Сэсія пачалася пазьней на 20 хвілінаў: Барыс Грызлоў затрымаўся на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Ужо на прэсавай канфэрэнцыі спадар Грызлоў распавёў пра высновы, якія ён зрабіў пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі:
(Грызлоў: ) “Я думаю, мы можам казаць пра тое, што, нягледзячы на пэўныя трэньні, працэс рухаецца наперад. І як кажуць фізыкі, бяз трэньня рух наперад немагчымы”.
На просьбу больш падрабязна распавесьці пра размову з Аляксандрам Лукашэнкам новы кіраўнік Парлямэнцкага сходу даў адмоўны адказ. А вось ягоны папярэднік Генадзь Селязьнёў у размове са мной выказаў здагадку, што Лукашэнка і Грызлоў абмяркоўвалі праект Канстытуцыйнага акту:
(Селязьнёў: ) “Некаторыя ўжо называюць наш дом даўгабудам. На жаль, гэта так. Але ж урэшце даўгабуды калі-небудзь дабудоўваюцца. Сёньня вельмі важная пазыцыя двух прэзыдэнтаў. Нават наконт таго праекту Канстытуцыйнага акту, які сёньня канстытуцыйная камісія аддала на разгляд прэзыдэнтам, мы пакуль ня бачым пісьмовых заўвагаў. Прэзыдэнт Лукашэнка сказаў, што ён у прынцыпе згодны з гэтым дакумэнтам. З нашага боку былі выказаныя заўвагі, але яны не паступілі ў канстытуцыйную камісію. У Расеі прайшлі выбары — і ў Думу, і прэзыдэнта, і цяпер прэзыдэнты могуць сабрацца і прааналізаваць, што зроблена, а што не. Патрэбна хутчэй дасягаць кампрамісу і паразуменьня ў самім Канстытуцыйным акце, выносіць яго на рэфэрэндум, а атрымаўшы падтрымку насельніцтва, прымаць рашэньне аб выбарах у Парлямэнцкі сход і нарэшце заканчваць наш даўгабуд”.
Аднак апошні варыянт праекту Канстытуцыйнага акту падабаецца ня ўсім. У эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Павал Барадзін яго моцна раскрытыкаваў:
(Барадзін: ) “Сёлета, я думаю, Канстытуцыйны акт будзе ўнесены, але ён патрэбны канкрэтны. Я там начытаўся: “пры наяўнасьці адсутнасьці”, “магчымасьці прысутнасьці”, “калі мы зьбяромся, дык, можа, дамовімся”, мо што і атрымаецца… Такі Канстытуцыйны акт нам не патрэбны. Нам патрэбна канкрэтнасьць: і парлямэнт, і выканаўчая ўлада, і кантрольная ўлада, і тэрміны канкрэтныя. І прэзыдэнт, і віцэ-прэзыдэнт нашай, так бы мовіць, дзяржавы. Запэўніваю вас — гэта ня “лішнія” чыноўнікі, гэта абсалютна іншая рэч”.
Што тычыцца агульнай стратэгіі Парлямэнцкага сходу, то новаабраны віцэ-сьпікер Вячаслаў Валодзін у эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё сказаў, што на першы плян трэба выносіць эканамічныя пытаньні. На ягоную думку, перадусім трэба мець агульнае эканамічнае заканадаўства. Бяз гэтага ніякага руху быць ня можа.
17 сакавіка Парлямэнцкі сход прыняў у першым чытаньні бюджэт саюзу на 2004 год. Паколькі згодна з рэглямэнтам паміж першым і другім, апошнім чытаньнем дапускаецца перапынак ня больш за два тыдні, вырашана правесьці наступнае паседжаньне 25 сакавіка ў Маскве.