Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДУЙЦЕСЯ ПРЫХОДУ КАЛЯДОЎШЧЫКАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Гэты сьпеўны гурт я сустрэла ля Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Калядавалі ягоныя студэнты, дакладней, студэнткі. Дзяўчатам не ўдалося залучыць у свае вясёлыя шэрагі ніводнага аднакурсьніка. Давялося ўсе традыцыйна мужчынскія ролі самім выконваць.

Перад тым, як выправіцца да незнаёмых людзей, дзяўчаты праверылі сваё майстэрства, завітаўшы да сваіх выкладчыкаў і студэнтаў. Тыя, паводле словаў Казы, добра ацанілі іхны гурт.

(Каза: ) “Мы калі прыходзілі на катэдры, у аўдыторыі, нас вельмі цёпла сустракалі. Весела нам было. Такі бадзёры настрой у нас быў”.

Ролю Казы выконвае трэцякурсьніца Тацяна. Яна калядуе ўпершыню, але ёй вельмі спадабалася, зьбіраецца зь дзяўчатамі ісьці яшчэ куды-небудзь у Менску. А вось сяброўка, Зорканоша Вікторыя калядуе з самага маленства. Да гэтае традыцыі яе далучыла маці, настаўніца роднае мовы. На радзіме калядоўшчыкаў добра ведаюць і чакаюць. Вікторыя і сёлета будзе зь імі там калядаваць.

(Зорканоша: ) “У розныя вёскі раёну езьдзім, нават у гарадзкія школы. Ходзім і проста па хатах, і па арганізацыях. Мая маці займаецца гэтым кожны год, то людзі ўжо ведаюць, што ладзіцца такое, сустракаюць і чакаюць, запрашаюць, каб да іх прыходзілі”.

Прыход калядоўшчыкаў здавён у беларусаў лічыўся добрым знакам. Іхных сьвяточных зычэньняў чакалі і шчодра адорвалі гасьцей. Калі чыю хату калядоўшчыкі абміналі, то гаспадар моцна крыўдаваў, успрымаў гэта як дрэннае пажаданьне сабе і сямейнікам. Таму радуйцеся, калі ў вас за дзьвярыма пачуюцца сьвяточныя сьпевы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG