Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЕКТЫЎ ЛІЦЭЮ ПРАВЁЎ УРАЧЫСТЫ СХОД У ДВАРЫ ЛІЦЭЮ


Любоў Лунёва, Менск

На ўрачыстым сходзе прысутнічалі каля дзьвюх сотняў чалавек — выкладчыкі, навучэнцы і іх бацькі. На ганку парожняга будынку кіраўнікі ліцэю выступілі перад прысутнымі. Намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі запэўніў навучэнцаў у тым, што ліцэй вернецца менавіта ў свой будынак.

(Баршчэўскі: ) “Гэты будынак належыць дзецям у першую чаргу. А ў дзяцей адбіраюць нешта, вы ведаеце хто… Вельмі злыя асобы — усялякія Бабы-Ёгі. Вось з гэтымі Бабамі-Ёгамі ды Кашчэямі прыйдзе час і, як кажуць, разьбяруцца. Адраджэньне беларускай адукацыі, адраджэньне беларускага ліцэю — гэта справа, якая, нягледзячы на ўвесь прыгнёт, у розных краінах, пад рознымі ўладамі, але яна заўсёды пашыралася”.

Ад імя бацькоў выступіла Людміла Гразнова. Яе дачка летась скончыла ліцэй і цяпер вучыца ў Чэхіі:

(Гразнова: ) “Глядзіш у вашы вочы, на вашы сьветлыя твары — і бачыш нашу будучую Беларусь, нашу эўрапейскую Беларусь. Трымайцеся! Мы з вамі. Вы былі самыя першыя. Вы былі самыя лепшыя. Пра вас ведаюць, і ня толькі ў суседніх краінах. Самае галоўнае — пра вас ведаюць у Беларусі. Трымайцеся!”

Дзьверы будынку ліцэю былі адчыненыя. Гэтым скарысталася намесьніца дырэктара Ірына Сідарэнка і ўвайшла ў ліцэй. Яе ўразіла тое, што ўсё захавалася такім, якім было, калі адтуль сыходзілі: аб’явы, расклад заняткаў і экзамэнаў, нават плякаты, якія зрабілі ліцэісты ў часе абароны ліцэю. Дзеці хацелі ўвайсьці ў будынак і заняць свае клясы, але дырэктар Уладзімер Колас заклікаў іх устрымацца ад гэтага. Вось яго аргумэнты:

(Колас: ) “Безумоўна, мы бы маглі паўтарыць захоп будынку 1992 году. Але мы ня будзем гэтага рабіць, бо цяпер зусім іншая сытуацыя ў справе рэалізацыі правоў чалавека ў нашай краіне. Падстаўляць дзяцей пад тое, што можа здарыцца, мы ня будзем. Мы адсьвяткавалі гэты дзень тут на прыступках ліцэю. Ва ўсіх добры настрой, таму што ўсе мы разам, мы робім добрую справу. Мы верым, мы перакананыя ў тым, што мы пераможам”.

Дзеці неахвотна пагадзіліся са сваім дырэктарам.

(Марына: ) “Хто б не хацеў увайсьці ў свой будынак? Усе хочуць…”

Глеб дадаў:

(Глеб: ) “Канечне, хочацца ўвайсьці ў свой будынак, у якім хто два, хто тры, а хто й амаль чатыры гады правёў. Хачу зайсьці ў свой кабінэт, дарэчы, у якім ляжаць мае кеды, ну, і забраць іх нарэшце адтуль”.

На сходзе Ўладзімер Колас зачытаў заяву, якую прынялі сумесна рада настаўнікаў, бацькоўская рада і рада вучнёўскага самакіраваньня. Заява адрасаваная старшыні Савету Міністраў С.Сідорскаму, А.Лукашэнку, міністру адукацыі А.Радзькову і загадчыку ўпраўленьня адукацыі Менску М.Ціцянкову. У сваёй заяве калектыў ліцэю заклікаў чыноўнікаў, адказных за стан справаў у адукацыі, разгледзець сытуацыю з Нацыянальным гуманітарным ліцэем імя Якуба Коласа і распрацаваць праграму захадаў дзеля яе вырашэньня на карысьць вучняў, пэдагагічнага калектыва і тых мэтаў, якія стаяць перад навучальнай установай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG