Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРОКІ ГАЛАДОЎКІ Ў ВАЎКАВЫСКУ


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Галадоўка такой вялікай колькасьці людзей і такі працяглы час — зьява незвычайная для Беларусі. Таму нашае радыё надавала гэтай падзеі такую пільную ўвагу. І вось цяпер галадоўка скончылася. Кіраўніку фірмы Мікалаю Аўтуховічу вяртаюць канфіскаваныя таксоўкі, што было галоўным патрабаваньнем галадоўнікаў. Ці можна лічыць гэта пермогай кіроўцаў таксовак і іх кіраўніка, хоць частковай перамогай?”

(Ягор Маёрчык: ) “Я мяркую, што гэтае пытаньне трэба падзяліць на дзьве часткі. Тое, што аўтамабілі вяртаюць — гэта ёсьць перамогай кіроўцаў. Бо людзям вяртаюць працу. Застаецца толькі аднавіць ліцэнзію, якую часова прыпыніла Міністэрства транспарту. Для Мікалая Аўтуховіча і ягонай партнэрскай фірмы — гэта толькі прамежкавая перамога. Наступны крок — аднаўленьне ліцэнзіі. Потым яны зьбіраюцца рабіць пазоў у суд аб скасаваньні апошняга рашэньня падатковай інспэкцыі. Нагадаю, яна налічыла фірме Аўтуховіча штрафных санкцыяў на 274 мільёны рублёў.

І наступным пунктам яны зьбіраюцца патрабаваць праз суд кампэнсацыі маральных і матэрыяльных стратаў у падатковай інспэкцыі. Больш таго, разглядаецца пытаньне аб судовым пазове да тэрытарыяльнага мэдычнага аб’яднаньня Ваўкавыскага раёну. Рэч у тым, што Ваўкавыскі райвыканкам даў загад міліцыянтам і мэдыкам як меней кантактаваць з галадоўнікамі. Па законе, калі чалавек уступае ў галадоўку, яму гарантаваны пільны мэдычны нагляд. Тут было зусім па-іншаму. Гэтыя людзі ня мелі належнай мэдычнай дапамогі”.

(Сяргей Балыкін: ) “Гэтая перамога лякальная. Далей падзеі могуць разьвівацца так. Магчыма, гэтыя аўтамабілі вернуць. Магчыма, будзе выйграны пазоў да падатковай інспэкцыі, і санкцыі ў адносінах да Аўтуховіча будуць адмененыя. Але ж далейшага разьвіцьця гэтая тэндэнцыя не атрымае”.

(Карбалевіч: ) “Канфлікт паміж дзяржавай і недзяржаўным сэктарам эканомікі ў Беларусі мае доўгую гісторыю і адбываецца бесьперапынна. У большасьці выпадкаў гэтая барацьба ідзе па аднолькавым сцэнары. Улады ўвесь час наступаюць на інтарэсы бізнэсоўцаў, а апошнія абураюцца, час ад часу арганізуюцца на публічны пратэст, але ўрэшце саступаюць. Як казаў старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа, прадпрымальнікі здольныя вясьці толькі ар’ергардныя баі.

І вось цяпер у Ваўкавыску гэтая традыцыя парушылася. Улады адступілі перад арганізаванасьцю, салідарнасьцю наёмных работнікаў і гаспадара, упартасьцю і нават зацятасьцю людзей. Інакш кажучы, улады адступілі перад сілаю. На фоне ня вельмі ўдалых для прадпрымальніцкага руху вынікаў папярэдніх канфліктаў зь дзяржаўнымі структурамі, галоўны ўрок галадоўкі ў Ваўкавыску можа быць такі: гэта ня ўлады моцныя, гэта рух супраціву слабы. І калі ўлады сустракаюцца з рашучым і ўпартым пратэстам, то вымушаныя саступіць. Ці згодныя вы з такою высноваю?”

(Маёрчык: ) “Я часткова пагаджуся з такою высновай. Рэч у тым, што ўлады саступілі ня толькі таму, што галадавала 30 чалавек і людзі траплялі ў шпіталь. Улады ў значнай ступені саступілі таму, што бальшыня насельніцтва Ваўкавыску былі на баку галадоўнікаў. У горадзе 55 тысяч насельніцтва. Грмадзкі транспарт тут рэдкі, і праблематычна дабрацца з адной кропкі ў іншую. Таксоўкі Аўтуховіча каштавалі досыць танна. І людзі часта імі карысталіся. Калі фірму “Радыё-таксі” зачынілі, гэта фактычна паралізавала рух у горадзе. Такія нязручнасьці ў горадзе стварылі аднастайную думку насельніцтва Ваўкавыску да гэтага канфлікту. Людзі тэлефанавалі, прыходзілі, пыталіся, чым можна дапамагчы.

Улады саступілі яшчэ і таму, што канфлікт выйшаў за межы Ваўкавыску. Ён перастаў быць лякальным канфліктам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэты канфлікт знаходзіцца на кантролі ў рэспубліканскай пракуратуры. Учора тут зьявіўся сьледчы абласной пракуратуры.

Яшчы адзін чыньнік. Калі б акцыя Аўтуховіча і яго паплечнікаў набыла палітычны зьмест, яму б цяжэй было дасягнуць сёньняшніх мэтаў. Ён з самага пачатку сказаў, што гэта выключна эканамічны канфлікт. Гэтая акалічнасьць не адштурхнула тую ж пракуратуру”.

(Балыкін: ) “Па-першае, яшчэ раз падкрэсьлю, што гэтая перамога лякальная. Адзін прадпрымальнік у канфлікце з уладаю здолеў абараніць свае правы. Але ў маштабах краіны клімат для прадпрымальнікаў становіцца ўсё горшым. Гэта адзінкавы выпадак. Такія выпадкі можна пералічыць па пальцах. Што тычыцца мэтаду, які выкарысталі кіроўцы ў Ваўкавыску. Гэта жудасна, што прадпрымальнік і ягоныя работнікі вымушаныя бараніць свае правы такім чынам. Яны не спадзяваліся на суд, бо там цяжка знайсьці справядлівасьць. Яны вымушаныя ладзіць публічную акцыю з шкодаю для свайго здароўя”.

(Карбалевіч: ) “У працяг думкі адносна сродкаў адстойваньня сваіх інтарэсаў. Галадоўка ў Ваўкавыску высьвеціла яшчэ адну праблему: барацьба за інтарэсы асобных сацыяльных слаёў усё больш набывае, так бы мовіць, неінстытуцыйныя формы. У нармальных краінах насельніцтва адстойвае свае інтарэсы з дапамогай выбараў, дэпутатаў, стварэньня розных няўрадавых арганізацыяў, узаконенай сыстэмы лабізму і інш.

У беларускім жа грамадзтве такія формы заблякаваныя дзяржаваю, таму разьвіваецца і ўзмацняецца тое, што я б назваў сілавым сындромам. Гэта значыць, што грамадзяне адстойваюць свае інтарэсы з дапамогаю галадовак, страйкаў, шэсьцяў, пікетаў і іншых публічных акцыяў пратэсту. Такія грамадзкія настроі даюць цяпер пэўны эфэкт, але яны небясьпечныя для дэмакратычнай будучыні краіны. Замест актыўнага ўдзелу ў выбарах, людзі арганізуюць пратэст, толькі калі іх прыціснуць. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую сытуацыю?”

(Балыкін: ) “Працуе тое, што працуе. Калі ў гэтай дзяржаве з уладаю немагчыма размаўляць на прававой мове, то прадпрымальнікі ды іншыя сацыяльныя слаі вымушаныя выкарыстоўваць нетрадыцыйныя мэтады абароны сваіх правоў. Такая ў нас улада. Але калі такія мэтады спрацоўваюць, чаму ж імі не скарыстацца? Галадоўка дае пэўны эфэкт, хоць невялікі. Перамовы ж увогуле не даюць плёну”.

(Маёрчык: ) “Зразумела, галадоўка не стасуецца з нармальнымі сродкамі адстойваньня інтарэсаў людзей. Але я пагаджуся з спадаром Балыкіным, што дзейнічаць трэба тымі мэтадамі, якія прыносяць плён. Аўтуховіч спрабаваў вырашыць гэтае пытаньне, так бы мовіць, “мірным” шляхам. Але гэта не атрымалася, і ён абвясьціў галадоўку. І ўлады былі вымушаныя пайсьці на саступкі. Людзі ўбачылі, што такія мэтады, як звароты ў райвыканкам, звароты да дэпутата, які прадстаўляе інтарэсы насельніцтва Ваўкавыскага раёну, неэфэктыўныя. Яны вырашылі прыцягнуць да сябе ўвагу такім чынам. І ёсьць вынік”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы закрануць яшчэ адну тэму: пытаньне аб грамадзкай салідарнасьці. Спадар Маёрчык апавядаў, што шмат людзей у Ваўкавыску падтрымлівалі галадоўнікаў. Вядома, што спадар Аўтуховіч аказваў матэрыяльную падтрымку значнай колькасьці ўладных і грамадзкіх структураў. Але цяпер, калі Аўтуховіч трапіў у бяду, той жа старшыня Ваўкавыскага райвыканкаму заявіў, што ня можа лабіяваць інтарэсы прыватнай структуры. Зразумела, што гуманітарная дапамога таму і называецца гуманітарнай, што не патрабуе ўзнагароды ў адказ. Тым ня менш, маральная падтрымка людезй, якія табе дапамагалі — гэта элемэнт грамадзянскай салідарнасьці, калі шырэй казаць, грамадзянскай супольнасьці. Як бы вы ацанілі грамадзкую салідарнасьць?”

(Маёрчык: ) “Самую вялікую салідарнасьць выявілі простыя людзі, якія тэлефанавалі, падтрымлівалі. Тут у Ваўкавыску прасьцей назваць тыя арганізацыі, якім Аўтуховіч не дапамагаў. Я маю інфармацыю, што, напрыклад прадстаўнікі дзіцячага дому патэлефанавалі й выказалі сваю падтрымку. Мясцовы праваслаўны сьвятар сказаў, што я буду за вас маліцца. Іншыя арганізацыі, наколькі я ведаю, схаваліся. Можа ў неафіцыйных кантактах яны і аказвалі падтрымку. Але каб афіцыйна прыйсьці і заявіць — гэтага не было.

Самае дзіўнае, што на сямнаццаты дзень галадаваньня Аўтуховіча і кіроўцаў прыйшоў ліст з Ваўкавыскага райвыканкаму, у якім яго ў чарговы раз прасілі дапамагчы ў правядзеньні нейкага культурна-масавага мерапрыемства. Калі б Аўтуховіч не дапамагаў, ён проста ня змог бы разгарнуцца тут у Ваўкавыску. Таму вынікае, што гэтая дабрачынная дапамога дзяржаўным і грамадзкім арганізацыям ёсць абавязковай умовай разьвіцьця бізнэсу ў Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Цікавая апошняя выснова. Але я хацеў бы зьвярнуць увагу вось на што. Падтрымка ў канфлікце мае эфэкт і ўплывае на яго вынік тады, калі яна публічная. Тэлефанаваньне з падтрымкаю — гэтага ў дадзеным выпадку мала. У гэты момант якраз патрабавалася публічная падтрымка.

Галоўны ўрок галадоўкі кіроўцаў таксовак у Ваўкавыску ў тым, што за свае правы трэба змагацца. Іншае пытаньне — формы і сродкі змаганьня. Ненармальная грамадзкая сыстэма вымагае і не зусім звычайных сродкаў. Любая сыстэма стварае свае правілы гульні, якія бываюць вельмі далёкія ад нормаў дэмакратычных краінаў. Але гэта не віна тых людзей у Ваўкавыску, якія ў надзвычай цяжкіх умовах змаглі адстаяць свае правы. З чым іх і віншуем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG