Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЗ 250 ГАДОЎ “НЯСЬВІСКАЯ САПФО” ВЯРТАЕЦЦА ЗЬ НЯБЫТУ


Валянціна Аксак, Менск

Імя яе ня знойзеш ня толькі ў школьных, але і ва ўнівэрсітэцкіх падручніках гісторыі беларускае літаратуры. З выхадам кнігазбораўскага тому беларускія чытачы займелі мажлівасьць адкрыць для сябе пісьменьніцу, якая больш за 250 гадоў таму жыла і тварыла ў нясьвіскім замку Радзівілаў.

Жанчына-пісьменьніца – гэта надзвычайная зьява для таго часу. Яна аднавіла родавую бібліятэку Радзівілаў, апекавалася нясьвіскай друкарняй, арганізавала ў замку самы яркі аматарскі тэатар на тэрыторыі Вялікага княства, рэжысэрам якога была і для якога пісала свае п’есы.

Гаворыць перакладніца і дасьледніца твораў Францішкі Уршулі Радзівіл Жана Некрашэвіч-Кароткая.

(Некрашэвіч-Кароткая: ) “Яна праявіла сябе ў самых розных галінах. Але на сёньняшні дзень мы гаворым пра яе менавіта як пра пісьменьніцу, пра аўтарку драматычных твораў. І калі распавядаць пра гэты накірунак яе творчасьці, то тут яна – сапраўдны чалавек свайго часу, эпохі Асьветніцтва. Ва ўсіх яе драматычных творах – у камэдыях, трагедыях і опэрах – праводзіцца адназначная ідэя, устаноўка на маральную перавагу жанчыны ў параўнаньні з мужчынам. Так што можна назваць яе ня толькі першай жанчынай-пісьменьніцай на тэрыторыі Беларусі, але і першай фэміністкай у гісторыі нашага прыгожага пісьменства”.

Асноўнай перашкодай, лічыць Жана Некрашэвіч-Кароткая, на шляху да беларускага чытача твораў Францішкі Уршулі Радзівіл было тое, што напісаныя яны былі, згодна з тагачаснай традыцыяй, па-польску, а таму доўгі час дасьледнікі не залічалі іх да гісторыі беларускае літаратуры. Толькі пакрысе стаўленьне да іншамоўных пісьменьнікаў, якія нарадзіліся і жылі на тэрыторыі Беларусі, пачало зьмяняцца. Ды і з усіх выдрукаваных кнігаў Францішкі Уршулі Радзівіл у Беларусі ў бібліятэцы Нацыянальнае акадэміі навук захоўваецца толькі адзін асобнік ейных “Камэдыяў і трагедыяў”. Яшчэ некалькі рукапісных вершаў захоўваецца ў нацыянальным архіве. Да таго ж асобы княскага роду, якім бы талентам яны ні валодалі, былі за савецкім часам пад забаронай. Таму толькі ў 90-ыя гады мінулага стагодзьдзя стала мажлівым дасьледаваць творчасьць Францішкі Уршулі Радзівіл. Вынікам гэтае працы і стаўся кнігазбораўскі том выбранага.

Пасьля ягонага зьяўленьня, мажліва, і беларускія тэатры зьвернуцца да спадчыны “Нясьвіскае Сапфо”. Пакуль што толькі драматург Сяргей Кавалёў напісаў пьесу “Францішка, альбо навука каханьня”, у склад якое ўключыў і адзін драматычны твор самой спадарыні Радзівіл. Гэтая п’еса была пастаўлена спачатку ў Гарадзенскім драматычным тэатры, а затым у сталічным Купалаўскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG