Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ Ў БЕЛАРУСІ ПРАЦЯГВАЮЦЬ АДЗНАЧАЦЬ СЬВЯТА КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: палітолягі Ўладзімер Роўда і Ўладзімер Мацкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Антыкамуністычная рэвалюцыя, якая на мяжы 1980–90-х гадоў разбурыла камуністычную сыстэму, ліквідавала альбо моцна зьмяніла былыя савецкія сымбалі, у тым ліку і савецкія сьвяты. Напрыклад, у Расеі дзень 7 лістапада застаўся сьвятам. Але ён называецца там Днём згоды і прымірэньня. У Беларусі ж, адзінай у СНД краіне, гэтае сьвята адзначаюць як Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Трэба нагадаць, што ў Беларусі захаваліся амаль усе савецкія сьвяты: 8 сакавіка, 1 Мая, Дзень Перамогі. Савецкія сымбалі захаваліся і ў сьцягу, і ў гербе, і ў гімне, і ў назвах вуліцаў, помніках і іншым. У чым прычыны такой трываласьці савецкіх традыцыяў: у грамадзкай сьвядомасьці ці ў мэтанакіраванай палітыцы ўладаў? І чаму ўлады так упарта трымаюцца менавіта за савецкае мінулае?

(Уладзімер Роўда: ) “На маю думку, гэта даніна таму выбару, які быў зроблены Лукашэнкам у 1994 годзе. Тады здавалася, што распад СССР — гэта нейкая часовая зьява, вынік нейкай змовы. І хутка ўсё вернецца назад у Расеі, іншых краінах. Тады Лукашэнка, які захавае ў Беларусі старую сыстэму, будзе наперадзе ўсяго гэтага працэсу рэстаўрацыі. Цяпер высьветлілася, што гэтыя перакананьні былі памылковыя. Сьвет рухаецца ў іншым кірунку, да постіндустрыйнага, постмадэрнісцкага грамадзтва. А ў Беларусі захавалася дзяржаўная эканоміка, цэнтралізацыя ды іншае. Гэтыя чыньнікі адыгрываюць не функцыянальную, а дысфункцыянальную ролю.

Тое, што ўлады ў Беларусі моляцца ўсё тым жа багам, я магу патлумачыць тым, што яны арыентуюцца на той жа электарат, які выхоўваўся ў савецкі час, прызвычаіўся да гэтых сымбаляў. Таму старыя ідэалягемы захоўваюцца. Але, мяркую, не на доўгі час. Таму што гэта ўспрымаецца нэгатыўна і на Захадзе, і ў Расеі”.

(Уладзімер Мацкевіч: ) “У мяне два тлумачэньні: мэтафізычнае і актуальна палітычнае. Што тычыць другога, то пагадзіўся б з тым, што казаў Роўда. А вось наконт мэтафізычнага тлумачэньня. Давайце паглядзім на шматстагодзьдзевую гісторыю Беларусі. Мы былі апошняй паганскай краінаю ў Эўропе. У нас да 18 — пачатку 19 стагодзьдзяў у філязофіі захоўвалася нэасхалястыка, у той час як у Эўропе яна зьнікла 200 гадоў да таго часу. Напэўна, ёсьць нешта такое ў нашай мясьціне, што спрыяе стабільнаму кансэрватызму, які захоўваецца з стагодзьдзя ў стагодзьдзе. Таму і сёньня Беларусь апошняя савецкая краіна і сярод эўрапейскіх краінаў, і нават сярод дзяржаваў СНД.

Лукашэнка — закладнік таго, што ён рабіў раней. Сказанае намі слова вымушае нас працягваць рабіць тое, аб чым гаворым. Ён дзевяць гадоў таму прыходзіў да ўлады з гэтымі лёзунгамі, таму цяпер вымушаны іх паўтараць. Хоць можа і ня так апантана, як гэта рабілася раней. Таму Лукашэнка паўтарае старыя лёзунгі, сьвяткуе старыя сьвяты, але зь меншай ахвотай. Але куды дзецца? Даводзіцца рабіць тое, што дакляраваў раней”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, у Беларусі захаваліся асноўныя элемэнты савецкай сыстэмы. І апэляцыя да савецкага мінулага надае сілу цяперашняму палітычнаму рэжыму. Ідэя сацыяльнай справядлівасьці, як галоўная ў палітыцы беларускай дзяржавы, чарговы раз выразна прагучала падчас нядаўняй дыскусіі на НТВ. Фактычна Лукашэнка манапалізаваў усё левае палітычнае поле Беларусі. І, здавалася б, камуністам тут няма чаго рабіць. Тым ня менш, тут актыўна дзейнічае апазыцыйная Партыя камуністаў беларуская на чале з Калякіным. Як доўга будзе ўдавацца Лукашэнку гуляць на гэтым полі? І ці ёсьць тут нейкія абмежаваньні: час альбо памеры электарату?

Спадар Мацкевіч адзначыў, што калі Лукашэнка стаў у гэтую каляю, то ён зь яе ўжо ня можа выскачыць. Але ж, зь іншага боку, кіраўнік Беларусі — даволі кан’юнктурны палітык. Ён рэагуе на сытуацыю, моцна адчувае настроі грамадзтва. Таму ці можа наступіць такі час, калі Лукашэнка памяняе ідэйную аснову свайго рэжыму?”

(Роўда: ) “Мне здаецца, што мяняць яму сваю духоўную ці ідэйную аснову даволі цяжка. Таму што ён дзіця свайго часу, выхоўваўся у савецкі час, успрымаў сьвет скрозь прызму гэтых ідэалягемаў, якімі ён цяпер сілкуецца.

Акрамя таго, ва ўладзе знаходзіцца эліта, якая выхоўвалася ў аграрным альбо індустрыяльным грамадзтве. І гэтая ідэалёгія ёсьць для іх нечым родным. Я не ўяўляю сабе Лукашэнку ва ўмовах вольнай рынкавай эканомікі, палітычнага плюралізму. Таму што гэтая эліта, якая дарвалася да ўлады ў краіне, ня здольная да канкурэнцыі. Таму яна штучна захоўвае гэтую ідэалёгію, з дапамогаю якой можна ўсё трымаць у сваіх руках. У іншай сыстэме гэтым людзям няма чаго рабіць. Таму яны кансэрвуюць сытуацыю. Сьвет развіваецца вельмі хутка. А Лукашэнка ня здольны разумець гэтых працэсаў і адпаведным чынам рэагаваць на зьмены”.

(Карбалевіч: ) “Я згодны з тым, што Лукашэнка ня здольны разумець нейкіх аб’ектыўных працэсаў разьвіцьця. Але ж, здаецца, ён вельмі здольны рэагаваць на электаральную сытуацыю ўнутры краіны”.

(Мацкевіч: ) “Мне здаецца, што Лукашэнка ўсё ж такі памяняўся. Цяпер ён больш арыентаваны на, так бы мовіць, нацыяналізм, па-свойму зразуметы. Ён сапраўды вымушаны лічыцца і з электаратам, які яго падтрымлівае, і з той элітай, на якую ён абапіраецца.

Разам з Лукашэнкам да ўлады прыйшоў пэўны сацыяльны слой, які выхоўваўся яшчэ нават у даіндустрыяльны час, у Беларусі аграрнай. Гэтыя людзі нясуць тую ідэалёгію, якая выяўляецца ў кансэрватыўнай савецкасьці. Канечне, гэта ўжо не камуністычная ідэалёгія, а проста кансэрватыўная. А тая эліта, на якую вымушаны абапірацца Лукашэнка, ня гнуткая, ня здольная да эвалюцыі. І таму нават дзяржаўная ідэалёгія, якая цяпер распрацоўваецца, абапіраецца на гэты савецкі кансэрватызм. Незадаволенасьць рэформамі, якія адбыліся ў Расеі, можа выяўляцца па-рознаму, у тым ліку і ў кансэрватыўных тэзах савецкасьці.

Мы нібыта захоўваем незалежнасьць і ўмацоўваем дзяржаўнасьць на недзяржаўніцкіх ідэалягемах. Такая парадаксальная сытуацыя складаецца ў тых, хто сьпазьніўся адпавядаць тым сучасным тэндэнцыям, аб якіх казаў Роўда”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы працягнуць думку наконт таго, што пэўныя зьмены ў краіне адбываюцца. Вядома, што 9 траўня Дзень Перамогі сьвяткуецца ў Беларусі вельмі пампэзна. І наадварот, апошнія гады 7 лістапада не адбываецца афіцыйнага сьвяткаваньня на вуліцах. Усё абмяжоўваецца сьціплым урачыстым паседжаньнем, на якім Лукашэнка не прысутнічае. Дзьвюм камуністычным партыям дазваляюць толькі ўскласьці кветкі да помніку Леніна. А іншыя ўрачыстыя мерапрыемствы прапануюць ладзіць на плошчы Бангалор.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што афіцыйнае віншаваньне кіраўніка дзяржавы народу з нагоды сьвята ў гэтым годзе было больш стрыманым, чым у мінулыя гады, калі падкрэсьлівалася велізарнае значэньне Кастрычніцкай рэвалюцыі для беларускага народу.

Чым тлумачыцца такая стрыманасьць у сьвяткаваньні гэтай даты? Разуменьнем таго, што апэляцыя да савецкага мінулага пачынае траціць былую палітычную сілу? Ці курс на ізаляцыю вымагае шукаць нейкіх іншых крыніцаў і ідэяў для стварэньня дзяржаўнай ідэалёгіі?”

(Роўда: ) “Мне здаецца, пэўныя захады былі зробленыя, калі Лукашэнка абвесьціў сваю дзяржаўную ідэалёгію. У гэтай вельмі недарэчнай супярэчлівай канцэпцыі ўсё ж робяцца нейкія захады, каб адшукаць сваё месца, каб знайсьці нейкую ідэю, адэкватную таму стану, у якім мы апынуліся.

Калі Лукашэнка ішоў да ўлады, ён абяцаў вярнуць усё, што было раней. Здаецца, яшчэ ў 1998 годзе ён казаў, што мы абяцаем народам СССР рэстаўраваць Савецкі Саюз. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Роля камуністычных ідэяў адышла ў нябыт. І ў Беларусі захоўваюцца толькі рэшткі гэтых ідэяў.

Таму робіцца спроба пабудаваць нейкую новую ідэалёгію, дзе марксізм-ленінізм быў бы толькі адной складовай часткай. І гэтая мяшанка ня ёсьць нацыянальнай ідэалёгіяй, якая патрэбная нашай незалежнай дзяржаве. Таму мы апынуліся ў такім прамежкавым стане”.

(Мацкевіч: ) “Я, напэўна, не з усімі тэзамі пагадзіўся б. Я згадваю сьвяткаваньне юбілею камсамолу, якое адбылося амаль тыдзень таму, 29 кастрычніка. Гэтая падзея сьвяткавалася з помпай, з удзелам Лукашэнкі. То бок, адбывалася якраз тое, чаго не адбываецца цяпер, падчас сьвяткаваньня Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.

З гэтага параўнаньня вынікае, што Лукашэнка — не ідэаліст. Ён абыякавы да ідэяў. Ідэі яго цікавяць настолькі, наколькі ён можа спадабацца людзям, маніпуляваць электаратам. Сёньня вэтэранаў Кастрычніцкай рэвалюцыі не засталося. І Лукашэнка ня можа апэляваць да іх. Гэтая падзея ўжо мала каго вабіць. А людзей з камсамольскім мінулым засталося шмат. І гэта людзі ў актыўным узросьце: 30, 40, 50 гадоў. Таму Лукашэнка і апэляваў да іхнага камсамольскага мінулага, досьведу. Той жа прыклад з вэтэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Іх яшчэ засталося шмат, таму Дзень Перамогі сьвяткуецца маштабна. І пакуль Лукашэнка будзе знаходзіць тыя прывабныя для беларусаў ідэі, якія ён сам разумее, ён будзе іх эксплюатаваць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, з аднаго боку, відавочнае імкненьне ўлады да кансэрвацыі элемэнтаў савецкай сыстэмы ў грамадзкім жыцьці. Зь іншага боку, робяцца спробы шукаць нейкіх іншых ідэалягічных падмуркаў дзеля захаваньня ўлады. А для большасьці грамадзян 7 лістапада — проста яшчэ адзін выходны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG