Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШТАЦЕ МАСАЧУСЭТС ПРЫЗНАЛІ АДНАПОЛЫЯ СУЖЭНСТВЫ


Кастусь Бандарук, Прага

“Паколькі існуючы закон адмаўляе аднаполым парам брацца шлюбам, аднаполым парам адведзены асобны, непаўнавартасны статус. Гісторыя нашай краіны паказвае, што асобны статус зрэдку, калі ўвогуле раўнапраўны” – гэтак у пісьмовым выглядзе абгрунтавалі сваё рашэньні судзьдзі Вярхоўнага Суду. Іхнае рашэньне ўпершыню ў гісторыі ЗША пракладае шлях да прызнаньня гомасэксуальных сужэнстваў.

Рашэньне Суду штату Масачусэтс зьяўляецца адной з цэлага шэрагу перамогаў прыхільнікаў раўнапраў’я гомасэксуалістаў. У 1999 годзе Вярхоўны Суд штату Вэрмонт таксама прыняў рашэньне, згодна якому прызнаньне толькі двухполых сужэестваў незаконнае, паколькі дыскрымінуе аднаполыя саюзы. Летась у чэрвені Вярхоўныя Суды ЗША і Канады скасавалі законы, якія асуджалі аднаполы сэкс паміж дарослымі са згоды абодвух бакоў. Цяпер у некаторых штатах Канады можна заключаць аднаполы шлюб з больш пашыранымі правамі. Акрамя Канады, толькі дзьве краіны – Бэльгія і Галяндыя – прызнаюць раўнапраўнымі шлюбы геяў і лесбіянак. Паколькі папраўкі да Канстытуцыі штату Масачусэтс, якія замацавалі б выключнасьць традыцыйных сужэнстваў, могуць быць прынятыя толькі ў 2006 годзе, ужо з паловы траўня сёлета аднаполыя пары могуць пачаць браць шлюбы. Гэта дасьць ім некаторыя правы, напрыклад, у сэнсе сумеснага страхаваньня, маёмасьці або выхаваньня дзяцей.

Пытаньне аднаполых сужэнстваў выклікае рознагалосьсі ў амэрыканскім грамадзтве і несумненна будзе прысутнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, хаця для кандыдатаў у прэзыдэнты – гэта клапатлівае пытаньне. Яснае стаўленьне да аднаполых сужэнстваў спабадаецца частцы выбаршчыкаў, але расчаруе іншых. Электарат дэмакратаў больш лібэральны і выказваецца за аднаполыя шлюбы, а электарат рэспубліканцаў традыцыйна болей кансэрватыўны і рашуча супраць аднаполых шлюбаў. Прэзыдэнт Джордж Буш выказаў “глыбокую заклапочанасьць” рашэньнем Суду штату Масачусэтс. Ён сказаў, што калі судзьдзі будуць настойваць на зьмене самога паняцьця сужэнства, трэба будзе распачаць працэдуру адпаведнай зьмены Канстытуцыі краіны, а гэта працяглы працэс. Зьменам не спрыяе той факт, што ў 1996 годзе Кангрэс ЗША прыняў “Акт у Абарону Сужэнства”, які на фэдэральным узроўні забараняе аднаполыя шлюбы. Пакуль 36 амэрыканскіх штатаў прызнаюць шлюб толькі паміж мужчынам і жанчынай. Рашэньне Суду ў Масачусэтс не зьмяняе таго факту, што калі ў гэтым штаце аднаполы шлюб дазволены, гэты дазвол не пашыраецца на іншыя штаты.

Судзьдзя Марта Сосман прызнала, што спатрэбіцца яшчэ шмат юрыдычных зьменаў, каб аднаполыя саюзы ў выглядзе “грамадзянскіх саюзаў” зраўняліся ў сэнсе правоў з традыцыйнымі шлюбамі.

Дарэчы “грамадзянскія саюзы” дазволеныя ў шэрагу эўрапейскіх краінаў. Для адных гэта празьмерна лібэральны крок, а для саміх зацікаўленых поўным раўнапраў’ем геяў і лесбіянак, гэта працяг іхнай дыскрымінацыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG