Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

9 студзеня 1897 году тагачасная расейская адміністрацыя праводзіла ў Беларусі перапіс насельніцтва. У Менску тады жыло крыху больш за 90 тысячаў чалавек, у Віцебску – другім на той час горадзе – 66 тысяч, у Горадні – 47, у Берасьці – 46 з паловай, у Магілёве – 43 тысячы. Сама меней зь цяперашніх абласных цэнтраў людзей жыло ў Гомелі – каля 37 тысяч. Прычына ў тым, што сёньняшні другі пасьля Менску паводле насельніцтва Гомель тады быў не губэрнскім, як іншыя, а ўсяго толькі павятовым цэнтрам Магілёўскай губэрні.

9 студзеня 1905 году ў Пецярбургу царскія войскі расстралялі мірнае шэсьце рабочых. У тым шэсьці бралі ўдзел 140 тысяч чалавек, шмат зь іх загінула. А ішлі рабочыя з пэтыцыяй да цара. Думалі, што цар добры, а толькі намесьнікі ў яго ліхія. Той дзень увайшоў у расейскую гісторыю пад назвай Крывавай нядзелі.

9 студзеня 1848 году ў вёсцы Наднёман – пры самым пачатку Нёмана – нарадзіўся Якуб Наркевіч-Ёдка. Ён скончыў Менскую гімназію, вучыўся ў Маскве і Парыжы, а пасьля вярнуўся дахаты. Наркевіч-Ёдка быў мэдыкам і прыродазнаўцам. У сваім маёнтку ён стварыў мэтэаралягічную станцыю, вывучаў атмасфэрную электрычнасьць, хуткасьць руху аблокаў, рабіў прылады для барацьбы з градам і для замярэньня вільготнасьці глебы, а таксама для бяспроваднага прыёму электрамагнітных сыгналаў. Наркевіч-Ёдка прыдумаў спосаб лячэньня нэрвовых хваробаў электрычным масажам і нават адкрыў у сябе ў маёнтку санаторый.

Зь іншых славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет 9 студзеня ў розныя гады, згадаем сёньня чэскага пісьменьніка Карэла Чапэка і францускую пісьменьніцу ды вялікую фэміністку Сымону дэ Бавуар, амэрыканскага прэзыдэнта Рычарда Ніксана і беларускага генэтыка Антона Жэбрака, які быў нейкі час прэзыдэнтам Акадэміі Навук і ўсё жыцьцё займаўся сэлекцыяй пшаніцы ды грэчкі, а таксама менскую гераіню-падпольшчыцу Марыю Осіпаву.

9 студзеня 1919 году нарадзіўся чалавек, чыё імя ў беларускіх энцыкляпэдыях адзінае прадстаўляе літару «Й». Гэта эстонец Олеў Йыгі, літаратуразнавец і перакладчык, заслужаны пісьменьнік Эстоніі. У ягоных перакладах па-эстонску выйшлі кнігі Купалы і Коласа, Мележа, Быкава, Брыля ды іншых беларускіх пісьменьнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG