Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ І БАЛЕРЫНА ПАБУДАВАЛІ “ЛЕСЬВІЦУ Ў НЕБА”


Ігар Карней, Менск

Гэта першы прыклад, калі на ўзроўні кіраўніка краіны адкрыта выказваецца ня толькі маральная падтрымка прадстаўніку асобнага жанру, а нават сыходзіць прапанова працаўладкаваньня ў Нацыянальным тэатры опэры і балету. Праўда, падобны варыянт з шэрагу прычынаў наўрад ці магчымы. На гэта сьведчыць найперш тое, што на пачатку мінулага тыдня Валачкова паехала ў пошуках працоўнай альтэрнатывы ў Лёндан, а ня ў Менск. Брытанскі ваяж прывёў у роспач міністра культуры Гуляку, які асабіста адказваў перад Лукашэнкам за гастролі Валачковай ў Менску. Аднак цягам тыдня ніякіх зьвестак пра тое, ці прыедзе яна ў Беларусь, не было. І толькі калі напярэдадні канцэрту балерына ў атачэньні аховы пад’ехала да Палацу рэспублікі, чыноўнікі ўздыхнулі з палёгкай.

Што да ўчорашняга канцэрту, то яшчэ задоўга да 21 сьнежня яго называлі няйначай як супольным праектам балерыны і прэзыдэнта. Прычым, пайшло гэта выказваньне ад самой балерыны. Напярэдадні паездкі ў Менск Валачкова казала, што ідэя сумеснага праекту разам са спадаром Лукашэнкам узьнікла даўно і мусіла быць увасобленая яшчэ ў верасьні. І ўдакладніла, што праект нарадзіўся ў кантэксьце складанасьцяў зь ейным працаўладкаваньнем, а “Лесьвіца ў неба” — спэктакль цалкам біяграфічны.

Валачкова кажа, што Лукашэнка быў першы, хто на афіцыйным узроўні падтрымаў яе ў змаганьні супраць Вялікага тэатру. “Адгукнуўся на маю бяду, — казала расейскім СМІ балерына. — На несправядлівасьць, на жорсткасьць. І папрасіў трымацца”. Галоўная несправядлівасьць з боку кіраўніцтва Вялікага тэатру, паводле Валачковай — ганебная, зь гледзішча ейных асабістых здольнасьцяў, партыя “чацьвертага лебедзя” ў “Лебядзіным возеры” Чайкоўскага. Пасьля таго, як з рашэньнем кіраўніцтва тэатру не пагадзіўся і Лукашэнка, Валачкова заявіла, што гатовая сваім мастацтвам падтрымліваць палітыку беларускага лідэра.

Сам жа Лукашэнка, дарэчы, даволі хутка мяняе артыстычныя прыярытэты: дагэтуль у ягоных фаварытах была выканаўца рускіх песень Надзея Бабкіна. Харызма Бабкінай сапраўды пасавала Лукашэнку, які таксама любіў пасьпяваць “рускія народныя” пад уласны акампанэмэнт на акардэоне. Але нечакана густы прэзыдэнта зьмяніліся, і ён захапіўся балетам. У гэтым кантэксьце згадваю, што неяк Лукашэнка казаў, што сам ён нядрэнны танцор і асабліва здорава выводзіць вальсы.

Нагадаю, што сёлета Валачкова ў Беларусі ўжо выступала: у канцы траўня яна танцавала на сцэне тэатру опэры і балету, а летам у Віцебску на “Славянскім базары”. Учора БТ расказвала, як паўгоду таму Валачковай у Менску спадабалася. Супрацоўнікі ж тэатру сьведчаць пра іншае. У прыватнасьці, што на іхнай сцэне выступалі многія выбітныя танцоўшчыкі, але чагосьці падобнага ніхто ня памятае: аховы было столькі, што не пускалі ня тое што за кулісы, а нават на працоўныя месцы... Цяпер уся балетная трупа на чале з мастацкім кіраўніком Валянцінам Елізар’евым на гастролях у Кітаі, таму ў артыстычных здольнасьцях Валачковай пакінем разабрацца кожнаму самому, тым больш, што гэта сапраўды справа густу. Але загадчыца літаратурна-драматычнай часткай тэатру опэры і балету Тацяна Аляксандрава расказала вось што:

(Аляксандрава: ) “Нашае кіраўніцтва пасьля ейнага выступу на нашай сцэне сказала: рэкляма апярэджвае ейныя дасягненьні. Пасьля спэктаклю ўсе нашы засумавалі і супакоіліся — фэномэн Валачковай расьсеяўся. Яна ж сказала, што ёй не спадабалася наша сцэна, пакрыцьцё, яна не змагла фуэтэ выканаць так, як трэба, былі памаркі. Чым яна задаецца — дык гэты агромністым крокам, шпагатам. Гэта безумоўна, так, але ў спэктаклі “Лебядзінае возера” гэта ня вельмі патрэбна. Магу сказаць, што вобразу яна не стварыла, і была аднолькавая ад першага зьяўленьня на сцэне да апошняга. У пляне артыстызму яна іграе толькі саму сябе. А на нашай сцэне яна вылучалася толькі неверагодным загарам і дыямэнтамі, якія зіхацелі на руках, на нагах, на шыі, на ілбе… У ейным візыце ў наш тэатар было столькі ўсяго нятворчага, а далёкія ад творчасьці людзі камандавалі ўсім… Мне здаецца, што ўсё гэта пасьля і на сцэне адбілася”.

Не бяруся нічога канстатаваць, але адмыслоўцы балету кажуць, што падобная ацэнка выкананьня партыі Адыліі-Адэты ў “Лебядзіным возеры” сутнасна зьнішчальная, бо балерына павінна ўвасобіць два прынцыпова розныя характары — чорнага і белага лебедзя. Таму пастфактум многія расчаравана казалі, што дарэмна аддалі ў сярэднім 50 даляраў, каб паглядзець на новую балетную дзіву. Учорашнія кошты на Валачкову, дарэчы, былі яшчэ большыя — у эквіваленце да 100 даляраў, што ёсьць абсалютным рэкордам у сёлетнім гастрольным графіку заезных артыстаў. З улікам, што канцэрт адбываўся пад фанаграму, з удзелам мінімальнай колькасьці артыстаў, відовішча атрымалася сапраўды ня з танных.

Спадарыня Аляксандрава, дзеля справядлівасьці, сказала, што ў Анастасіі Валачковай ёсьць рыса, якой бракуе беларускім артыстам: яна любіць сябе і ўмее выгадна падаць сябе ў сьвеце.

Нядаўна Валачкова выказала шкадаваньне, што не прайшла кастынг на галоўную ролю ў апошнім беларускім блёкбастэры “Анастасія Слуцкая”. Магчыма, калі б сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам наладзілася крыху раней, Валачкова са сцэны магла б скокнуць наўпрост на кінаэкран.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG