Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЗАВЕРШАНЫ БУДЫНАК ІРАЦКАЙ АМБАСАДЫ Ў МЕНСКУ ВЫСТАЎЛЕНЫ НА ПРОДАЖ


Валер Каліноўскі, Менск

Яшчэ сёлета ў травені на Шпалернай вуліцы ў Менску інтэнсіўна працавала будаўнічая тэхніка, будтрэст “Тэхнахімбуд” хуткімі тэмпамі узводзіў трохпавярховы будынак ва ўсходнім стылі, дзе мелася разьмясьціцца амбасада Іраку. Пад яе было адведзена каля 20 сотак у адным з самых прэстыжных раёнаў Менску. Меркавалася, што да канца году будаўнікі скончаць працы і перададуць памяшканьні дыпляматам. Былы амбасадар Іраку ў Менску Салман Зэйдан па некалькі разоў на тыдні зьяўляўся на будоўлі, кантраляваў працу. Апошнія грошы афіцыйным заказчыкам будаўніцтва фірмай “Белмэталэнэрга” былі пералічаныя будаўнікам ўжо пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна, у чэрвені.

Цяпер Салман Зэйдан пакінуў Беларусь, накіраваўшыся ў адну з арабскіх краінаў. Стары будынак амбасады, які яна арандавала побач з Арлоўскай вуліцай, зачынены і бязьлюдны, ірацкі сьцяг зь яго зьняты. Будоўля на вуліцы Шпалернай замарожаная на стадыі ўзьведзеных сьценаў, перакрыцьцяў і даху, вокнаў у будынку яшчэ няма. Зьнікла і шыльда, на якой будаўнікі звычайна пазначаюць назву аб’екта і тэрмін ягонай здачы. Шанцаў на выкарыстаньне будынку паводле ранейшага праекту няма, і заказчык будаўніцтва “Белмэталэнэрга” вырашыла выставіць незавершаную амбасаду на продаж. Гаворыць прадстаўнік заказчыка Леанід Ілюшчыц:

(Ілюшчыц: ) “У нас ёсьць два варыянты: альбо мы прадаем будынак у такім выглядзе як ёсьць, дамаўляючыся пра цану, альбо мы дабудоўваем яго, а потым зноў жа выстаўляем на продаж, альбо пакідаем сабе. Але пакуль мы вырашылі прадаць. Прапановы ёсьць – падыходзяць глядзяць, мацаюць”.

Леанід Ілюшчыц паведаміў, што завяршаць будаўніцтва паводле раней зацьверджанага праекту няма сэнсу, бо будучаму пакупніку можа не спадабацца, напрыклад, тое ж архітэктурнае аздабленьне ва ўсходнім стылі. А на гэтай стадыі яшчэ можна адкарэктаваць праект.

Заказчык хоча прадаць будынак за 1 мільён 700 тысячаў даляраў, але можа пагадзіцца і на паўтара – трэба гандлявацца, заяўкі ўжо паступаюць.

Фірма “Белмэталэнерга” вядомая сваёй актыўнай працай на ірацкім рынку да вайны, яна пастаўляла ў Ірак беларускую аўтамабільную і іншую тэхніку. Цяпер гэтыя кантракты спыненыя.

Раней Беларусь мела таваразварот з Іракам у рамках праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне” памерам каля 30 мільёнаў даляраў. Наўпростых матэрыяльных стратаў ад зьмены рэжыму ў Багдадзе для беларускіх кампаніяў няма, бо ўсе беларускія пастаўкі былі аплочаныя. Як паведамілі ў МЗС Беларусі, ніякіх магчымасьцяў і намераў для аднаўленьня ранейшых паставак зь Беларусі ў Ірак няма – прынамсі, да стварэньня новага легітымнага ірацкага ўраду. Амэрыканцы ж запрашаць Беларусь да рэканструкцыі Іраку не зьбіраюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG