Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ ПРА ЗАТРЫМАНЬНЕ ХУСЭЙНА: “ХАЦЕЎ УВАЙСЬЦІ Ў ГІСТОРЫЮ ВЯЛІКІМ І ЖАХЛІВЫМ, А ЎВАЙШОЎ ТОЛЬКІ ЖАХЛІВЫМ І ВАРТЫМ ЖАЛЮ”


Ігар Карней, Менск

З улікам, што друкаваныя СМІ не такія мабільныя і паведамяць пра арышт Садама Хусэйна ў найлепшым выпадку толькі ў панядзелак, здавалася, што місію інфармаваньня цалкам лягічна возьме на сябе тэлевізія. Але, мяркуючы з учорашняга дня, значная частка беларусаў пра падрабязнасьці затрыманьня Садама Хусэйна ўвогуле нічога ня ведае.

З чатырох беларускіх тэлеканалаў, якія ў рознай ступені ахопліваюць тэрыторыю краіны, толькі адзін, “Першы нацыянальны”, пад канец свайго нядзельнага выпуску з новым назовам “У цэнтры ўвагі” паведаміў пра затрыманьне Хусэйна. Арышт Хусэйна, праўда, не апынуўся “ў цэнтры ўвагі”, а вядучы ў дастаткова зьедлівай манеры паведаміў: маўляў, ажно 600 спэцназаўцаў былі кінутыя, каб затрымаць аднаго старога чалавека, падобнага на Хусэйна. Іншымі словамі, журналістам падаецца сумнеўнай вэрсія, што затрыманы сапраўды Садам Хусэйн. Дарэчы, сам сюжэт не заняў і трох хвілінаў, а выснова была зробленая такая: “Бліскучая” апэрацыя толькі ўзаконіла “прапагандысцкую карцінку” (колькасьцю “пяць кадраў”), якую круцяць усе тэлеканалы сьвету.

З улікам, што расейскія тэлеканалы ў Беларусі ня “ловяцца” альбо з тэхнічных прычынаў, альбо зьліквідаваныя на карысьць тэлеканалу “Лад”, галоўнай усясьветнай навіны многія беларусы проста не заўважылі. Прынамсі, у выніковым блёку “Сталічнага тэлебачаньня” (СТВ) і каналу “Лад” гэтай інфармацыі не было ўвогуле, а аналітычная праграма ОНТ “Контуры” больш за 15 хвілінаў распавядала пра візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сырыю — дарэчы, менавіта Сырыю краіны антысадамаўскай кааліцыі абвінавачвалі ў дапамозе ірацкаму рэжыму, а Сырыя дагэтуль выступае супраціўнікам акупацыі Іраку.

Аднак пэўная частка людзей усё ж мае доступ да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі — спадарожнікавага тэлебачаньня, кабэльнага і г.д. Безумоўна, лідэрам у асьвятленьні сытуацыі вакол затрыманьня Хусэйна можна лічыць канал “Эўраньюс”: падзеі падавался практычна безь перапынку, у рэжыме “live”. Ды практычна ўсе замежныя каналы пасунулі з інфармацыйнага вяшчаньня астатнія навіны, аддаючы прыярытэт падзеям блізу Тыкрыту.

У мяне, прыкладам, трансьлюецца турэцкі спадарожнікавы канал “TRT Int”. Турэччына, як вядома, мае надзвычай вялікі ўплыў у рэгіёне, і паводле прыкладу “Эўраньюс”, ірацкая тэма цягам усёй нядзелі была прыярытэтная. Зрэшты, падзея гэтая адбілася на працы бальшыні журналістаў сьвету. Шасьцігадзінны выпуск польскага тэлеканалу “TV Polonia” быў цалкам прысьвечаны Іраку. Яшчэ адзін польскі канал, “TV4”, вёў перадачы пад рубрыкай: “Ірак: 35 год тэрору”. Тое ж тычыцца і шматлікіх расейскіх тэлеканалаў. Прыкладам, рэдакцыя спадарожнікавай тэлевізіі “RTVI” з нагоды затрыманьня Хусэйна наладзіла тэлемост з удзелам амэрыканскіх, ізраільскіх і расейскіх аналітыкаў.

Адзначу, што нядзеля — час інфармацыйна-аналітычных праграмаў, якія абагульняюць падзеі ўсяго тыдня. Дык тыя ж расейскія каналы, якім, пэўна, важней было бы абагульніць вынікі выбараў у Дзярждуму, усё ж распачалі выпускі інфармацыяй пра Ірак, а ўжо пасьля рабілі геапалітычныя высновы, зьвязаныя з наступствамі зьмены ўлады ў Грузіі і сьмерцю былога прэзыдэнта Азэрбайджау Гейдара Аліева. Дый увогуле настрой расейскіх электронных мас-мэдыяў быў сфармуляваны ў адным зь сюжэтаў на РТР: “Садам Хусэйн хацеў увайсьці ў гісторыю вялікім і жахлівым, а ўвайшоў толькі жахлівым і вартым жалю”.

Адрозна ад расейскіх калегаў, беларускі вядучы “Першага каналу” не рабіў ніякіх высноваў, а ў часе непрацяглага расповеду спасылаўся толькі на паведамленьні замежных навінавых стужак. Праўда, адрозна ад тэлеканалаў нават найбліжэйшых краінаў, беларускае тэлебачаньне ня мае сваіх карэспандэнтаў у Іраку і робіць усе высновы проста ў студыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG