Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ НАЦБАНКУ ЛІЧАЦЬ ПЫТАНЬНЕ ПРА БЕЗНАЯЎНЫ РАСЕЙСКІ РУБЕЛЬ У БЕЛАРУСІ ПАКУЛЬ НЕАКТУАЛЬНЫМ


Юлія Шарова, Менск

Паводле статыстыкі Нацбанку, за дзесяць месяцаў гэтага году абменны курс беларускага рубля ў адносінах да даляра зьнізіўся прыкладна на 11%. Гэта лепей, чым прагназавалася. А вось дэвальвацыя да расейскага рубля склала 18% — тут Нацбанк ня выканаў прагнозных паказьнікаў: дэвальвацыя да гэтай валюты сёлета павінна была скласьці ня болей за 9%.

Першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Мікалай Лузгін тлумачыць гэта тым, што расейскі рубель сёлета нечакана ўзмацніў свае пазыцыі й перастаў абясцэньвацца настолькі хутка. А вось даляр, наадварот, хістаецца. На думку спадара Лузгіна, у пэрспэктыве трэба зусім адмаўляцца ад нейкіх прагнозных паказьнікаў, прывязаных да замежных валютаў.

(Лузгін: ) “У нас ёсьць уласная нацыянальная валюта, яе трэба шанаваць — па-першае. Па-другое, ёсьць агульнапрынятая мэтодыка. Той жа рост грашовых прыбыткаў мы можам папросту лічыць паводле індэксу рэальных прыбыткаў насельніцтва. І напэўна гэта пакажа больш рэальную карціну, чым рост прыбыткаў, скажам, у далярах”.

Былы кіраўнік Нацбанку, эканаміст Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што наўрад ці можна адмаўляцца ад суадносінаў зь цьвёрдай валютай, калі гаворка ідзе пра нейкія эканамічныя паказьнікі краіны.

(Багданкевіч: ) “Мы можам ацэньваць якраз у далярах, бо даляр абапіраецца на эканоміку, валавы ўнутраны прадукт якой перавышае 10 трыльёнаў даляраў. Гэта ж ня 10 мільярдаў, як у Беларусі”.

На думку спадара Багданкевіча, ацэнка можа адбывацца менавіта ў далярах, бо гэтая валюта на сёньняшні дзень пануе ў зьнешніх разьліках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG