Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АКТУАЛЬНЫ ДЛЯ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСІ ЗАКЛІК “ЖЫЦЬ БЕЗ ІЛЖЫ?”


Галіна Абакунчык, Менск

Пісьменьнік Валянцін Тарас кажа, што добра памятае зварот вядомага дысыдэнта і пісьменьніка й лічыць, што параўнаньне таго часу з сёньняшнім днём не на карысьць сучаснасьці. Гаворыць Валянцін Тарас.

(Тарас: ) “У той час для нас гэта была велізарная падзея. Я вось памятаю, што літаральна адразу ж мы нават перасталі пісаць нейкія дзяжурныя, партыйныя вершы. А ўвогуле гэтая ілжа, як іржа – яна разьядала душы ўсяго грамадзтва. І, на жаль, сёньня – тое самае. На вялікі жаль, у грамадзтве пануе мана. Я ўжо не кажу пра сродкі масавай інфармацыі, асабліва тэлебачаньне. Тэлебачаньне ілжэ, не міргнўшы вокам. Гэта нават больш страшна, чым было ў тыя далёкія часы.”

А вось што думае на гэты конт паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін:) “На сёняшні дзень гэты заклік, па-мойму, набыў яшчэ большае значэньне й вагу. Бо гэтай хлусьні ўжо так многа: парлямэнт прымае пляны, якія не рэальныя, якія ня будуць выкананыя й гэта зразумела нават не дасьведчанаму ў эканоміцы чалавеку. Альбо, што ў нас усё добра з мовай і культурай. Ну як жа добра, калі з так званага першага нацыянальнага каналу – хоць бы пасаромеліся гэтага слова – выціскаецца ўсё нацыянальнае, мова нацыянальная выганяецца абсалютна? Пра якое разьвіцьцё мовы й культуры можна гаварыць?”

На пытаньне адказвае навуковец і колішні сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч:) “Вельмі значны гэты заклік Салжаніцына, бо сёньня ў Беларусі хлусьня стала ўжо дзяржаўнай палітыкай: хлусьня на ўсіх узроўнях і нават большая, чым у камуністычны час. А пачалося гэта ўсё з нашага, так званага ўсенародна абранага. Ён на кожным кроку хлусіць, да прыкладу, як ён вучыўся на вершах Быкава, альбо дзякаваў за тое, што Хрыстос уваскрос. Дае абяцанкі, якія ня могуць быць рэалізаваныя. І далей ужо каскад працуе: усе ніжэйшыя вэртыкальнікі – яны гэтаксама вымушаныя хлусіць, бо інакш яны не утрымаюцца на сваіх пасадах.”

Яшчэ адзін былы сьпікер парлямэнту Беларусі Мечаслаў Грыб пра хлусьню ў сёньняшнім жыцьці сказаў наступнае.

(Грыб:) “Хлусьня ў палітыцы, асабліва ў Беларусі, была заўсёды. Але мне падаецца, што за апошняе дзесяцігодзьдзе хлусьня гэтая вырасла нават не ў арытмэтычнай, а ў геамэтрычнай прагрэсіі. Таму што прадстаўнікі гэтай улады хлусяць, хлусяць, хлусяць амаль усе. І галоўнае тое, што ніхто за гэта ніколі не адказваў, не адказвае і, мне падаецца, адказваць не зьбіраецца.”

Пісьменьніца Вольга Іпатава актуальнасьць закліку жыць без хлусьні пракамэнтавала наступным чынам.

(Іпатава:) “Я лічу, што хлусьня за гэтыя гады павялічылася, яна стала пагражальнай. Пагражальнай для нацыі таму, што яна паўтараецца. Мы ўжо глытнулі свабоды, дэмакратыі й нейкіх іншых адносінаў, калі можна было пісаць і друкаваць усё тое, што ты думаеш. І пасьля гэтага глытку сьвежага паветра новая хлусьня становіцца проста невыноснай. Што тычыцца самой асобы Салжаніцына, то ён не прызнаваў і не прызнае беларускую дзяржаўнасьць і беларусаў, як нацыю. І для мяне ён цяпер абсалютна неадназначная асоба.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG