Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

28 сакавіка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет нямецкі дыплямат і падарожнік Зыгмунд Гербэрштайн, які зрабіў падрабязнае апісаньне сучаснай яму Беларусі 16-га стагодзьдзя; беларускі паўстанец Уладзіслаў Борзабагаты, які ў часе паўстаньня Каліноўскага быў камісарам Наваградзкага павету, а потым уцёк ад сьмяротнае кары за мяжу, дзе стаў галоўным лекарам Парыскае камуны; беларускі жывапісец Апалінар Гараўскі, які маляваў цудоўныя краявіды 19-га стагодзьдзя: “Вечар у Менскай губэрні”, “Від у ваколіцах Бабруйску”, “Пінскія балоты”.

28 сакавіка 1953 году ў СССР была абвешчаная шырокая амністыя, вядомая пад назваю «берыеўская». Важнасьць гэтай падзеі становіцца зразумелай, калі ўлічыць, што значная частка насельніцтва Савецкага Саюзу была зьняволеная тады ў сталінскім ГУЛАГу. Праўда, «берыеўская» амністыя тычылася толькі крымінальнікаў, вялізныя масы якіх выйшлі на волю. Такая несправядлівасьць справакавала цэлую хвалю забастовак, якія ў ГУЛАГу праводзілі палітычныя зьняволеныя.

28 сакавіка 1971 году ў СССР сышоў з канвэеру першы аўтамабіль «Жыгулі». За ўзор гэтай машыны, якую ў народзе назвалі «капейкай», быў узяты італьянскі «Фіят-124». Задумляліся «Жыгулі» як «народны аўтамабіль», якім, аднак, ня сталі.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 28 сакавіка ў розныя гады, згадаем сёньня італьянскага мастака і архітэктара Рафаэля, чэскага пэдагога Яна Амоса Каменскага, амэрыканскага палітыка Зьбігнева Бжэзінскага і ягонага нямецкага калегу Ганса-Георга Віка, які быў кіраўніком місіі АБСЭ ў Беларусі і, дарэчы, нарадзіўся з Бжэзінскім у адзін год – 1928-мы.

Цяпер – пра сёньняшнія гістарычныя даты.

29 сакавіка 1853 году пакінуў гэты сьвет Вінцэнт Бучынскі, прафэсар філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі, заснавальнік і рэдактар самага першага беларускага часопіса, які называўся “Полацкі штомесячнік” і выйшаў у сьвет у 1818 годзе.

29 сакавіка 1943 году ў акупаваным немцамі Менску быў забіты беларускі юрыст і грамадзкі дзеяч Фабіян Акінчыц. Забойства ўчынілі савецкія партызаны.

Сярод тых, хто нарадзіўся ў гэты дзень у розныя гады, згадаем сёньня расейскага цара Аляксея Міхайлавіча, на рахунку якога самая крывавая на тэрыторыі Беларусі за ўсю яе гісторыю вайна, калі быў забіты кожны другі жыхар краіны; савецкага міністра ўнутраных справаў Лаўрэнція Берыю і заснавальніка беларускага кінематографу рэжысэра Ўладзімера Корш-Сабліна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG