Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК У ШВЭЦЫІ Й ЛІТВЕ ЗАСЬЦЕРАГАЮЦЦА АД СНІДУ


Ганна Соусь, Менск

У Літве кожны зьняволены добраахвотна можа зрабіць тэст на ВІЧ-інфэкцыю. Паводле дырэктара літоўскага цэнтру прафіляктыкі СНІД Саўлюса Чаплінскаcа, 95% зьняволеных робяць гэтыя тэсты.

(Чаплінскас: ) “Улетку 2002 году 299 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі было дыягнаставана ў Алітускай турме. На той час усяго ў Літве было дыягнаставана толькі 600 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі, і гэта склала амаль палову прыросту. Дзякуючы сумесным высілкам з турэмным дэпартамэнтам, летась было зарэгістравана толькі 15 новых выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі ў гэтай жа турме. Успышку ўдалося спыніць. А калі б мы гэтага ня высьветлілі, так усё і нарастала бы. Як я зразумеў з размовы з калегамі ў Менску, насамрэч сытуацыя тут няясная, таму што ў Беларусі правяраюцца толькі тыя зьняволеныя, якія толькі трапляюць за краты. А вось калі мы ў Літве сталі правяраць і тых, хто выходзіць з-за кратаў, то й атрымалі адпаведны вынік”.

Дырэктар літоўскага цэнтру прафіляктыкі СНІДу гаворыць пра істотны рост ВІЧ-інфэкцыі ва Ўсходняй Эўропе. Самы вялікі прырост ВІЧ-інфэкцыі ў сьвеце ў 2002 годзе быў у Эстоніі і ў Расеі.

(Чаплінскас: ) “Усходняя Эўропа проста ня здолела своечасова зрабіць неабходных захадаў, і таму за 1996–2001 гады на 1300% паболела новых выпадкаў менавіта ў нашым рэгіёне. Калі ў Заходняй Эўропе вырасла толькі на 20%”, — паведаміў дырэктар літоўскага цэнтру прафіляктыкі СНІД Саўліс Чаплінскас.

А вось у Швэцыі ў свой час былі прынятыя дастаткова эфэктыўныя меры дзеля прафіляктыкі СНІДу, і гэта мела плён.

(Сэтрэўс: ) “У Швэцыі дзейнічае жорсткае пакараньне за распаўсюд хваробы. У нас ёсьць закон, паводле ягокага, калі наркаман распаўсюджвае хваробу, мы можа гвалтоўным чынам ізаляваць яго на доўгі час. І тут сытуацыя наступная: альбо наркаман бярэ на сябе адказнасьць, альбо грамадзтва бярэ на сябе адказнасьць”, — распавёў старшыня швэдзкай грамадзкай арганізацыі “ECAD” Акэ Сэтрэўс.

Ягоны калега ў справе дапамогі зьняволеным наркаманам — заснавальнік і дырэктар арганізацыі “КRІS” Карлсан Крыстэр — сам 27 гадоў правёў за кратамі і 33 гады быў наркаманам. Сябры ягонай арганізацыі дапамагаюць зьняволеным вярнуцца да нармальнага жыцьця.

(Крыстэр: ) “Мне гэтая праблема вельмі блізкая, таму што мая жонка носьбіт ВІЧ-інфэкцыі. У Швэціі праблема ВІЧ-інфэкцыі ня вельмі вялікая. У 2002 годзе было зарэгістравана 52 выпадкі, і ніхто ня быў інфікаваны за кратамі. У Швэцыі існуе добрая сыстэма догляду за ВІЧ-інфікаванымі. Што мы робім? Дапамагаем гэтым людзям, вельмі шмат інфікаваных працуе ў нашых клюбах. Для нас гэтая дзейнасьць хутчэй разгортваецца ў Літве, дзе мы супрацоўнічаем з цэнтрам прафіляктыкі СНІД і дзе мы спрабуем сустракаць такіх людзей, калі яны выходзяць з-за кратаў і займаемся імі”.

Як паведаміў Карлсан Крыстэр, прадстаўнікі арганізацыі “KRIS” плянуюць распачаць дзейнасьць у справе дапамогі зьняволеным і ў Беларусі. І партнэраў яны будуць шукаць сярод былых вязьняў беларускіх турмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG