Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКЛАДАЛЬНІКІ “БЕЛАЙ КНІГІ” ЛІЧАЦЬ, ШТО РЭЛІГІЙНАЯ СЫТУАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ ПАГОРШЫЛАСЯ


Валер Каліноўскі, Менск

На думку актывістаў грамадзянскай інцыятывы “За свабоднае веравызнаньне”, пасьля прыняцьця новага закону аб свабодзе рэлігіяў і падпісаньня дзяржавай канкардату аб асаблівым статусе праваслаўнай царквы, сытуацыя для прадстаўнікоў іншых, так званых нетрадыцыйных канфэсіяў значна пагоршылася.

(Басін: ) “Мы бачым, як на нашых вачах адраджаецца тое, што было зацьверджана яшчэ ў царскі час, больш за 150 гадоў таму, калі дзяржаўная ідэалёгія ўкладвалася ў тры словы: манархія, праваслаўе, саборнасьць. Пад апошнім разумелася адзінадумства, якое і цяпер усталёўваецца сілавымі мэтадамі. Ідзе манапалізацыя ўсяго духоўнага жыцьця краіны і ўмяшальніцтва дзяржавы ў асабістае духоўнае жыцьцё людзей. Сёньня ў нашай дзяржаве, якая зьяўляецца шматнацыянальнай і шматканфэсійнай, такая палітыка можа прывесьці да дэстабілізацыі ў грамадзтве. І менавіта гэта турбуе нас больш за ўсё”, — зазначыў Якаў Басін, укладальнік “Белай кнігі”, у якой сабраныя прыклады парушэньня правоў вернікаў.

Гаворачы пра магчымыя наступствы такой палітыкі, ён заявіў, што ўжо цяпер шэраг пратэстанцкіх рэлігійных аб’яднаньняў адмаўляюцца ад рэгістрацыі, ствараюцца так званыя катакомбавыя цэрквы. Магчымыя і іншыя формы грамадзянскага пратэсту.

На гэты момант перарэгістравана толькі 25% рэлігійных суполак. Юрыст Сяргей Шаўцоў назваў канкрэтныя выпадкі, калі адміністрацыі на месцах не даюць у арэнду залі для богаслужэньняў для прадстаўнікоў так званых нетрадыцыйных канфэсіяў, забараняюць вернікам зьбірацца ў прыватных дамах, абмяжоўваюць місіянэрскую дзейнасьць. Пачаліся ўжо і судовыя перасьледы за парушэньне новага закону. Такія суды ўжо адбыліся ў Менску, Горадні, іншых гарадах. Пра апошні выпадак у Наваградку гаворыць Сяргей Шаўцоў, цытуючы рашэньне мясцовых уладаў па справе аб правядзеньні рэлігійнага сходу на прыватнай кватэры:

(Шаўцоў: ) “Адміністратыўная камісія пры Наваградзкім райвыканкаме разгледзела матэрыялы ў адносінах да Дзенішчука Юрыя Расьціслававіча, 1977 году нараджэньня, і пастанавіла, падвергнуць яго штрафу ў памеры 33 тысяч рублёў”.

Гэта не адзіны выпадак, міліцыя і мясцовыя ўлады ўсё часьцей умешваюцца ў рэлігійныя справы вернікаў і караюць іх штрафамі, — зазначыў Сяргей Шаўцоў.

На прэзэнтацыю “Белай кнігі” былі запрошаныя і прадстаўнікі ўладаў, у тым ліку камітэту ў справах рэлігіяў і нацынальнасьцяў. Але тыя праігнаравалі запрашэньне. Прыйшоў толькі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Сьвірыд. Ён палічыў заявы актывістаў ініцытывы перабольшаньнем:

(Сьвірыд: ) “Наконт таго, што рэлігійная сытуацыя ці абстаноўка ў Беларусі з прыняцьцём закону пагоршылася, я б не сказаў пра гэта. Гэта проста дэкляратыўныя выказваньні. Вядома, як і ў любым законе, ёсьць адмоўныя бакі. Я гэта прымаю ня тое што так і павінна быць, хацелася б, каб іх было чым найменш. Але тым ня менш”.

Аляксандар Сьвірыд заклікаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ўносіць прапановы аб зьменах у закон.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG