Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

Сёньня ўсе беларусы-хрысьціяне, апроч праваслаўных, сьвяткуюць Нараджэньне Хрыстова. Вернікі Беларускага экзархату Расейскае праваслаўнае царквы адзначаць Хрыстовыя Народзіны пасьля Новага году. Што да Калядаў 25 сьнежня, дык гэтая дата стала важнай і для беларускай палітычнай гісторыі.

Менавіта ў такі дзень у 1979 годзе ў цэнтры Менску міліцыя разагнала першую Калядную працэсію, якую наладзілі студэнты зь Беларускай Майстроўні – арганізацыі, што стане пачаткам усяго арганізаванага адраджэнскага руху ў паваеннай Беларусі.

А 25 сьнежня 1991 году незалежная Беларусь была прызнаная найбуйнейшымі краінамі сьвету на чале з ЗША. “З майго гледзішча, – сказаў неяк былы Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, – нацыянальная гісторыя Беларусі пачалася менавіта ў гэты дзень”.

А яшчэ 25 сьнежня ў 1938 годзе беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн заснаваў у Слоніме “Газэту Слонімскую”. Выходзіла яна па-польску, бо выдаваць па-беларуску тагачасныя польскія ўлады не дазволілі. Сёньня адноўленая “Газэта Слонімская” выдаецца мяшанаю мовай – па-беларуску і па-расейску.

25 сьнежня 1962 году беларускі горад Дрыса быў перайменаваны ў Верхнядзьвінск. У гэтым выпадку прычына перайменаваньня заключалася ў тым, што 600-гадовая назва Дрысы, атрыманая горадам ад ракі, на якой ён стаіць, падалася савецкім чыноўнікам немілагучнай. Падобным чынам старажытныя Прапойск і Ігумен у савецкую пару ператварыліся ў Слаўгарад і Чэрвень. За часы БССР усе гэтыя гарады сталі заштатнымі мястэчкамі, а іх багатая шматвяковая гісторыя засталася ў мінулым разам зь іхнымі гістарычнымі назвамі.

Біяграфічныя даты.

25 сьнежня 1891 году ў Вішневе на Валожыншчыне нарадзілася Ўладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, якая пасьля сьмерці паэта апекавалася ягонай творчай спадчынай, доўгі час была дырэктаркай Літаратурнага музэя Купалы ў Менску.

Сёньняшні дзень прывёў на сьвет адразу некалькіх дзяячак нацыянальнае культуры. Апроч Уладзіславы Луцэвіч згадаем дзьвюх народны артыстак Беларусі: у 1918-м нарадзілася Зінаіда Канапелька, а ў 1936-м – Ліля Давідовіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG