Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТ ЗША ПРАДСТАВІЦЬ СПРАВАЗДАЧУ АБ ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА ЗА 2003 ГОД


Сяргей Навумчык, Прага

Варта зазначыць, што Справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША лічыцца найбольш поўным і аб’ектыўным дакумэнтам у галіне правоў чалавека і значна ўплывае на стаўленьне ўрадаў ды міжнародных арганізацыяў да той ці іншай краіны.

На карысьць аб’ектыўнасьці сьведчыць тое, што ў справаздачы аналізуюцца ня толькі краіны, прызнаныя недэмакратычнымі, але і гаворыцца пра такія дзяржавы, як Вялікабрытанія, Францыя, Нямеччына, – тут адзначаюцца асобныя выпадкі брутальных дзеяньняў паліцыянтаў, а ў разьдзеле, прысьвечаным Чэхіі, адзначаецца стаўленьне да цыганскай меншасьці.

І ўсё ж выпадкі парушэньняў правоў чалавека ў такіх краінах істотна адрозьніваюцца ад практыкі, якая назіраецца ў Беларусі.

У леташняй справаздачы Дзярждэпартамэнту, прысьвечанай 2002 году, адзначалася, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася. У прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка “...працягваў праводзіць палітыку, накіраваную на падрыў дэмакратычных інстытутаў... На ўказаньне Лукашэнкі служба бясьпекі прэзыдэнта, якая першапачаткова была створаная для аховы вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, працягвала дзейнічаць супраць палітычных праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі безь якога-небудзь судовага або заканадаўчага кантролю. Супрацоўнікі службаў бясьпекі ажыцьцяўлялі шматлікія сур'ёзныя парушэньні правоў чалавека”.

Шмат старонак справаздачы прысьвечана зьнікненьням Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага.

Справаздача аналізавала выкананьне правоў чалавека паводле шэрагу параметраў, такіх, як недатыкальнасьць асобы, катаваньні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага альбо зьневажальнага да чалавечай годнасьці абыходжаньня – у справаздачы прыводзіліся канкрэтныя прыклады, як “супрацоўнікі міліцыі і асобы ў цывільным часта б'юць грамадзян падчас іх арышту ці ўтрыманьня пад вартай”. Зафіксавана таксама, што міліцыя часта зьбівала ўдзельнікаў дэманстрацый і часам адмаўляла ім у ежы падчас утрыманьня пад вартай”. Справаздача Дзярждэпартамэнту адзначыла і нездавальняючыя турэмныя ўмовы, якія “вызначаліся значнай перанаселенасьцю турмаў, недахопам прадуктаў харчаваньня і лекаў, а таксама распаўсюджваньнем такіх захворваньняў, як тубэркулёз, сыфіліс і ВІЧ/СНІД”.

Падрабязна былі прааналізаваныя і парушэньні ў судовай сфэры – да прыкладу, зьвярталася ўвага на тое, што “міжнародныя і мясцовыя назіральнікі не былі дапушчаны на судовае разьбіраньне ў справе журналістаў газэты "Пагоня" Мікалая Маркевіча і Паўла Мажэйкі”.

Асобны разьдзел штогадовай Справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША прысьвечаны выкананьню грамадзянскіх свабодаў, улучна з свабодай слова і друку, свабодай мірных сходаў і дэманстрацыяў. І тут таксама зафіксаваныя шматлікія парушэньні, пачынаючы ад ліквідацыі незалежных выданьняў, як, напрыклад, газэта “Мясцовы час”, і да зьбіцьця гарадзенскіх журналістаў Юрыя Грымянюка і Станіслава Пачобута. Што да свабоды сходаў, дык пералік фактаў зьбіцьця ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў таксама вялікі.

Адзначалася, што прыняты “новы закон аб рэлігіі. Ён зьмяшчае шэраг надзвычайна жорсткіх абмежавальных палажэньняў. Назіральнікі асьцерагаюцца, – гаварылася ў справаздачы, – што рэжым будзе выкарыстоўваць іх для стварэньня перашкод і забароны дзейнасьці праваслаўных рэлігійных арганізацый, якія не падпарадкоўваюцца РПЦ”. Як вядома, прагноз назіральнікаў спраўдзіўся – у 2003 годзе былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні прынцыпу свабоды веравызнаньня да шэрагу рэлігійных канфэсіяў.

Дарэчы, у тэксьце справаздачы у дачыненьні да ўлады паўсюдна выкарыстоўваўся тэрмін “рэжым”.

У леташняй справаздачы аб правах чалавека адзначаліся таксама антысэміцкія заявы дзяржаўных асобаў у друку, адсутнасьць адэкватнай рэакцыі уладаў на дзеяньні гэтак званых “скінхедаў” і расейскіх ультранацыяналістаў, гаварылася пра выпадкі дыскрымінацыі інвалідаў у пытаньнях адукацыі, занятасьці і сацыяльнага забесьпячэньня, абмежаваньня выезду за мяжу актывістаў апазыцыі.

Нарэшце, асобны разьдзел справаздачы традыцыйна прысьвячаецца праву на аб’яднаньне работнікаў, іншымі словамі, прафсаюзам. Летась Дзярждэпартамэнт адзначыў “шматлікія ініцыятывы па падаўленьню незалежных прафсаюзаў” – трэба меркаваць, што ў цяперашняй справаздачы разьдзел гэты ня будзе меншы, бо, як вядома, некалькі прафсаюзаў былі зьліквідаваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG