсіянэраў пост будзе нават і на Вялікдзень! Пэнсія 15-га, а Вялікдзень — 11-га… Як казаў Лукашэнка “трошку хлебца, трошку тваражку, а мяса ўжо толькі дзецям, зрэдку”. Паспрабуйце сказаць такое мужчынам, якія на заводзе працуюць, што ў іх будзе толькі хлеб ды малако. Якая тады праца ад іх будзе? І ўвогуле, нашыя мужыкі ўжо такія худыя сталі, што ім ужо хутка не папруга патрэбная будзе, а сабачы ашыйнік!”

(Спадарыня: ) “Я мяса не люблю, дык магу пасьціць, для мяне вельмі проста! Дый тое раблю так, па магчымасьці, ня ўзводзячы ў абсалют. Але я стараюся быць дабрэйшаю да людзей, казаць ім паменей брыдкіх словаў”.

(Спадарыня: ) “А я ніколі не пасьцілася, не пашчуся і ня буду пасьціцца! Ня ведаю, добра гэта або дрэнна, але, на маю думку, кожны мусіць адказваць на гэтае пытаньне сам! Я адказу для сябе пакуль не знайшла, таму не пашчуся”.

З гледзішча сучаснае мэдыцыны пост таксама ня можа быць ацэнены адназначна. Пра гэта аворыць доктар-дыетоляг Віцебскага абласнога шпіталю:

(Доктарка: ) “Пасьціць цяпер сталася, можна сказаць, модаю. Але сучасная мэдыцына кажа, што строгі пост супрацьпаказаны людзям, якія хранічна хворыя. А таксама і здаровыя людзі, якія перажываюць моцныя нэрвовыя стрэсы або фізычныя нагрузкі, мусяць атрымліваць зь ежай дастатковую колькасьць бялкоў мінэральных ды іншых карысных рэчываў. Асаблівая небясьпека ўзьнікае ў часе пераходу ад посту да скаромнае ежы, калі дазволена есьці тлустае, ужываць алькаголь. Ня трэба аб’ядацца, абпівацца, бо Вялікдзень — гэта перадусім духоўнае сьвята, калі чалавек мусіць радавацца наступленьню вясны, радавацца жыцьцю”.

Ад сёньняшняга дня гаспадыні ўжо гатуюць сьвяточныя стравы, каб заўтра пайсьці пасьвянціць іх да царквы або да касьцёлу.

(Гаспадыня: ) “Во цеста падыходзіць, я яго на ноч ставіла. А пахне, мабыць, прыправамі. Я нацёрла шафрану, кардамону... Крыху пазьней булкі пастаўлю пячы. І ўжо яйкі фарбуюцца. Цяпер прадаюцца і розныя хімічныя фарбавальнікі, і налепкі з надпісамі па-расейску “Христос воскрес”. Мне ўсё гэта недаспадобы. І таму я фарбую яйкі старым бабульчыным спосабам — у шалупіньні ад цыбулі. Досьвед, правераны пакаленьнямі —- во якія прыгожыя!”

Да Вялікадня засталося два дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG