Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭНСІЯНЭРЫ НЯ ХОЧУЦЬ АДДАВАЦЬ СТАРЫЯ САВЕЦКІЯ ПАШПАРТЫ


Любоў Лунёва, Менск

Міністэрства ўнутраных справаў падоўжыла тэрмін дзеяньня пашпартоў узору 1974 году да 4 ліпеня. Пасьля гэтага пэнсіянэрам, якія не атрымалі новы пашпарт, ня будуць выдаваць пэнсіі і абслугоўваць у паліклініках. Каб заахвоціць пэнсіянэраў, міністэрства вымушана было выдаць загад, згодна зь якім ім выдаюць новы пашпарт і адначасова вяртаюць стары.

Іна Дзяковіч, старшая інспэктарка пашпартна-візавай службы Савецкага раёну Менска, паведаміла Радыё Свабода:

(Дзяковіч: ) “Яны не жадаюць мяняць пашпарт на новы, бо ім шкада здаваць стары. Ён быў выдадзены ім яшчэ ў часы існаваньня СССР, там герб Савецкага Саюзу, пашпарт чырвонага колеру, напісана нацыянальнасьць грамадзяніна… Яны лічаць сябе грамадзянамі СССР. Вось дзеля гэтай катэгорыі грамадзянаў і пайшлі на саступкі. Раней трэба было абавязкова здаваць старыя пашпарты, а цяпер ім выдаюць ім на памяць. Папросту на старым пашпарце будуць рабіць дзіркі звычайным дзіркаколам. Тады ён будзе лічыцца несапраўдным. І мы будзем вяртаць людзям гэты чырвоны пашпарт узору 1974 году”.

Паколькі штогод тысячы беларусаў выяжджаюць за мяжу на заробкі, узьнікаюць праблемы з атрыманьнем даведак аб магчымых судзімасьцях. (Такія даведкі патрабуюць міграцыйныя службы). Раней гэта была вельмі марудная працэдура. Цяпер грамадзяне могуць за грошы апэратыўна атрымаць даведку з інфармацыйна-аналітычнага цэнтру гарадзкога альбо абласнога ўпраўленьняў унутраных справаў.

Супрацоўнікі пашпартна-візавай службы паскардзіліся, што рэдка могуць пайсьці ў адпачынак улетку, бо менавіта на гэты час прыпадае самая вялікая колькасьць зваротаў ад грамадзянаў. У асноўным зьвяртаюцца па пашпарты і штампы на выезд дзецям. Цяпер дзецям да 16 гадоў штамп будуць ставіць у больш кароткі тэрмін. Днямі міністэрства выдала загад, згодна зь якім людзям, якія едуць за мяжу на лячэньне, альбо на пахаваньне сваякоў, новы пашпарт і штамп будуць выдаваць за тры дні. Дадатковых грошай за гэта браць ня будуць.

Супрацоўнікі пашпартна-візавай службы спадзяюцца, што з 2005 году, у адпаведнасьці з рашэньнем Канстытуцыйнага суду, не трэба будзе ставіць штамп, які дазваляе выезд за мяжу. Праблема ў тым, ці пасьпее міністэрства ўнутраных справаў правесьці кампутарызацыю да такога ўзроўню, калі памежнікі будуць мець усю неабходную інфармацыю, каб не даць перасекчы мяжу асобе, супраць якой распачатая крымінальная справа і якая дала падпіску аб нявыезьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG