Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎТАРЫ “СВАБОДЫ СЛОВА” НЕ ДАВАЛІ ЗГОДЫ НА РЭТРАНСЬЛЯЦЫЮ СВАЁЙ ПРАГРАМЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Аўтары “Свабоды слова” заяўляюць, што не давалі згоды на адвольную трактоўку сваёй праграмы беларускімі тэлеканаламі. А кіраўніцтва НТВ кажа, што ня мае прэтэнзіяў да сваіх беларускіх калегаў.

Упершыню “Свабоду слова” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі жыхары Беларусі пабачылі ў мінулую пятніцу, на расейскім тэлеканале НТВ. Яе паўтор — у суботу і нядзелю — па айчынных тэлеканалах ОНТ і СТВ. Але гэта была ўжо зусім іншая перадача пад умоўнай назвай “Адзін супраць каманды”. Вось як яе пракамэнтавала адна з удзельніцаў запісу, журналістка незалежнай газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак:

(Манёнак: ) “Я не змагла нават гэтага глядзець, бо я сама была сьведкам гэтай праграмы, сама ўсё гэта бачыла і чула — і раптам усё гэта пад такім ціскам прапагандысцкім падаецца. Нават назва “Адзін супраць каманды” — гэта ўжо ня так. Такі ўхіл ідэалягічны зроблены, што я проста не магу ўжо беларускага тэлебачаньня глядзець”.

Прыкладна гэткага ж меркаваньня прытрымліваецца й яшчэ адна ўдзельніца праграмы, журналістка “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна. Галоўны рэдактар газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч налічыў каля дзясятка выпадкаў цэнзарскай праўкі ў беларускім варыянце “Свабоды Слова”.

Аднак паводле аўтараў, пра гэткую інтэрпрэтацыю сваёй праграмы беларускімі калегамі ім нічога не вядома. Гаворыць прадусар Ігар Зімакоў:

(Зімакоў: ) “Асабіста я як шэф-рэдактар магу сказаць, што мне пра гэта нічога невядома. Спрабую датэлефанавацца да Менску, але пакуль беспасьпяхова. Ні я, ні Савік ня маем права прымаць нейкія рашэньні. Гэта права толькі кіраўніцтва кампаніі”.

Але кіраўніцтва кампаніі ў асобе намесьніка кіраўніка кампаніі НТВ Аляксандра Герасімава заяўляе, што касэту з запісам праграмы пакінулі на ОНТ на дабрачыннай аснове з поўным правам яе выкарыстаньня. Ніякіх прэтэнзіяў да сваіх калегаў яны ня маюць, — кажа Аляксандар Герасімаў.

(Герасімаў: ) “Паводле дамоўленасьцяў перадалі касэту”.

(Карэспандэнтка: ) “Умовы выкарыстаньня неяк абгаворвалі?”

(Герасімаў: ) “Не”.

(Карэспандэнтка: ) “Выходзіць, што аўтарскую праграму выкарысталі паводле ўласных патрэбаў”.

(Герасімаў: ) “Атрымліваецца так”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы нейкія прэтэнзіі маеце дасваіх калегаў у зьвязку з гэтым выпадкам?”

(Герасімаў: ) “Не. Абсалютна”.

Рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч гісторыю з праграмай “Свабода слова” ў Беларусі пракамэнтаваў так:

(Сярэдзіч: ) “З арганізацыяй запісу перадачы — як гэта было выкарыстана і адным, і другім бокам — я зрабіў выснову: і беларускі кіраўнік, і аўтары праграмы, і каманда Чубайса думалі не пра свабоду слова, не пра паляпшэньне беларуска-расейскіх стасункаў, а пра свае ўласныя інтарэсы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG