Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ ДЗЯДЫ


Сьвятлана Курс, Менск

Санта-Клаўс, Дзед Мароз,
Каб машынку мне прынёс.

Санта-Клаўс, Дзед Мароз,
Каб касьцюмчык мне прынёс.

Санта-Клаўс, Дзед Мароз,
Каб сотавы тэлефон мне прынёс.

Штораніцы гэты кемлівы дзяцюк чытае гэтую мантру пад ёлкаю. Ён ведае дакладна, што ня той, дык другі дзед прынясуць падарункі.

(Дзіцёнак: ) “У садку да мяне прыходзіў Сьвяты Мікола, у вёсцы — Дзед Мароз, нанесьлі ўсяго, а цяпер я чакаю Санта-Клаўса з новымі падарункамі — мяккімі цацкамі, азбукаю і ложачкам, каб мне спаць добра было”.

(Спадарыня: ) “Я вагалася, ня ведала, каго ж запрашаць да свайго дзіцяці: Санта-Клаўса (мяне вабіць ангельская традыцыя — Гэлаўін, Санта-Клаўс), Дзеда Мароза (неяк не па-беларуску), альбо Сьвятога Мікалая? Урэшце прыходзяць усе трое, неяк бязладна, на што настрой ёсьць. Урэшце нам, беларускім нацыяналістам, усё роўна, хто ідзе — галоўнае, усе тры дзяды ў патрыятычнай афарбоўцы. Жарт”.

Шмат якія бацькі ў разгубленасьці — што распавядаць дзецям пра каляднага дзеда? Вэрсіяў шмат, а ў агіяграфіі гэтых пэрсанажаў гэтулькі лякунаў. Напрыклад, як Санта-Клаўс пасьпявае абдарыць увесь сьвет? Або: калі Сьнягурка — унучка Дзеда Мароза, то дзе ягоныя бацькі? І нарэшце: адкуль пранырлівы дзед уведае, варты дзіцёнак падарунка або няварты? Парады бацькам дае нашая пастаянная аўтарка, псыхоляг Хрысьціна Сухотка:

(Сухотка: ) “Трэба распавесьці дзіцяці, што Санта-Клаўс жыве ў горнай пячоры. Унутры гары сядзяць хохлікі і слухаюць, як паводзяць сябе дзеці ва ўсім сьвеце і якія падарункі жадаюць атрымаць. Запісы пра дзяцей перадаюць Санта-Клаўсу. Жаданьні паслухмяных дзяцей Санта-Клаўс выконвае часьцей. У гары ёсьць і майстэрня-кузьня, дзе хохлікі цэлы год год вырабляюць падарункі. Калі да Новага году застаецца сэкунда, Санта-Клаўс чароўным посахам б’е тры разы ў зямлю, і час спыняецца. За гэтую сэкунду ён на аленях аблятае зямлю й раскладвае падарункі. Пазнаць, што Санта-Клаўс блізка, можна па срэбным звоне. Дзеду падабаюцца дзеткі, якія ўмеюць расказваць вершы, танчыць і сьпяваць. Такім ён запальвае ў небе новую зорку.

А жаданьне замаўляюць так: карміце галодных птушак і расказвайце ім пра свае мары. Удзячныя птушкі палятуць у Ляпляндыю ды ўсё й перададуць дзеду. Сьняжынкі таксама сябруюць з Санта-Клаўсам, прашапчыце сваё жаданьне каляднаму сьнегу. Яшчэ Дзед вельмі расьсеяны і часам пакідае на падлозе каляровыя сьляды, блёсткі, канфэці або сваю вялікую чырвоную рукавіцу. А хохлікі, што езьдзяць з Санта-Клаўсам, губляюць цукеркі й мандарынкі. Калі дзіця знаходзіць гэта па хаце, яно верыць, што калядны Дзед быў у яго гэтай ноччу”.

Міхал Анэмпадыстаў, аўтар славутай песьні “Чаканьне Калядаў” і шэрагу калядных паштовак, лічыць, што па прасторах Беларусі могуць гойсаць усе тры добрыя дзяды, але Дзед Мароз — найраднейшы. Каго абраць, спадар Міхал ня ведае.

(Анэмпадыстаў: ) “Увесь час думаю наконт гэтага, у мяне няма адказу”.

(Карэспандэнт: ) “А да дзіцёнка хто прыходзіў?”

(Анэмпадыстаў: ) “Санта-Клаўс. Прапіска ў Лапляндыі, інтэрвію па тэлевізіі — артэфакты прысутнасьці Санты. Да сёлета дачка прыймала гэта за чыстую манэту, але зьезьдзіла ў летнік, і там ёй вялікія дзяўчынкі распавялі і пра сэкс, і што Санта-Клаўса насамрэч няма. Раней яна яму лісты пісала з прызнаньнямі ў каханьні і сьпісы падарункаў. А цяпер бацькі самі мусяць галовы ламаць”.

(Карэспандэнт: ) “Фальклярысты кажуць, што някепска было б узяць з нашага паганства якую асобіну і пусьціць па краіне заміж трох дзядоў”.

(Анэмпадыстаў: ) “Дык ёсьць жа ўжо. Мароз і ёсьць нашая сівая даўніна. На Каляды трэба было выйсьці й гукнуць: “Мароз, хадзі да нас есьці!” І Зюзя ў нас ёсьць, хаця і злы”.

Паводле этнографаў ды гісторыкаў культуры, правобразам сьв. Мікалая ёсьць сьв. Мікалай Мірлікійскі, які нарадзіўся у 260 годзе. Пра ягоную дабрыню ходзяць легенды. Аднойчы праведаў сьв. Мікалай, што нейкі чалавек ня мае есьці і вырашыў прадаць трох малых дачок у дом распусты. Мікалай падкінуў у гэтую сям’ю тры кашалі з золатам — праз комін. Талеры разьляцеліся й пападалі ў шкарпэткі й чаравічкі дзяўчынак. Так была пакладзеная традыцыя дарыць дзеткам падарункі на Каляды. У каляднага дзеда сьвятога Мікалая ператварыў Мартын Лютэр, які, згодна легендзе, першым упрыгожыў калядную елку.

Да выдумкі Мартына Лютэра па нямецкіх сем’ях хадзіў жаўнер Кнэхт Рупрэхт зь вялізным мехам, у які пхаў непаслухмяных дзетак. Кнэхт Рупрэхт апранаўся ў падраны жаўнерскі каптан, насіў калматую бараду. І дагэтуль нямецкі сьвяты Мікалай (альбо Сьвяты Кляас) зьяўляецца ў суправаджаньні Рупрэхта. Дзед нясе ласункі й цацкі, а Рупрэхт — дубцы, каб біць непаслухмяных дзетак.

Сучаснага Санта-Клаўса выдумаў амэрыканскі пісьменьнік Клэмэнт Кларк Мур у 19 стагодзьдзі. Паводле Мура, гэта вясёлы жыцьцялюб з круглым пузікам, езьдзіць на васьмі аленях, аднаго зь якіх клічуць Рудольф. Народы сварыліся — у каго зь іх жыве Санта-Клаўс. Перамаглі ляпландцы — з 1927 году вясёлы дзядок жыве там. Штогоду яму прыходзіць больш за 700 тысяч лістоў са 150 краінаў сьвету. Там жа ён мае майстэрню цацак і галоўную пошту.

“Беларуская дзедамаразіяна”, як заўжды, полікультурная. Мала таго, што тут дзейнічае як мінімум тры дзяды (чацьверты — бог холаду Зюзя), дык і Дзед Мароз мае дзьве іпастасі — дзяржаўную й недзяржаўную. Летась Аляксандар Краўчанка, менскі адвакат, прачытаў 5 тысяч нікому не патрэбных дзіцячых лістоў, якія прыйшлі на Галоўпошту з адрасам “Дзеду Марозу” і зарэгістраваў дабрачынную арганізацыю “Дзед Мароз”. Дзяржава выдзяліла пакой, Краўчанка за ўласныя грошы разаслаў некалькі дзясяткаў лістоў і бандэроляў. Пайшоў па фірмах, тыя далі даляраў 50. Навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю далучыліся да ініцыятывы ійпавіншавалі каля 400 дзяцей са сьвятамі.

Сёлета ініцыятыву пераняла дзяржава. Галоўны Дзед Мароз, Вячаслаў Сімакоў, жыве ў Белавескай пушчы, езьдзіць на пушчанскіх аленях, а недалёка ад ягонае хаціны пасьвіцца статак зуброў.

Разнастайнасьць пантэону навагодніх пэрсанажаў выкліканая полікультурнасьцю або няскладзенасьцю нашае нацыі, цьвердзяць культуролягі. Пакуль адзіны беларускі дзед не абраны, выбар належыць кожнай сям’і. Парада ад кемнага 5-гадовага хлапчука: набіце ў парог цьвікоў. Дзядуля, што нясе падарункі, зачэпіцца, бразьнецца, вы пачуеце і выскачыце са спальні, паглядзець, хто ж прыходзіў — Санта-Клаўс, Дзед Мароз ці Сьвяты Мікалай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG