Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗУБРОЎЦАЎ ЗАТРЫМАЛІ Ў КАЛЕДЖЫ ПАДЧАС РАЗДАЧЫ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ГАЗЭТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Чыноўнікі аддзелаў адукацыі паведамілі, што выклік міліцыі ў школу — зьява рэдкая і надзвычайная. Праўда, супрацоўнікі міліцыі з аддзелаў у справах непаўнагадовых мусяць два разы на месяц наведваць школы і праводзіць заняткі са школьнікамі. Але на практыцы атрымліваецца інакш, у супрацоўнікаў міліцыі на гэта не хапае часу. Яны прыходзяць у школу толькі тады, калі ў міліцыю паступаюць заявы ад бацькоў наконт зьбіцьця іх дзяцей, ці на паседжаньне савету прафіляктыкі, на якім “разьбіраюць” паводзіны і пасьпяховасьць праблемных навучэнцаў.

Супрацоўнікі менскай міліцыі вельмі зьдзівіліся, калі даведаліся, што ў баранавіцкім каледжы настаўніца выклікала міліцыянтаў з прычыны таго, што вучні “сарвалі” ёй урок фізыкі. Яны патлумачылі, што ў Менску такога ніколі не было.

(Міліцыянт: ) “Нам з гэтае нагоды не тэлефануюць. Ня бачу тут парушэньня… Дзе такія выкладчыкі бяруцца? Каб за “зрыў” урока?! У кодэксе такога няма”.

Яшчэ больш міліцыянтаў зьдзівіла тое, што іх баранавіцкія калегі склалі пратакол паводле 156 артыкулу (дробнае хуліганства). Звычайна гэты артыкул ужываюць, калі затрымліваюць п’яных на вуліцы, якія абражаюць мінакоў, нецэнзурна лаюцца і паводзяць сябе агрэсіўна. Да судовай адказнасьці згодна з гэтым артыкулам прыцягваюць яшчэ так званых “сямейных хуліганаў”.

У Баранавіцкім каледжы лёгкай прамысловасьці, дзе здарыўся гэты выпадак, намесьніца дырэктара Сьвятаслава Берташ лічыць, што выклік міліцыі ў каледж быў апраўданы.

(Берташ: ) “У часе ўрока яны зайшлі і сталі рабіць свае там маніпуляцыі — раздаваць газэты, ці яшчэ нешта… Карацей, яны сарвалі ўрок, і ў гэтым уся соль. Калі яны кантактуюць паміж сабой на перапынках, альбо ў свой вольны час, мы ня можам выставіць ім ніякіх прэтэнзіяў. А тут ішоў урок. Увогуле, для нас урок — гэта сьвятая справа, як і ў кожнай установе”.

Пакуль намесьніца дырэктара распавядала пра акалічнасьці справы, настаўніца фізыкі Тамара Пастуховіч і дырэктар каледжа Аляксандар Ліс прысутнічалі на судовым паседжаньні. Дырэктар нават заклікаў судзьдзю пакараць юнакоў.

На думку выкладчыка Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Лявона Баршчэўскага, гэтая сытуацыя сьведчыць аб дэградацыі ў настаўніцкім асяродзьдзі.

(Баршчэўскі: ) “Мне ўжо давялося бываць на працэсе, калі судзілі Тацяну Ялавую, выпускніцу школы, якую таксама кіраўніцтва школы “здало” міліцыі. Таму новага тут нічога няма. Настаўнікі пастаўленыя ў рабскае становішча, і яны дзеля свайго кавалка хлеба “здадуць” родную маці, а ня тое што там чужых дзяцей. Гэта сьведчыць пра масавую дэградацыю ў асяродку настаўніцтва”.

Маці Мікіты Сьвятлана Сасім не выключае, што, пакуль яе сын будзе адбываць 10 сутак арышту, яго адлічаць з каледжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG