Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МЫ НЯ ПРОСІМ — МЫ ПАТРАБУЕМ, КАБ ЗЬНІЗІЛІ ПЛАТУ ЗА КВАТЭРУ”


Ганна Соусь, Менск

Ініцыятарам сходу і збору подпісаў стала дэпутатка Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Людміла Гразнова. Яна абіралася ў парлямэнт у гэтай выбарчай акрузе. На сход прыйшлі каля 60 чалавек. Адміністрацыя ЖЭСу дала для сходу памяшканьне. Людзі выказвалі свае прэтэнзіі на адрас уладаў і патрабавалі зьнізіць камунальныя плацяжы:

(Спадарыня: ) “Мы не прыйшлі прасіць, мы прыйшлі патрабаваць, каб зьнізілі плату за кватэру”.

(Спадарыня: ) “Мне прыслалі рахунак — 120 тысяч. Я сама льготніца, былы вязень канцлягеру. А заплаціла — і засталося 10 тысяч. Дык сабралі б нас ўжо ўсіх у гета, як тыя немцы, і спалілі б…”

(Спадар: ) “Няма чаго гаварыць пра жабрацкія пэнсіі. У сьвеце такіх пэнсіяў не існуе, як не існуе такога становішча, як у нас, што мы павінны плаціць за кватэру да 70–80% ад яе”.

(Спадарыня: ) “Кожны месяц усё больш і больш плаціць, а пэнсію прыносяць 18-га. А аплаціць трэба да 15-га, і даводзіцца плаціць пэню”.

(Спадарыня: ) “Чаму такая розьніца ў плацяжах у розных раёнах гораду?”

(Спадарыня: ) “Я атрымліваю 120 тысяч пэнсіі, мне за кватэру плаціць 70–80 тысяч. На што жыць? У мяне застаецца 40 тысяч. Што-небудзь абавязкова зрабіце з пэнсіяй, гэта ж немагчыма”.

Пад зваротам да міністра эканомікі Беларусі з патрабаваньнем зьнізіць камунальныя плацяжы ўжо падпісаліся больш за 900 чалавек. На сходзе прысутнічаў галоўны інжынэр ЖЭСу № 3, які паспрабаваў адказаць на прэтэнзіі людзей, аднак ягоныя тлумачэньні большасьць удзельнікаў сходу прызнала недастатковымі. Людзі таксама абураліся вялікай розьніцай паміж памерам пэнсіі адстаўных вайскоўцаў, супрацоўнікаў міліцыі, КГБ і звычайных пэнсіянэраў.

(Спадарыня: ) “Чаму пэнсія супрацоўніка КГБ 300 тысяч, а я пасьля 38 гадоў працы атрымліваю 140 тысяч? Вы паглядзіце, якія пэнсіі атрымліваюць міліцыянты, вайскоўцы!”

(Спадарыня: ) “Чаму ў нашай дэмакратычнай дзяржаве два гатункі пэнсіянэраў?”

Варта адзначыць, што на сход прыйшлі жыхары аднаго з прэстыжных менскіх раёнаў, які за савецкім часам называлі “андатравым”, бо тут жылі прадстаўнікі партыйнай намэнклятуры і высокапастаўленыя вайскоўцы. Паводле Людмілы Гразновай, паказальна, што нават у гэтым раёне людзі зь цяжкасьцю аплачваюць рахункі за кватэру і камунальныя плацяжы. Гаворачы для Радыё Свабода пра вынікі сёньняшняга сходу, Людміла Гразнова адзначыла:

(Гразнова: ) “Аб чым мы гаворым на кухнях, выплеснулася тут у залі. Людзі паказалі, што гэта агульная праблема ўсіх грамадзянаў, і тых, хто працуе, і тых, хто на пэнсіі. Вынік той, што мы зьвярнуліся да ЖЭСу і патрабавалі адказаць на нашыя пытаньні, і яны тут ня вельмі ёмка сябе адчувалі. Вынік трэці — мы зарганізаваліся і будзем адстойваць свае інтарэсы, а менавіта разам пойдзем празь некалькі дзён да міністра ды іншых адказных асобаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG