Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АРЫШТ САДАМА ХУСЭЙНА ЎСПРЫМАЮЦЬ ГРАМАДЗЯНЕ БЕЛАРУСІ?


Галіна Абакунчык, Менск

Пра галоўную міжнародную падзею некаторыя мінакі нічога ня чулі й казалі, што ім цяжка нешта меркаваць наконт гэтага пытаньня. Іншыя пра арышт Садама Хусэйна выказваліся вельмі ахвотна. Вось іхныя словы:

(Юнак: ) “Злавілі й добра. Няхай яго судзяць за ўсе злачынствы, якія ён учыніў”.

(Спадар: ) “І шкада яго, але ж гэта аднойчы павінна было быць. Няхай там робяць парадак у краіне, няхай лепей жывуць”.

(Юнак: ) “Гэта добра, але павінна было быць ня так: павінная была быць воля народу, а ня нейкай адной краіны”.

(Спадар: ) “Я ня вельмі рады, бо афіцыйнае кіраўніцтва нашай краіны падтрымлівае яго як ахвяру. Ну, пакараюць яго — гэта стопрацэнтова, калі ён ужо патрапіў у рукі амэрыканцаў. Але ці правільна гэта будзе, я не судзьдзя — ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Магчыма, яго асудзяць і пажыцьцёвы турэмны тэрмін дадуць. Але за той час, які дыктатары правяць, людзям вельмі цяжка жывецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ўспрынялі гэтую навіну?”

(Спадар: ) “Нават нейкую палёгку адчуў. Зло павінна быць пакаранае. Што ж гэта будзе? І дзеці будуць гінуць, і старыя, і жанчыны, і ўсе мы бязьвінныя ў зямлю будзем класьціся нізавошта. Гэта не павінна было застацца беспакараным”.

(Спадар: ) “Ніхто і не сумняваўся, што так павінна было быць. Дыктатар, як і злодзей — павінны сядзець там, дзе павінны — у турме”.

Акрамя таго, апытаныя сёньня мінакі параўноўвалі рэжым Садама Хусэйна ў Іраку й ягоны фінал зь іншымі дэктатарскімі рэжымамі сьвету.

(Карэспандэнтка: ) “Затрымалі Садама Хусэйна. Як вы ставіцеся да такой навіны?”

(Спадар: ) “Добра зрабілі. Чаму дыктатары павінныя ставіць сябе вышэй за народ?”

(Спадарыня: ) “Канечне, гэта быў дыктатарскі рэжым і тое, што адбылося — гэта заканамернасьць. Тое, што адбывалася ў нашай гісторыі й са Сталіным, і Гітлерам — усё завяршалася гэткім жа чынам”.

(Юначка: ) “Выпадак з Садамам Хусэйнам — характэрны выпадак для ўсіх дыктатарскіх рэжымаў. Бо колькі б ён ні камандаваў у сваёй краіне, аднойчы народ перастане яго слухаць”.

(Спадар: ) “Калі ўвесь сьвет прызнае, што гэта разбэшчаны дыктатар для якога народ — пусты гук: захацеў — патруціў газам, захацеў — застрэліў на сваім паседжаньні, хіба можна такога шкадаваць? Ёсьць абаронцы, маўляў, дэмакратыя. Якая дэмакратыя? Дэмакратыя тады, калі людзі не баяцца жыць. Падобная сытуацыя і ў нашай краіне — адзінаўладзьдзе, меркаваньне людзей нічога ня вартае. Але ведаем з гісторыі: толькі адзін дыктатар, нібыта, памёр сваёю сьмерцю — я маю на ўвазе Сталіна. І тое, кажуць, што Берыя яго атруціў усё ж такі. А так, сваёй сьмерцю яны не паміралі”.

Гэтак жыхары Менску выказвалі сваё стаўленьне да галоўнай міжнароднай падзеі гэтых дзён — арышту Садама Хусэйна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG