Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРЫШТ САДАМА ХУСЭЙНА НЯ СПЫНІЦЬ ТЭРАРЫЗМУ Ў ІРАКУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы вэтэран вайны Ізраіля з Эгіптам палкоўнік Вячаслаў Пятроў уважліва сочыць за ўсімі падзеямі на Блізкім Усходзе. Вось і зараз ён не прапусьціў навіну пра арышт Садама Хусэйна, даведаўшыся пра гэта з навінаў на канале Эўраньюс. Вэтэран вітае посьпех амэрыканскіх вайскоўцаў, але ня думае, што пасьля гэтага тэрор і партызанка ў Іраку хутка скончацца.

(Пятроў: ) “Я зусім ня веру ў шчырасьць гэтых людзей. Вось зараз паказваюць, як яны святкуюць, а дзе яны былі раней? Адзін чалавек трымаў столькі мільёнаў, і дзе яны былі. І зараз, калі нехта новы зьявіцца, яны яму падпарадкуюцца і будуць усхваляць”.

Былы калега палкоўніка Пятрова, таксама вэтэран канфлікту ў Эгіпце палкоўнік Алег Хандзюшка інакш глядзіць на прычыны працягу канфлікта ў Іраку. Паводле яго, справа не ў двудушшы выхадцаў з усходу, а ў тым, што дэмакратычныя парадкі ім чужыя і яны ім ніколі не падпарадкуюцца. А што да даго, быццам Садам Хусэйн быў рухавіком супраціўленьня міжнародным вайскам ў Іраку, палкоўнік Хандзюшка ў гэтым сумняецца:

(Хандзюшка: ) “А ці быў ён лідэрам апошнім часам, ці не зьявіліся новыя, якія сапраўды кіравалі баявікамі, тэрарыстамі ці як іх назавіце”.

Палкоўнік правёў паралель з Чачэніяй у Расеі, дзе на месца забітых палявых камандзіраў паўстаюць новыя і барацьба працягваецца.

Між тым, вэтэран Алег Хандзюшка вітаў арышт Садама Хусейна, як дарэчы, усе мае суразмоўцы. Вэтэран баёў у Сырыі Мікалай Шышкін перакананы, што Хусэйну яшчэ пашанцавала, што ён трапіў у рукі амэрыканцаў, а ня быў забіты, як Чаўшэску, сваімі былымі падданымі.

(Шышкін: ) “Інакш бы не было. Альбо яго бы свой народ пазбавіў улады і зьнішчыў. Бо пры ім у Іраку ўсё было вельмі жорстка, рана ці позна гэта б скончылася паўстаньнем”.

Ці трэба судзіць Садама Хусэйна ? На гэтае пытаньне вэтэраны вайсковых канфліктаў таксама адказваюць адзінадушна – трэба. На іх думку, гэта мусіць быць суд не міжнародны, а ірацкі, і Садам Хусэйн мусіць адказваць не за баявыя дзеяньні супраць амэрыканцаў і іх хаўрусьцнікаў, а за тыя злачынствы, якія ён зрабіў супраць ірацкага народу. Мікалай Калінін, які таксама служыў на Блізкім Усходзе, кажа:

(Калінін: ) “Я супраць гэтых фарсаў кшталту суду над Мілошавічам. Хусэйна мусіць судзіць толькі ірацкі суд, нам гэтыя двайныя падыходы ўжо надакучылі”.

А вось вядомы палітык Сяргей Гайдукевіч, які у 80-ыя гады быў вайсковым саветнікам у Іраку, лічыць інакш. Ён мяркуе, што суд над Хусэйнам павінен быць міжнародным:

(Гайдукевіч: ) “Ні ў якім разе ня можа быць суд аднабаковым, нейкай адной краіны. Як і вырашэньне праблемы у Іраку магчыма толькі сумеснымі намаганьнямі, гэтак і працэс над Садамам –сумесны. Мяркую, і амэрыканцы на гэта пойдуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG