Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАВА ХОЧА, КАБ ГАРАДЗЕНЦЫ ПАЛІЛІ ЦЫГАРЭТЫ ФАБРЫКІ “НЁМАН”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Апошнім часам існуюць дзьве тэндэнцыі: з аднаго боку, фабрыцы не дазваляюць распараджацца сваёй прадукцыяй, а з другога – улады прымушаюць гандаль прадаваць “нёманскія” цыгарэты, хаця яны далёка не такія папулярныя нават у самой Горадні.

Учора я размаўляў з курцамі. Яны гавораць, што гарадзенскія цыгарэты паліць той, хто эканоміць грошы і ня вельмі задумваецца наконт здароўя. Сёньня шмат хто купляе падобныя, але лепшыя цыгарэты менскай вытворчасьці альбо нават расейскія, якія лічацца больш якаснымі, але таксама досыць танныя. Такім чынам ніякіх патрыятычных пачуцьцяў, маўляў, палім толькі гарадзенскія, сярод курцоў бадай няма.

Фабрыка можа прадаваць толькі пяць адсоткаў, адпускаць цыгарэты дазволена было адно па заявах гандлю. І гэта скончылася тым, што напачатку году паўмільярды цыгарэт гандаль ня ўзяў. Хаця іхні выпуск за год зьменшыўся.

Нядаўна міністар гандлю змусіў, каб усе гандлёвыя кропкі мелі поўны асартымэнт гарадзенскіх цыгарэт. Маўляў, гандаль павінен дапамагаць фабрыцы збываць прадукцыю. Учора я бачыў, што нават у газэтных кіёсках—цэлыя шэрагі тытунёвых вырабаў менавіта фабрыкі “Нёман”. Наколькі мне вядома, былое кіраўніцтва спрабавала на сваю рызыку рэалізоўваць прадукцыю, і яго зьмянілі. Прычым тут выявілася распаўсюджаная тэндэнцыя: дырэктарам фабрыкі паставілі намесьніка начальніка падатковай інспэкцыі. Дарэчы, на фабрыцы павінен быць створаны “дзяржаўны падатковы пост”.

Падобна, што ўлады вырашылі прымусіць прадаваць цыгарэты і ўсіх прадпрымальнікаў. У нас нядаўна быў мітынг, прадпрымальнікі абураліся, што ўсіх змушаюць набыць за 100 эўра ліцэнзію на гандаль, і ў кожнай ліцэнзіі пазначана: продаж тытунёвых вырабаў. Хаця абсалютная большасьць прадае ўсё што заўгодна, толькі не цыгарэты.

Што датычыць інвэстараў, у пэўным сэнсе фабрыка “Нёман” застаецца гэткай “сьвяшчэннай каровай” дзяржавы. Размовы зь інвэстарамі былі—і з баўгарамі, і з туркамі, і зь іншымі. Але замежнікам не спадабаліся запрапанаваныя дзяржавай умовы.

Дарэчы, фабрыка напачатку была прыватнай, яе заснавалі ў 1862 годзе Ёсель Шарашэўскі і Файвэль Русота. Цыгарэт, праўда, тады выраблялі ў тысячу разоў меней, але затое яны атрымалі срэбны мэдаль на ўсерасейскім кірмашы ў Маскве. Сёньня на расейскі рынак фабрыка “Нёман” асабліва разьлічваць ня можа, там існуюць высокія падаткі на ўвоз тытуню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG