Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РЭКАНСТРУЯВАНЫМ АРШАНСКІМ ВАКЗАЛЕ ЗНОЎ “У.І.ЛЕНІН АБВЯШЧАЕ САВЕЦКУЮ ЎЛАДУ”


Браніслава Станкевіч, Ворша

Над уваходам у залю чаканьня ізноў зьмясьцілі вялізную копію карціны Ўладзімера Сярова “У.І.Ленін абвяшчае савецкую ўладу”.

Тое, што ў рэстаўраваным памяшканьні, са шклопакетамі ў вокнах, з мадэрновай плястыкавай мэбляй, побач з электронным таблё на ўсю сьценку карціна з выявай Леніна глядзіцца дужа ўжо ненатуральна, адзначае бальшыня апытаных на чыгуначным вакзале пасажыраў.

(Дзяўчынка: ) “Ленін? Ну, я ня ведаю дакладна, хто ён… А што яго тут намалявалі, то лепей бы намалявалі што-небудзь з вакзалам зьвязанае, або гадзіньнік павесілі, або расклад. А то павесілі нейкую рэвалюцыю, нікому не вядомую. Аблезлую...”

(Спадар: ) “Раней гэтая карціна была ці ня ў кожным падручніку: Ленін недзе там выступае… Не, трэба мадэрновае нешта, сучаснае. А гэта ўжо гісторыя. Помнік — дык яго ўжо ня ссунеш, а карціну, канечне, трэба здымаць”.

(Спадарыня: ) “Вакзал проста выдатны, прыгожы. Але я тут сяброўку праводзіла, дак мы як угледзелі тую карціну, дзе Ленін… Ну, слухайце! І льнокамбінат у нас ёсьць, і Караткевіч тут нарадзіўся, і “кацюшы” тут упершыню выпрабавалі — няўжо нельга было нейкага мясцовага калярыту дадаць? А гэтай карціне месца ў музэі!”

Мясцовы музэй ужо даўно гатовы прыняць копію карціны “Ленін абвяшчае савецкую ўладу” ў свае фонды, бо якую-кольвек мастацкую, а хутчэй нават гістарычную каштоўнасьць яна ўсё ж мае. У першым варыянце твору Ўладзімера Сярова спаміж людзей, якія слухаюць прамову Леніна, быў намаляваны Іосіф Сталін. Пасьля вядомага ХХ зьезду аўтар мусіў замяніць выяву нядаўняга “правадыра ўсіх народаў” выявай рэвалюцыйнага салдата з масоўкі. Што ж да аршанскай копіі, то на ёй выяву Сталіна ўжо замалявалі, а салдата на гэтае месца зьмясьціць, як у пазьнейшым аўтарскім адпаведніку, так і не парупіліся. У такім “недапераробленым” выглядзе копія карціны і экспануецца на аршанскім чыгуначным вакзале ад пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Аршанскія чыгуначнікі распавядаюць, што карціну гэтую загадаў пакінуць на месцы сам старшыня Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка. Хаця начальніца вакзалу Тацяна Еўлакова прапаноўвала замяніць яе чымсьці больш адпаведным. Дарэчы, дырэктар аршанскага Музэю гісторыі ды культуры Віктар Лютынскі згадвае, што ў музэйных фондах, калі добра пашукаць, знайшлося б нешта прыдатнае.

(Лютынскі: ) “У нас, здаецца, ёсьць некалькі карцінаў такога вялікага памеру. Але з падобнымі просьбамі да нас чыгуначнікі не зьвярталіся. Пыталіся, праўда, неяк, якія бы мы ім параілі паставіць помнікі, бо там з аднаго баку стаяць Заслонаў з паравозам, а з другога — няма нічога. Дык я кажу: пастаўце, можа, якія жанравыя скульптуры, як робяць у Менску. Выяву пасажыра, які адстаў ад цягніка, ці чыгуначніка, які ў звон звоніць, ці правадніцу. Ці міліцыянта, які ганяе бабулек, што гандлююць півам на пэроне! Што-небудзь такое! Ну, але ня ведаю, што яны там рашылі”.

Пляцоўка перад будынкам вакзалу дагэтуль пустая, і аршанцы могуць хіба толькі ўяўляць сабе, што тым можа зьявіцца. І пакуль у іх ёсьць падставы меркаваць, што менавіта да Ўладзімера Ільліча кіраўніцтва аршанскае чыгункі мае нейкі асаблівы сантымэнт. Прынамсі, жалезабэтонны бюст Леніна, які ад 1960 году стаяў перад уваходам у стары сужбовы будынак лякаматыўнага дэпо, быў пару гадоў таму з пашанаю перанесены ды ўсталяваны каля новага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG